У ваенным камісарыяце Слуцкага і Старадарожскага раёнаў стала ўжо добрай традыцыяй ушаноўваць матуль, сыны якіх падчас службы ва Узброеных Сілах краіны паказваюць добрыя вынікі, праяўляюць ініцыятыву.
Так, сёлета случчанак Ларысу Іванаўну Прылішч і Наталлю Віктараўну Шпакоўскую запрасілі ў камісарыят. Ваенны камісар Слуцкага і Старадарожскага раёнаў Ігар Вітальевіч Галь падзякаваў ім за выхаванне сапраўдных абаронцаў Айчыны і ўручыў падзячныя пісьмы.
– Дарагія жанчыны! Віншую вас з Днём маці! Вашы сыны падчас службы зарэкамендавалі сябе стараннымі вайскоўцамі, – адзначыў Ігар Вітальевіч. – Вы выхавалі сапраўдных мужчын і можаце ганарыцца гэтым. Здароўя, поспехаў вам, няхай вашыя дзеці і ў далейшым вас радуюць.
З гонарам і слязамі на вачах прымала падзячны ліст Наталля Віктараўна. Яе сын Сяргей ужо паўгода служыць вадзіцелем пажарнай машыны ў в/ч 52957 у Шчыткавічах.
Сын Ларысы Іванаўны Прылішч Уладзіслаў служыць вадзіцелем-слесарам у вайсковай часці ў г.п. Урэчча.
– Прыемна, што поспехі нашых дзяцей заўважаюць. Віншаванне стала для мяне прыемным сюрпрызам. І, вядома ж, я ганаруся, што выхавала добрага, адказнага сына. Упэўнена, што кожны мужчына павінен прайсці вайсковую школу. Мой тата ваеннаслужачы, адзін брат падчас вучобы праходзіў ваенную кафедру, другі брат і муж – служылі. Таму ў нас і не ўзнікала сумненняў након службы. Гэта не дарэмна патрачаны час: хлопцы мужнеюць, мяняецца іх светапогляд, – дзеліцца Ларыса Іванаўна Прылішч. – Год праляцеў непрыкметна, праз паўгода ўжо будзем сустракаць сына дома.