Як гімн хлебу, чалавеку працы ў філіяле ПСГ ААТ «Слуцкі мясакамбінат» прайшло свята зажынак, якое паклікала людзей у поле збіраць ураджай збожжа, благаслаўлёнага небам, апетага птаствам, сагрэтага сонцам, выпешчанага рукамі чалавека.
Прыйшло к нам свята з пахам хлеба,
Сабрала ў полі ўсіх людзей,
Благаславіла яго неба…
А пачалось з магічных дзей:
Жанчыны-жнейкі спелы колас
Зажалі зранку ў першы сноп
Пад птушак ранніх дзіўны голас,
Пад песні зычныя без слоў.
Затым са жніўнай песняй-гімнам
Паклон адвесілі зямлі
За хлеб, за цёплыя імгненні…
І першы каравай спяклі.
І вось духмяны ў нас на свяце,
Ляжыць, прыкрыты ручніком,
Каб радасць спела ў кожнай хаце,
Цякла шчаслівым раўчуком.
І напаўняла ўсе закуткі
Людзей працоўнага жыцця
Любоўю, хлебам, прыбауткай,
Сапраўднай радасцю быцця.
Яркая дзея з усімі атрыбутамі абрада зажынак разгарнулася перад удзячнымі гасцямі свята і гледачамі на адкрытай пляцоўцы ў вёсцы Мусічы. Дзяўчаты-жнейкі, Палявік, гаспадар поля, каравай духмянага хлеба, залацісты першы сноп, песні-гімны жыццю, хлебу, чалавеку-працаўніку – усё гэта было падрыхтавана ўдзельнікамі мастацкай самадзейнасці Мусіцкага сельскага клуба-бібліятэкі, якім кіруе сапраўдны майстар сваёй справы, таленавіты чалавек Дурыцкая Марына Васільеўна. Захапляла ўсё: рэжысура свята, выступленні самадзейных артыстаў, іх талент.
Благаславіў ураджай 2018 года і поле настаяцель Свята-Сімяонаўскай царквы вёскі Барок протаіерэй Георгій Пятроўскі. Віталі ўдзельнікаў жніва дырэктар гаспадаркі С.А. Варона, генеральны дырэктар ААТ «Слуцкі мясакамбінат» А.І. Міхалькевіч, старшыня Грэскага сельвыканкама Л.М. Русаковіч, намеснік дырэктара гаспадаркі па раслінаводстве А.Л. Новік.
Грэюць душы, дораць радасць, натхняюць на добрыя справы падобныя святы. Вялікі дзякуй і творчых поспехаў аматарам сваёй справы за радасць, якую яны дораць усім, хто жыве і працуе на зямлі, росціць хлеб, клапоціцца аб нашым дабрабыце.
Ад імя ўдзячных гледачоў Л.С. Шушкевіч, Л.М. Русаковіч