Акушэрка вышэйшай катэгорыі акушэрскага аддзялення Слуцкай цэнтральнай раённай бальніцы Жанна Уладзіміраўна Увядзенская ў медыцыне ўжо 28 гадоў.

Медыкам я быць не марыла, пасля 9 класа мама прапанавала паступіць у Слуцкае медвучылішча, я вырашыла, а чаму б і не, – расказвае Жанна Уладзіміраўна. – І з таго часу аб гэтым не шкадавала ні хвіліны. Пасля заканчэння вучобы спачатку працавала фельчарам у вёсцы. Затым прапанавалі пасаду акушэркі ў Слуцку.
Аб сваім першым працоўным дні Жанна Уладзіміраўна распавядае з усмешкай:
Гэта была любоў да прафесіі з першага прынятага нованароджанага. Вядома, я вельмі баялася, перажывала, але побач былі дасведчаныя калегі, яны дапамагалі і страхавалі. Добра памятаю, мяне тады пахвалілі, сказалі, што з мяне выйдзе добрая акушэрка.
За 28 гадоў працы акушэркай Жанна Уладзіміраўна дапамагла з’явіцца на свет больш за 3 000 дзеткам.
Я ўжо прымаю роды ў тых дзяўчынак, якія калісьці нараджаліся з маёй дапамогай, – расказвае яна. – Я, можна сказаць, сямейная акушэрка. Здзіўляе, што парадзіхі памятаюць мяне, нават імя і імя па бацьку. Вельмі прыемна чуць: ой, мама казала, што я ў вас нараджалася. Спадзяюся яшчэ і ўнукаў сваіх прыняць, работу вельмі люблю і думаю не адзін год яшчэ папрацаваць.
Па словах Жанны Уладзіміраўны, за 12-гадзінную змену самая вялікая колькасць родаў дасягала пяці. Але бывае, што і некалькі дзён запар – ні адных.
У нас цяжка нешта спланаваць, мы служба экстраная, цяпер быццам бы ціха і нікога няма, хвіліна – і пад’язджае хуткая з парадзіхай.
Усе роды абсалютна розныя. Мне трэба быць не толькі акушэркай, але і псіхолагам. Да кожнай жанчыны – свой падыход: адным трэба, каб з імі пасядзелі, пагаварылі, некаторым – па галаве пагладзілі, пашкадавалі, трэцім – нават камандзірскім тонам загадаць не раскісаць, каб не нашкодзіць дзіцяці. У мяне самой дзве дарослыя дачкі, можа таму я, калі сяджу каля парадзіхі, у яе схваткі, ёй балюча, думаю: вось як з ёй не пагаварыць, не падтрымаць, не дапамагчы, калісьці і мае дзеці будуць нараджаць, і нехта будзе сядзець побач, дапаможа, суцешыць, як я цяпер.
Падчас родаў многае залежыць і ад самой жанчыны, як яна настроена, ці прайшла курсы падрыхтоўкі ў жаночай кансультацыі.
Самае хвалюючае ў працы, лічыць Жанна Уладзіміраўна, гэта пачуць першы крык здаровага дзіцяткі і ўбачыць радасць у вачах парадзіхі. Калі з’яўляецца новае жыццё, калі жанчыне, якая стала мамай, на жывот кладуць немаўля і яна плача і кажа дзякуй.
Гэты дзякуй… да яго я так і не прывыкла за ўсе гады працы, – дзеліцца Жанна Уладзіміраўна. – Як растлумачыць нават не ведаю, я вось успамінаю, а ў самой мурашкі па скуры. Гэта такая эйфарыя на ўвесь дзень: мама, прыціскаючы да сябе маленькі жывы цуд, кажа шчыра дзякуй. Нават калі цяжкія начныя змены, раніцай прыходзіш дадому і як на крылах лётаеш, нават спаць не хочацца. А як жа інакш, калі на тваіх вачах штодня адбываецца цуд?
Я люблю сваю прафесію і ў другой сябе не ўяўляю. Мы, увесь наш калектыў, як вялікая дружная сям’я, і робім адну вялікую справу – дапамагаем жанчынам адчуць радасць мацярынства.
Акрамя асноўнай працы Жанна Уладзіміраўна дзве гадзіны ў тыдзень працуе ў цэнтры для падлеткаў «Давер» на базе Слуцкай ЦРБ пад кіраўніцтвам намесніка галоўнага ўрача па родах і родадапамозе Слуцкай ЦРБ Людмілы Аляксандраўны Жук. У цэнтры працуюць падлеткавы нарколаг, гінеколаг, псіхолаг і уролаг.
Я працую па гінекалагічным кірунку: прыём вяду ў цэнтры і ў школах чытаю лекцыі, – расказвае Жанна Уладзіміраўна. – Дзяцей трэба інфармаваць па ўсіх пытаннях. З дзяўчынкамі пачынаю размову «пра гэта» з асабістай гігіены, разглядаем самыя важныя пытанні для кожнага ўзросту. А то начытаюцца «разумных» парад у інтэрнэце або ў сябровак спытаюць, потым толькі за галаву хапаешся. Лепш, вядома,  звяртацца да спецыяліста.
Падлеткі прыходзяць у цэнтр ва ўзросце 12 – 13 гадоў з рознымі пытаннямі. Бацькам па той ці іншай прычыне гаварыць пра свае праблемы баяцца, звяртаюцца па кансультацыю ў цэнтр.
– Трапіўшы ў не вельмі добрую ці не зразумелую для яго сітуацыю, падлетак можа здзейсніць неабдуманыя ўчынкі, якія пакінуць след на ўсё жыццё, – гаворыць Жанна Уладзіміраўна. – Я ў цэнтры працую 10 гадоў, і дзяўчынкі, якія прыходзілі да мяне ў 12 гадоў, сёння ўдала выйшлі замуж і нараджаюць здаровых дзетак. А не звярніся ў цэнтр у свой час, усё магло быць па-іншаму… Калі чалавек аказваецца адзін у бядзе, няпростай сітуацыі, добра калі ёсць такое месца, дзе дапамогуць, падкажуць. І проста неабходна, каб дзеці ведалі, што ў Слуцку ёсць цэнтр «Давер». Мы не лечым, але падказваем, куды звяртацца, тлумачым, накіроўваем, а галоўнае – падтрымліваем.
  • Прыём у цэнтры «Давер» ананімны, ні імя, ні прозвішча не рэгіструецца. Запісацца на прыём можна па тэлефоне 5-31-10.

Па словах спецыяліста, сітуацыі, з якімі звяртаюцца падлеткі, бываюць вельмі складаныя. Іншы раз патрабуецца дапамога псіхолага. З бацькамі ж цэнтр звязваецца толькі тады, калі патрабуе закон, ці па згодзе падлетка.
На думку Жанны Уладзіміраўны, размаўляць з дзецьмі на дарослыя тэмы ў сям’і не проста трэба, а неабходна, не варта пакідаць усё школе і інтэрнэту. У сям’і павінен быць давер, кажа яна. І пачынаць размовы на такія тэмы варта з 10 – 11 гадоў.
Дзяўчынкі і хлопчыкі павінны ведаць, што толькі ў здаровых мамы і таты можа нарадзіцца здаровае дзіця, – упэўнена Жанна Уладзіміраўна.
Размова с субяседніцай абрываецца на паўслове, у прыёмны пакой прывялі парадзіху…
Ірына МАЛЯЎКА.

Похожие записи