Калі ветэрана вайны і працы Ганну Ігнатаўну Уласевіч спытаць, у каго з бацькоў яна пайшла такой задорнаю, баявою, жыццярадаснаю, яна адкажа, што, напэўна, у бацьку, Мартыновіча Ігната Кузьміча, ураджэнца вёскі Кальчыцы. З першай сусветнай вайны ён вярнуўся поўным Георгіеўскім кавалерам. Ажаніўся з мясцовай дзяўчынай Параскай. Калі сведкі пацвердзілі, што Ігнат Кузьміч пасля рэвалюцыі стаў камуністам і змагаўся з белякамі ў гады грамадзянскай вайны, яго назначылі старшынёй калгаса. Старэйшая з трох дачок сям’і Мартыновічаў, Ганна, бачыла, як бацька адстойвае сваё месца ў жыцці, пераймала яго мужныя рысы характару.

І вось другая вайна, Вялікая Айчынная. Акупацыя, немцы, паліцаі. Бацька, якому было тады ўжо больш за 60 гадоў, з меншымі дзецьмі і жонкаю падаліся ў лес, жылі ў зямлянцы. Ганна і яшчэ адзінаццаць юнакоў і дзяўчат, каб іх не адправілі ў Германію, – таксама, толькі асобна. Моладзь знайшла партызан і стала народнымі мсціўцамі атрадаў імя Дзяржынскага, імя Суворава, імя Кірава брыгады імя Фрунзе. Ганна прыняла партызанскую прысягу, неўзабаве ўступіла ў камсамол. Навучылася страляць са зброі, выконвала абавязкі па нясенню розных відаў партызанскай службы, была санітаркай, паварыхай. Аб тым, як дзяўчына служыла, гавораць яе ўзнагароды – медалі і ордэн Айчыннай вайны. А калі партызанка расказвала аб тым суровым часе, то слёзы з’яўляліся на яе вачах.

«Партызанскае жыццё было не салодкім, – гаворыць Ганна Ігнатаўна. – Каб толькі вы ведалі, як цяжка было губляць у баях сваіх сяброў. Мы перажылі некалькі блакад, калі немцы акружалі нас, бамбілі з паветра. Людзі змагаліся самааддана, але і гінулі. Светлая ім памяць».

Пасля вайны Ганна Ігнатаўна працавала піянерважатай у сваёй роднай школе ў вёсцы Кальчыцы, адначасова была сакратаром школьнай камсамольскай арганізацыі і мясцовага калгаса «Чырвоны Ударнік», членам бюро райкама камсамола (тады гэта быў Грэскі раён). Потым была паляводам у калгасе імя Дзяржынскага. У час камсамольскай дзейнасці, працы ў гаспадарцы кожная справа ў руках жанчыны, што гаворыцца, гарэла, умела яна на такую дзейнасць і моладзь, і аднавяскоўцаў настройваць.

Асабісты лёс Ганны Ігнатаўны змяніўся ў 1947 годзе, калі ў недалёкую ад Кальчыц вёску Гарохаўку да мамы, Ульяны Піліпаўны Уласевіч, пасля дэмабілізацыі вярнуўся былы франтавік, старшына запасу, сын Міхаіл. Маладыя людзі пазнаёміліся, у хуткім часе сталі мужам і жонкай. І склалася цудоўная сям’я, у якой гаспадарылі каханне, узаемапавага, працалюбства і малады энтузіязм. Міхаіл і Ганна ў Прошчыцах пабудавалі дом, працавалі (Міхаіл – вадзіцелем спачатку ў мясцовым калгасе, а потым шмат гадоў у Слуцкім шпіталі на «хуткай дапамозе»), выгадавалі дваіх сыноў і дачку. Сыны Уласевічаў, дарэчы, выбралі бацькоўскую прафесію, сталі вадзіцелямі.

Калі Ганна Ігнатаўна партызаніла, то ў Міхаіла Якаўлевіча ваенны лёс склаўся зусім па-іншаму. У армію яго, дваццацігадовага юнака, прызвалі ў красавіку 1941 года. Быў шафёрам на ваенным аэрадроме ў вёсцы Жабінка Старобінскага раёна. Аэрадром будаваўся, і Міхаілу даводзілася вазіць туды розныя будматэрыялы. Так, дарэчы, было і 22 чэрвеня, калі ён прыехаў па іх у Слуцк, дзе і даведаўся аб пачатку вайны. Потым праз Любань, Глуск, Бабруйск, Магілёў і ажно да Смаленска быў цяжкі час адступлення, баі з нямецкімі дэсантнікамі, пераапранутымі ў чырвонаармейскую форму. А ў сакавіку 1942 года Міхаіл Якаўлевіч разам з часткай саслужыўцаў па сваім батальёне аэрадромнага абслугоўвання быў накіраваны на Далёкі Усход. Для аховы мяжы з Маньчжурыяй фарміраваліся воінскія часці і злучэнні, у адно з якіх, 388-ю стралковую дывізію, малады беларус і трапіў.

Далей – заняткі, якія праходзілі галоўным чынам на сопках. Набытыя навыкі спатрэбіліся, калі ў верасні 1945 года пачалася вайна з Японіяй. М.Я. Уласевіч прымаў удзел у баях за гарады Хулань, Харбін (за вызваленне якога дывізіі было прысвоена ганаровае званне «Харбінская»), Мукдэн і іншыя, быў узнагароджаны медалём «За баявыя заслугі».

Пасля перамогі над Японіяй Міхаіл Якаўлевіч яшчэ два гады служыў звыштэрмінова (часткова у 34-й зенітнай дывізіі, якая тады знаходзілася ў Слуцку).

Міхаіл Сярко,
газета «Слуцкі край»,
7 сакавіка 2005 года.

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие записи