У рэдакцыю «Слуцкага краю» завітаў ветэран працы, былы супрацоўнік нашага выдання Міхаіл Сяргеевіч Крываль, прынёс рарытэтны фотаздымак, якому больш за 50 гадоў.
– Стогадовы юбілей «Слуцкага краю» – не толькі важная падзея ў грамадска-палітычным жыцці Случчыны, але і повад узгадаць і аддаць даніну павагі тым, хто прысвяціў сваё жыццё рабоце ў раённай газеце, – гаворыць Міхаіл Сяргеевіч. – Гэты фотаздымак яшчэ з часоў маёй маладосці: абмяркоўваецца паліграфічнае афармленне капыльскай газеты «Слава працы» ў параўнанні з нашай газетай «Шлях Ільіча», так тады называўся «Слуцкі край». На здымку рэдактар слуцкай раённай газеты таго часу Уладзімір Максімавіч Перасятнік, справа ад яго – намеснік рэдактара Валянцін Мікалаевіч Макарэня. Абодва ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, прайшлі цяжкімі вогненнымі дарогамі. Злева ад рэдактара загадчык аддзела пісем і масавай работы рэдакцыі Міхаіл Аляксандравіч Нікольскі, былы партызан. Гэтыя загартаваныя выпрабаваннямі ваеннага ліхалецця людзі былі надзвычай уважлівымі і добразычлівымі да акружаючых, калег, падпісчыкаў і чытачоў. Мне, на той час маладому журналісту (на здымку ў цэнтры ў другім радзе), было ў каго вучыцца добрасумленным адносінам да справы, прынцыповасці і аб’ектыўнасці. Гэтых людзей ужо даўно няма з намі. Але памяць пра іх, павага і ўдзячнасць жывуць у маім сэрцы.
Наталля СЕЛЯЗНЁВА.