Узорны ансамбль танца «Папараць-кветка» Слуцкага цэнтра дзіцячай творчасці 11 мая раніцай вярнуўся з Грузіі, з міжнароднага фестывалю творчасці «Залатое руно», на якім атрымаў гран-пры.
Сустрэча юных артыстаў пасля конкурсаў бацькамі каля цэнтра стала ўжо добрай традыцыяй. Кветкі для кіраўніка ансамбля Ірыны Віктараўны Лаўровай, паветраныя шары і кветкі для дзетак, кожнаму танцору – медаль. Сустракалі з музыкай.
Першыя словы расчуленая Ірына Віктараўна Лаўрова адрасавала бацькам сваіх выхаванцаў: дзякавала за прадстаўленую магчымасць атрымаць неверагодныя, незабыўныя ўражанні.
Слуцкія танцоры выступалі ў дзвюх намінацыях, прадставілі тры кампазіцыі. Журы і гледачы былі ўражаны выступленнем ансамбля з невялікага горада, падыходзілі са словамі захаплення. А прадстаўнікі з Казахстана запрасілі кіраўніка ансамбля Ірыну Віктараўну Лаўрову правесці майстар-клас.
– Мы былі для ўсіх сюрпрызам. У фестывалі прымалі ўдзел калектывы з пяці краін – з Украіны, Казахстана, Турцыі, Грузіі і Беларусі. Беларусь прадставіў таксама калектыў з Віцебска. А нашы дзеці, здаецца, ніколі так не танцавалі. І гэта нягледзячы на бяссонную ноч у дарозе. Ірына Віктараўна знайшла патрэбныя словы, і вось вынік, дзеці цудоўна прадставілі сваю краіну, нашу Случчыну, – расказала адна з мам, якая ездзіла з калектывам.
Была насычаная культурная праграма і па-за конкурсам. Уражанні – словамі не перадаць.