У 28 туры чэмпіянату Беларусі па футболе сярод каманд вышэйшай лігі СФК «Слуцк» у гасцявой гульні саступіў мінскаму «Дынама» – 2:0.
«Слуцк»: Панкратаў – Залескі, Каршакевіч, Образаў, Бабко (к) – Юсаў, Талейка (Ауіе, 69), Д. Шчагрыковіч, Гурэнка – Канэ (Хотаў, 65), Шыкаўка.
Сустрэча з адным з лідараў чэмпіянату не прынесла жаданых эмоцый. Случчане пачалі нядрэнна, але атрымалі хуткі гол, ужо на 5-й хвіліне Панкратаў не ўратаваў свае вароты пасля ўдара Хлёбаса. Гэта не пахіснула імкненні гульцоў «Слуцка», яны атакавалі, стараліся кантраляваць мяч і ствараць галявыя моманты. Але… Завяршыць выніковым ударам па варотах Ігнатовіча не атрымлівалася. Зноў нечага не хапала нашым футбалістам. У другім тайме футбалісты «Слуцка» пачалі даволі энергічна. Раз-пораз балельшчыкі каманды ў надзеі ўбачыць гол падымаліся са сваіх месцаў, але парадавацца так і не ўдалося. Пенальці за «знос» Сарокі ў штрафной на 80-й хвіліне паставіў кропку.
Спадзяёмся, да наступнай сустрэчы з «Віцебскам» камандзе Віталія Паўлава ўдасца падрыхтавацца як след.
Падтрымаем нашу каманду 18 лістапада на «Гарадскім»! Пачатак матча з «Віцебскам» у 14.00. За Слуцк і «Слуцк»! Разам!
Ірына ВЕЧАР.


