У студзені – лютым споўнілася 77 год, як на Случчыне падчас карных аперацый фашысцкія захопнікі спалілі трыццаць вёсак. Усяго за гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі раёна было знішчана 36 вёсак, з якіх 12 так ніколі і не адрадзіліся.

 


(Працяг. Пачатак – у «СК» за 19 сакавіка 2020 года.)

 

Успамінае Роза Дзянісаўна Цыганкова
У  вёсачцы Краснае (у адну вуліцу стаяць дамы) на ўсходзе Слуцкага раёна нарадзілася і ўсё жыццё пражыла Роза Дзянісаўна Цыганкова (дзявочае прозвішча Шуміна). Мы размаўляем з ёй на шырокай вясковай вуліцы, яна ўспамінае пра сваіх родных і блізкіх, а больш пра цяперашняе жыццё.
– У бацькі Дзяніса Пятровіча і маці Веры Мікітаўны нас было трое, я і два мае браты, Пятрок і Васіль, – расказвае Роза Дзянісаўна. – Калі пачалася вайна, то ў нашых лясах спачатку з’явіліся акружэнцы, а потым і партызаны з разбітай пад Старымі Дарогамі дывізіі. Мой брат Пятрок пайшоў у партызаны ў 1942 годзе ў атрад Макарэвіча. Калі пачалася блакада партызанскай зоны ў 1943 годзе, бацька, маці і я былі ў лесе, чакалі прыходу немцаў. Але маці вярнулася ў вёску, каб забраць карову. У гэты час карнікі пачалі страляць, адну жанчыну паранілі, а маці забілі. Затым фашысты пачалі шукаць астатніх жыхароў у лесе. Схапілі майго бацьку, моцна збілі і адправілі ў Старыя Дарогі ў лагер ваеннапалонных. Затым яго павезлі ў Германію, потым – у Францыю, дзе ён знаходзіўся да 1944 года і быў вызвалены з палону войскамі саюзнікаў. У 1945 годзе бацька вярнуўся ў Краснае, дзе і жыў да смерці.
Увесь гэты час я жыла ў сям’і цёткі, матчынай роднай сястры, у зямлянцы. Пасля вызвалення вярнулася ў сваю родную хату, бо нашу вёску немцы не спалілі. Партызан у нас не было. Толькі летам 1943 года, калі партызаны ў Гутніцы абстралялі нямецкі самалёт, тады фашысты разбамбілі і спалілі Гутніцу, якая знаходзілася побач. Скінулі некалькі бомбаў і на наша Краснае, але ні адна не папала на дамы, толькі моцна параніла свойскую жывёлу. А суседнія вёскі Лявішча, Гандарэва, Старэва, Падстарэва, Лазараў Бор, Чырвоную Старонку знішчалі разам з людзьмі зімой 1943 года. Тады мы са страху пакінулі свае дамы і пайшлі жыць у лес.
Памятаю, калі мамы ўжо не было, а бацьку забралі ў лагер, да нас у вёску прыйшлі партызаны, чалавек пятнаццаць, жылі амаль тыдзень. Але нехта паведаміў аб гэтым у паліцыю. Тады паліцаі акружылі Краснае і ўсіх партызан забілі, толькі аднаго ўзялі ў палон і адправілі ў лагер у Старыя Дарогі. Аб гэтым пасля вайны расказаў мой бацька.
Пасля вайны бацька, я і мой брат Васіль жылі ў сваёй хаце. Я пайшла працаваць у калгас, мне было 12 гадоў. Потым працавала ў Гутніцы запраўшчыцай.
Сёння ў нашым Красным жывуць у асноўным дачнікі. А прапісаныя толькі два чалавекі.
Пакуль людзі помняць, расказваюць пра той час, памяць жывая. Памяць, якая не дазволіць паўтарыцца жахам вайны.

Васіль ЦІШКЕВІЧ,
навуковы супрацоўнік
Слуцкага краязнаўчага музея.
(Працяг тэмы будзе.)

Похожие записи