Маю сям’ю, як і сем’і тысяч беларусаў, закранула Вялікая Айчынная вайна. У дзяцінстве доўгімі зімовымі вечарамі каля горача напаленай печкі з кубкам ліпавай гарбаты ў руках я, стаіўшы дыханне, слухала аповеды пра вайну маёй бабулі Любові Паўлаўны Сячко. Яна расказвала:

«Я вельмі добра памятаю тую летнюю раніцу, калі неяк раптам састарэлая мама (Праскева Лаўрэнцьеўна Сячко) зайшла ў дом, без сіл апусцілася на лаўку, шкляным позіркам паглядзела на нас з сястрой Соняй і пабялелымі вуснамі прашаптала: «Дзеткі, вайна…. Што ж цяпер будзе?».

…У небе раз-пораз чуліся гукі самалётаў, дарослыя хадзілі хмурныя, вечарамі збіраліся па хатах і нешта доўга абмяркоўвалі, спрачаліся.

Аднойчы бацька (Павел Трафімавіч Сячко) і яго брат дзядзька Дзіма прывялі аднекуль параненага байца Чырвонай Арміі, каля трох дзён мы хавалі яго. Аднойчы ноччу бацька разам з братам і параненым салдатам пайшлі ў лес, да партызанаў.

Тата стаў партызанскім разведчыкам у атрадзе «За Радзіму», які базіраваўся ў чырвонаслабодскіх лясах.

А мы з мамай і сястрой Ганнай, якая нарадзілася незадоўга да гэтага (ішоў 1942 год), засталіся дома… Пакуль аднойчы раніцай у дзверы не пастукаліся… Увайшлі людзі ў ваеннай форме, мама прыціснула да грудзей Аню, заплакала і сказала: «Усё, дзеткі, нас цяпер будуць страляць». Я як цяпер памятаю, сядзела на печы і чакала: як гэта – страляць? Мне было цікава…

Наколькі нам пашанцавала, я зразумела, толькі калі стала ўжо дарослай. Адным з тых паліцаяў, якія прыйшлі да нас тады,  быў даўнішні сябар бацькі, з якім яны мяняліся галубамі. Ён паглядзеў на маму і сказаў: «Вас здалі, праз дзве гадзіны будзе аблава на сем’і партызан. Уцякай». І выйшаў. Мама схапіла з бліжэйшага ложка пакрывала і стала ліхаманкава кідаць у яго рэчы. Мяне адправіла да цёткі Ніны, жонкі дзядзькі Дзімы, расказаць аб тым, што здарылася.

Цётка Ніна сказала, што немцы – добрыя, і яна нікуды не пойдзе… Потым яе цела знайшлі ля калодзезя, маленькая дачка ляжала з прастрэленай галоўкай у калысцы, а састарэлую бабулю-інваліда Фросю расстралялі на печы.

Дзядзька Дзіма, калі даведаўся  пра гэта, проста азвярэў. Усім паліцаям, якіх бралі ў палон,   ён помсціў за сваю сям’ю…

А мы ўцяклі ў лес да партызан. Мама пасадзіла на адны сані мяне, на другія Соню з сабраным вузлом (мы не адны беглі з вёскі), а сама, ахінуўшы ў перавязь Аню, пайшла пешшу. Я ехала і вельмі перажывала за яе, таму ўжо ў лесе ціхенька спаўзла з саней і стала яе чакаць, стоячы па пояс у снезе. Мама потым расказвала, як ішла па слядах за санямі, а на адным са скрыжаванняў сляды разышліся. Па якой дарозе павезлі нас з Соняй, яна не ведала. Павярнула налева і праз некалькі кіламетраў знайшла змёрзлую мяне. Соню мы потым адшукалі ў партызанскім лагеры…

Пад канец вайны маме склалі ў лесе печку, і яна пякла для партызан хлеб. Адзін бохан аддавалі нам. Я тады ў сілу ўзросту злавалася на маму, што паловай свайго пайка яна па чарзе падкормлівала параненых, а не аддавала яго нам.

Калі вызвалілі Беларусь, мы вярнуліся на папялішча, якое засталося на месцы былога дома, усё лета і восень жылі ў велізарных лапухах, пакуль адбудоўвалі новы дом.

Бацька за вайну быў некалькі разоў паранены, я памятаю страшныя шрамы на яго спіне».

– Не дай бог, Ірка, табе даведацца, што такое вайна, – такімі словамі бабуля заўсёды заканчвала падобныя апавяданні…

Прадзед Павел і прабабуля Параска ўсё жыццё працавалі ў саўгасе, выхавалі чацвярых дзяцей, адна з іх – Соня – за поспехі ў працы была ўзнагароджана ордэнам Леніна, бабуля Люба – ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.

Ірына МАЛЯЎКА.

Предыдущая запись

Похожие записи