Урачыстасць, прысвечаная Дню народнага адзінства, адбылася ў Слуцкім гарадскім Доме культуры. Да прысутных на святочным мерапрыемстве звярнуўся старшыня Слуцкага райвыканкама Уладзімір Гога.
–  Сёння Слуцкі раён разам з усёй Беларуссю адзначае дзяржаўнае свята – Дзень народнага адзінства. Заснаваны ў памяць аб пераломнай і знакавай падзеі ў лёсе нашай краіны – уз’яднанні Усходняй і Заходняй Беларусі, ён аднаўляе сувязь часоў і пакаленняў, сцвярджае непарушнасць тэрытарыяльнай цэласнасці Радзімы, услаўляе згоду і яднанне беларусаў.

Даказвае, што ўсе мы, людзі розных узростаў і нацыянальнасцяў, сацыяльнага статусу і адукацыі, перакананняў і веравызнанняў, з’яўляемся адзіным народам з агульнай гісторыяй і агульнай будучыняй. У такія значныя, як гэты, дні, мы ўспамінаем ваенны і працоўны подзвіг продкаў, гераізм і самаахвяраванне савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Бо ў нашым спакойным паўсядзённым жыцці, будзённых справах няма, на першы погляд, месцы подзвігу! Але ж менавіта за гэта нашы продкі і змагаліся, цярпелі і ахвяравалі сабой, каб нам выпала шчасце сумленна працаваць дзеля сваіх дзяцей, сям’і і краіны. Каб мы былі мудрыя і мужныя і маглі супрацьстаяць усяму, што здольна парушыць мір і спакой на нашай зямлі, – адзначыў старшыня райвыканкама.

Уладзімір Леанідавіч падкрэсліў, што Дзень народнага адзінства – гэта сімвал згуртаванасці і нязломнасці беларускага народа, напамін, што лёс краіны і малой радзімы напрамую залежыць ад кожнага з нас асабіста.

Яркія і кранальныя, лірычныя і атмасферныя канцэртныя нумары аб’яднала творчая праграма “З нас складаецца краіна”. 

Артысты расказвалі гледачам пра адметныя нацыянальныя рысы нашага народа, аб гасціннасці беларусаў, пра прыгажосць нашай краіны.

Адзінства наша не толькі ў славутых нацыянальных асаблівасцях і адметных рысах шчырай беларускай душы – яднаюць нас у непарушнай моцы святыя старонкі гісторыі. 

Да самага сэрца закранулі творчыя нумары, што адкрывалі для прысутных важныя гістарычныя часы – часы Вялікай Айчыннай вайны. Падчас урачыстасці лейтматывам гучалі словы, што прыгажосць наваколля, багацце нашай зямлі, дабрабыт і развіццё любай краіны цалкам залежыць ад нас саміх. Ад кожнага ў асобку і, безумоўна, ад усіх разам. 

“Мы зможам усё, калі мы разам!” – дэвіз, які стаў яркай фінальнай кропкай непаўторнага свята. Свята, якое поўніцца і гучыць адзінымі на ўсіх любоў’ю і гонарам.
























Похожие записи