У мінулую пятніцу на дзіцячай гульнёвай пляцоўцы ў вёсцы Заполле кіпела работа: па перыметру пляцоўкі высаджвалі туі, кусты спірэі.  

Старшыня Слуцкага раённага Савета дэпутатаў Наталля Аўсяннікава, якая ўдзельнічала ў азеляненні,  расказала, як узнікла ідэя правядзення гэтай акцыі: 

– На адным са сходаў грамадзян Бокшыцкага сельсавета жыхары вёскі Заполле выказалі пажаданне, каб вакол дзіцячай гульнёвай пляцоўкі ўстанавіць агароджу – непадалёку праезная частка, неабходна забяспечыць бяспеку дзяцей. Слуцкі раённы Савет дэпутатаў, Бокшыцкі сельвыканкам падтрымалі гэту прапанову. Пасля абмеркавання пытання прынялі рашэнне: няхай гэта будзе зялёная агароджа – гэта і прыгожа, і экалагічна, і бяспечна, заняліся арганізацыяй правядзення акцыі. Сёння на азеляненні пляцоўкі акрамя мясцовых жыхароў працуюць дэпутаты Слуцкага раённага Савета дэпутатаў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валянціна Ражанец, дэпутат Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Ірына Пятровіч, старшыня Маладзёжнага парламента пры Слуцкім раённым Савеце дэпутатаў Ірына Норка, іншыя члены Маладзёжнага парламента. Як бачыце, працуем з выдатным настроем, справа ладзіцца! 
Аднымі з ініцыятараў азелянення пляцоўкі сталі мнагадзетныя мамы з вёскі Заполле Святлана Худаляжаева і Людміла Каральчук: 

– Гэта новая гульнёвая дзіцячая пляцоўка, з яркімі сучаснымі горкамі, арэлямі. Дзякуй, што яе абсталявалі. Цяпер гэта любімае месца  маленькіх жыхароў Заполля. Мы таксама тут часта бываем з дзеткамі. Усё выдатна, але патрэбна была агароджа, каб дзетвара часам не выбегла на праезную частку. Працуем з задавальненнем, такая работа сапраўды ў радасць.  

Да работ па азеляненні пляцоўкі па ўласнай ініцыятыве падключыліся юныя жыхары Заполля адзінаццацікласнік Станіслаў Мяцельскі і дзевяцікласнік Назар Лучык. Юнакі ўбачылі пасадку зялёных насаджэнняў і прапанавалі сваю дапамогу. Ай, малайцы! 

–А як жа інакш, – сур’ёзна сказалі юнакі. – Хочацца, каб наша вёска прыгажэла, каб усё было, як у горадзе, самі пра гэта павінны клапаціцца. 

Старшыня Бокшыцкага сельвыканкама Уладзімір Гарбенка: 

– Шчыра кажучы, прыемна працаваць з нераўнадушнымі, ініцыятыўнымі жыхарамі. І мы заўсёды гатовы падтрымаць іх ідэі, аказаць дапамогу. Ад жыхароў Заполля паступілі прапановы яшчэ ўстанавіць на дзіцячай гульнёвай пляцоўцы турнік або іншыя трэнажоры для дзяцей старэйшага ўзросту і падлеткаў. Не выключана верагоднасць, што ўжо ў наступным годзе ажыццявім намечанае. А яшчэ плануецца за сродкі жыхароў устанавіць тут лаўкі, распачалі збор грошай. 

Сапраўды, як паказвае практыка, найбольшы эффект у любой справе прыносяць менавіта сумесныя намаганні, узаемадзеянне органаў улады і грамадзян – калі ёсць зацікаўленасць абодвух бакоў. І акцыя ў Заполлі таму пацвярджэнне. 

























 

Наталля Селязнёва. 

Похожие записи