Не падразайце крылы, вас малю,
Балюча жыць з пакрыўджанай душою…
О, людзі, чалавекі, вас люблю,
Людское гора сэрца непакоіць…
Няўжо вы не стаміліся ад слёз?
Навошта словам б’еце так балюча?
Жыццё нам дадзена – найлепшае з дзівос,
Навошта жыць з агідаю калючай?
Вы лепш усмешкаю напоўніце сусвет,
Душэўную спагаду падарыце,
Сардэчнай ласкі свежы першацвет
У падарунак вечнасці нясіце.
Вучыцеся любіць і прабачаць –
Вось важная, галоўная навука…
Час сёння жыць, а заўтра паміраць…
Дабро запомняць дзеці і ўнукі.
Свае…Чужыя…ЛЮДЗІ мы ўсе…
На гэтым свеце так прыгожа, міла…
Вы радуйцеся сонцу і расе,
Дабро тварыце, распраўляйце крылы…