Чалавечы фактар будзе галоўным, нават пры самых высокіх тэхналогіях, таму што ўсё на зямлі, ды і сама зямля адчувае, як адносяцца да яе: беражліва і з любоўю ці неахайна  і абыякава, перакананы адзін з лепшых механізатараў саўгаса «Рачкавічы» Аляксандр Іванавіч Лабкоўскі (на здымку).

Сёлетняя пасяўная ў яго дваццаць трэцяя. І ён у поўнай меры мае права вынесці такі вердыкт, бо неаднаразова  бачыў, як адно і тое ж поле, засеянае адным і тым жа насеннем, дае розныя ўсходы, таму што засявалі яго розныя людзі: адзін – старанна, а другі –  абыякава.
Почырк пасеваў Аляксандра Іванавіча адметны,  заўважаюць і  спецыялісты гаспадаркі.  Яго радочкі нібы  па спадарожнікавай сувязі выведзены.
Вясковы хлопец, ён змалку быў прывучаны да сялянскай працы. І з дзяцінства зразумеў, што зямля  абавязкова аддзячыць добрым ураджаем, калі  будзеш на ёй руплівым гаспадаром.
Жыццём у вёсцы задаволены спаўна. Цяжкавата, аднак і радасна, бо ты бачыш вынікі сваёй працы: і на саўгасных палетках, і  на ўласным падворку.
Любімая пара года ў Аляксандра Іванавіча – вясна, а любімая работа – сяўба. У мінулым годзе ён пасеяў амаль дзве з паловай тысячы гектараў яравых і азімых культур. 
– Уяўляеце, колькі было усходаў! – жартуе Аляксандр Іванавіч і філасофскі заўважае, што цяжкасцей у вёсцы баяцца не варта,  яны  даюць чалавеку магчымасць адчуць сябе моцным, упэўненым  і шчаслівым. – Мы з жонкай не шкадуем, што засталіся ў вёсцы, тут працуем і жывём. Зямля многа сіл патрабуе ад чалавека, а яшчэ больш іх – дае.
Галіна ЛЕМЕШ.

Похожие записи