Механізатар Андрэй Казляк.
Раннія збожжавыя культуры ў ААТ «Казловічы-Агра» ўжо пасеялі, падкармілі азімыя збожжавыя, сенакосы і пашы. Адначасова рыхтуюць глебу пад кукурузу і цукровыя буракі. Сёлета пад цукровыя буракі ў гаспадарцы адведзена 500 гектараў, большая палова плошчаў на ўчарашні дзень ужо была засеяна. Кукуруза ў гаспадарцы зойме 1 800 гектараў, з іх 300 гектараў – на зерне.
Каб завяршыць увесь комплекс агратэхнічных работ у аптымальныя тэрміны, хлебаробы сельгасарганізацыі добра падрыхтаваліся да пасяўной. Аднак не толькі стан тэхнікі ўплывае на гэта – многае залежыць і ад прафесіяналізму механізатараў. У гаспадарцы шчыруюць сапраўдныя майстры сваёй справы, і Андрэй Канстанцінавіч Казляк адзін з іх. На плошчах, прызначаных для цукровых буракоў, ён рыхтуе глебу, а ўслед ідзе сеялка.
Механізатар Аляксей Гаеўскі.
– Сухое надвор’е значна ўскладняе нам работу, але спраўляемся, – адзначае Андрэй Канстанцінавіч. – Быў задзейнічаны на сяўбе збожжавых, а зараз вось рыхтую глебу. Хутка і нарыхтоўка кармоў…
Андрэй Канстанцінавіч Казляк вопытны, спрактыкаваны механізатар, справу сваю добра ведае, тэхнікай валодае па-майстэрску.
– Працуем з самага ранку і да позняга вечара, каб пасеяць у аптымальныя агратэхнічныя тэрміны. Вось толькі дажджу не хапае, – гаворыць механізатар сельгасарганізацыі Аляксей Робертавіч Гаеўскі, заняты на сяўбе цукровых буракоў.
Яго задзейнічаюць на розных відах работ, але яму больш падабаецца жніво. Кажа, там адразу вынік відаць. Наогул, працу на трактары Аляксей Робертавіч лічыць карыснай і патрэбнай.
Добрая арганізацыя работы спрыяе добрым вынікам, адзначаюць падчас размовы механізатары. Дарэчы, у ААТ «Казловічы-Агра» нават у такую гарачую для аграрыяў пару ёсць выхадны дзень. Згадзіцеся, для іх гэта адзін са стымулаў яшчэ лепш працаваць.
Паклапаціліся ў сельгасарганізацыі і пра стварэнне бяспечных умоў працы: для аграрыяў правялі абавязковы інструктаж па пытаннях аховы працы, усіх забяспечылі сродкамі індывідуальнай аховы, арганізавана гарачае харчаванне.
- Па стане на 15 красавіка яравыя культуры пасеяны ў раёне на 17 605 гектарах (41%), з іх збожжавыя і зернебабовыя – на 10 248 гектарах (98%), аднагадовыя травы – на 2 110 гектарах (51%). Лідзіруюць на сяўбе СГФ ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат» (1 481 га), ААТ «Вясейскі Пакроў» (1 430 га), «Казловічы-Агра» (1 400 га). Цукровыя буракі пасеяны на 1 289 гектарах (35%).
- Да яравой сяўбы падрыхтавана 21 362 гектары (51%). Пад сяўбу ўнесена ў глебу 933 791 тона арганічных угнаенняў.
- У гаспадарках раёна падкармліваюць азімыя збожжавыя і азімы рапс, шматгадовыя травы, сенакосы і пашы. Шэраг гаспадарак падсяваюць шматгадовыя травы, распачалі хімпраполку азімых культур.
Ірына КАВАЛЕНКА.