У Слуцкай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе праходзіць адкрытае першынство СДЮШАР па гандболе сярод каманд хлопчыкаў 2006 года нараджэння і малодшых.


У Слуцку заўсёды была моцная гандбольная школа, самыя вядомыя яе выхаванцы – алімпійскі чэмпіён Міхаіл Якімовіч, чэмпіёнка свету сярод юніёраў Антаніна Чыбангу, Андрэй Крайноў. Сённяшнія выхаванцы таксама паказваюць добрыя вынікі, але ж чаму б не замахнуцца на большае, калі патэнцыял ёсць? Як вядома, спорт вялікіх дасягненняў пачынаецца з падрыхтоўкі моладзі. Расказвае дырэктар Слуцкай СДЮШАР Валерый Генадзьевіч Валадковіч:

 – Па ініцыятыве трэнера па гандболе Людмілы Эдуардаўны Паповай у гэтым навучальным годзе стартавала гандбольная ліга, у якой прымаюць удзел каманды хлочыкаў з сярэдніх школ №№2, 6, 8, 9,10 імя С.Ф. Рубанава, 11, 12, 13. Кожную суботу гульні праходзяць у нашай школе. Папулярызацыя і развіццё гандбола, прызвычайванне дзяцей да заняткаў фізкультурай і спортам, выяўленне перспектыўных навучэнцаў – нашы задачы ў гэтых спаборніцтвах. Да таго ж заняткі спортам – выхаванне моцнай, мэтанакіраванай асобы. Пераможцы і прызёры турніру атрымаюць кубкі, граматы і абавязкова прызы.

У рамках лігі плануем арганізаваць майстар-класы з удзелам вядомых гульцоў, таварыскія сустрэчы і іншае, наладжваем супрацоўніцтва з гандбольнымі клубамі. Хацелася б, каб гэта відовішчная эмацыянальная гульня мела шырокае распаўсюджанне і папулярнасць у нашым горадзе.
Дарэчы, у спартыўнай школе абнавілі трэнажорную залу. У памяшканні зрабілі рэмонт, з дапамогай Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь набылі сучасныя трэнажоры. Займацца могуць не толькі навучэнцы СДЮШАР. Акрамя гэтага капітальна адрамантаваны раздзявалкі ў спартыўнай зале школы.
9 лютага ў Слуцкай СДЮШАР пройдзе адкрыты турнір па вольнай барацьбе. Адкрыцце ў 10.00.
Ірына ВЕЧАР.

Похожие записи