«Народны мсцівец» – пад такой назвай у час Вялікай Айчыннай вайны ў падполлі выходзіла наша газета, палымяным словам змагалася з ворагам на роднай зямлі. Газета пісала пра падзеі на франтах, у акупіраваных раёнах, партызанскіх атрадах. Друкуем некаторыя матэрыялы «Народнага мсціўца».
4 ліпеня 1943 года
Над Случчынай распрасцерлі свае крывавыя рукі гітлераўскія бандыты.
Нядаўна фашысцкія душагубы наляцелі на вёску Кублішча і па-бандыцку расстралялі 8 сялянскіх сямей – 35 невіноўных старыкоў, жанчын і дзяцей.
На месцы стаяўшых дамоў вёскі Адамова – папялішчы, на якіх стаяць крыжы. У агні згарэла 274 чалавекі.
У Грэскім раёне немцы спалілі ў агні 350 сялян з вёскі Палікараўка, 70 сялян вёскі Фадзееўка, насельніцтва вёсак Беразінец і Жылін Брод.
Згарэўшыя ў агні не могуць нам расказаць аб сваіх муках. Але мы знаем, як маленькія дзеці абнімалі маленькімі ручкамі шыю мацеры і як маці ўжо з загарэўшыміся на галаве валасамі апошні раз прыціскала да грудзей малютку, развітваючыся з ёй у полымі агню…
11 красавіка 1943 года
Рэжым рабства, тэрору і насілля
Нельга пералічыць зверскія ўчынкі гітлераўскіх кравапіўцаў, нельга пералічыць імёны нашых людзей, якія загінулі ад рукі нямецкіх катаў. Яны, ап’янеўшыя ад народнай крыві, шукаюць новых повадаў, каб знішчыць беларускі народ.
У акупіраваных немцамі раёнах ходзіць эпідэмія тыфусу. Усё насельніцтва, захварэўшае на тыф, немец бязлітасна знішчае. Так, у Слуцку ім спалена каля 2 000 чалавек.
Сэрца сціскаецца ад болю, калі бачыш, што робіць вораг з нашым народам…
25 красавіка 1943 года
На правах рабоў
У германскую няволю мяне забралі прымусова. Мы ехалі тыдзень. Вагонаў ніхто не адкрываў. Харчавання не давалі. Толькі калі нявольнікі, разламаўшы вагон, уцякалі, тады ў вагон, як звяры, урываліся немцы і білі да паўсмерці тых, что застаўся.
Нас завезлі ў горад Хэмнес. У лагеры ўжо было 9 тысяч мужчын, жанчыны былі ў другім лагеры. Ен быў агароджаны калючым дротам, кругом стаялі кулямёты, ноччу лагер асвятлялі пражэктары.
Спалі на сырой зямлі ў сваім адзенні. У 5 гадзін раніцы ўсіх паставілі ў калону і пад канвоем пагналі на работу – вазіць на сабе тачкі зямлі. Такая катаржная работа працягвалася да 7 гадзін вечара.
Абяссіленыя, збітыя гумавымі палкамі, пад вартай звярталіся мы ў лагер. Па дарозе многія гублялі сілы, падалі і больш не ўставалі: іх прыстрэльвалі. Увесь час галадалі. На суткі выдавалі па 230 грамаў хлеба, спечанага з сушаных буракоў і бульбяной шкарлупы, і конаўку гарачай вады. Ад такой працы штодзённа памірала 50 – 70 чалавек. Так загінулі Васіль Белавус, Статкевіч і Барысенка з Любаншчыны. На правах рабоў, катаржнікаў жывуць і працуюць нашы браты і сёстры, прымусова ўвезеныя ў Германію.
З рызыкай для жыцця мне ўдалося ўцячы з фашысцкай няволі. Зараз са зброяй у руках знішчаю праклятага ворага за зверскія здзекі над нашым народам.
В. Несцераў, партызан.
3 чэрвеня 1943 года
Такім стаў Слуцк
Зусім другім стаў Слуцк цяпер. Фашысцкія варвары разбурылі, зруйнавалі прыгожыя пабудовы горада. Глядзіш і не верыш сваім вачам, што гэта ранейшы Слуцк. Замест прыгожых дамоў – груды развалін, руіны, папялішчы, заросшыя бур’янам і чартапалохам.
Горад абязлюдзеў. Сотні людзей кінуты ў турмы, многія расстраляны, павешаны і спалены. Тысячы случчан увезены ў нямецкае рабства. Астаўшыеся ў жывых гараджане церпяць голад, здзекі і пабоі фашысцкіх катаў.
Слуцк стаў горадам смерці, голаду. У пакутах і муках случчане ні на мінуту не трацяць надзей на вызваленне ад фашысцкіх разбойнікаў, Многія ўходзяць у партызанскія атрады, каб бязлітасна знішчаць немчуру.
13 чэрвеня 1943 года
Заданне выканалі
Я і партызаны Міхаіл Н. і Косця X., атрымаўшы баявое заданне, пайшлі яго выконваць. Перш-наперш мы пашкодзілі тэлефонна-тэлеграфную сувязь па шляху Слуцк – Урэчча на працягу 3-х кіламетраў. Заўважыўшы, што на гэтай дарозе ходзяць нямецкія машыны, мы парашылі яе замініраваць. Міна дарэмна не прапала. Скора сюдой ішла сямітонка. Яна ўзляцела ў паветра. Забіта тры гітлераўцы.
Подготовлено по материалам информационных ресурсов и книги «Памяць. Слуцкі раён».