Асобная старонка гісторыі нашага выдання – перыяд Вялікай Айчыннай вайны. У той цяжкі для Радзімы час наша газета і назву мела адпаведную – «Народны мсцівец», выдавалася ў падполлі, змагалася з ворагам трапным, палымяным, баявым словам, уносячы свой уклад у вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у Вялікую Перамогу.
Пасля стварэння ў студзені 1943 г. партызанскай брыгады №64 імя Чкалава, якая была замацавана за Слуцкім раёнам у якасці арганізатара партызанскага руху і масава-палітычнай работы сярод насельніцтва, быў наладжаны выпуск выдання Слуцкага райкама партыі «Народны мсцівец». Першы нумар «Народнага мсціўца» ўбачыў свет 1 красавіка 1943 г., але яшчэ раней у партызанскай брыгадзе №64 з’явілася доўгачаканая лістоўка. «Шрыфт для стварэння партызанскай друкарні мне ўдалося вывезці з Любані з дапамогай падпольшчыкаў – дырэктара Любанскай друкарні Паўла Свірыдава і калгасніка Купрыяна Семянені, – пісаў рэдактар «Народнага мсціўца» М.Е. Дастанка (у пасляваенны час абараніў кандыдацкую дысертацыю, працаваў на факультэце журналістыкі БДУ, быў заснавальнікам і першым загадчыкам кафедры радыё і тэлебачання). – Як цяпер помніцца, з якой невыказнай радасцю сустрэлі партызаны сваю першую друкаваную лістоўку».
Лістоўка пад назвай «Весткі з фронту» была выпушчана ў навагоднюю ноч 1943 г. і паведамляла аб выніках шасцітыднёвых баёў з вермахтам на подступах да Сталінграда. Лістоўкі шырока распаўсюджваліся на Любаншчыне і Случчыне, іх чакалі з прагнасцю і зачытвалі да дзірак, нягледзячы на тое, што за знойдзены пры вобыску аркуш паперы з заклікамі ці адозвамі гітлераўцы каралі людзей смерцю. У час сумесных аперацый партызаны, здаралася, наладжвалі абмен: 5 – 10 патронаў за свежую лістоўку.
Вясной 1943 г. жыхары Случчыны і партызаны мясцовых атрадаў пачалі атрымліваць газету «Народны мсцівец» – орган Слуцкага падпольнага PK КП(б)Б. 14 красавіка 1943 г., праз два тыдні пасля выхаду першага нумара, на пасяджэнні Слуцкага падпольнага райкама партыі быў зацверджаны склад рэдакцыі. Рэдактарам прызначылі Мікалая Еўкавіча Дастанку, у склад рэдкалегіі ўвайшлі Пётр Дзям’янавіч Локцеў і Іван Васільевіч Куляшоў. Ba ўспамінах аб першых кроках газеты-партызанкі Мікалай Еўкавіч пісаў: «Спачатку газету «Народны мсцівец» мы выпускалі ўдвух з Іванам Куляшовым… Пачынаючы з мая 1943 года, у нас быў поўны штат работнікаў рэдакцыі і друкарні: прыйшоў у рэдакцыю настаўнік Іван Хатэнка, а потым узялі літработнікам партызана Віктара Плешавеню… У друкарні працавалі наборшчыкамі камсамолкі Люба Куляшова і Люба Шаўчук, а друкарамі – камсамолец Уладзімір Канановіч і Коля Торхаў, якому было гадоў дванаццаць. Доўгі час наша друкарня знаходзілася ў Загальскіх балотах на востраве Горнае. У вялікай зямлянцы былі абсталяваны наборныя касы, зроблен прымітыўны друкарскі станок. Тут мы працавалі, тут і жылі. Працавалі, не адчуваючы стомленасці, не пакладаючы рук… Нярэдка сапраўды даводзілася друкаваць, набіраць, рыхтаваць паперу без перапынку цэлымі суткамі».
«Нельга пералічыць зверскія ўчынкі гітлераўскіх кравапіўцаў, нельга пералічыць імёны нашых людзей, якія загінулі ад рукі нямецкіх катаў. Яны, ап’янеўшыя ад народнай крыві, шукаюць новых повадаў, каб знішчыць беларускі народ. У акупіраваных немцамі раёнах ходзіць эпідэмія тыфусу. Усё насельніцтва, захварэўшае на тыф, немец бязлітасна знішчае. Так, у Слуцку ім спалена каля 2 000 чалавек. Сэрца сціскаецца ад болю, калі бачыш, што робіць вораг з нашым народам…» – гэтымі радкамі пачыналася публікацыя «Рэжым рабства, тэрору і насілля», надрукаваная ў газеце «Народны мсцівец» 11 красавіка 1943 г. Падпольнаму выданню, у кожным нумары якога выкрываліся злачынствы нацыстаў, здзекі захопнікаў над мірнымі людзьмі, было наканавана адыграць значную ролю ў пашырэнні партызанскага руху і ўзмацненні масава-палітычнай работы сярод партызан і жыхароў Случчыны. У справаздачы Слуцкага падпольнага райкама КП(б)Б Мінскаму абкаму КП(б)Б аб праведзенай рабоце адзначалася, што рэдакцыяй газеты «Народны мсцівец» за перыяд з красавіка па 1 жніўня 1943 г. выпушчана 17 965 экзэмпляраў газеты і лістовак. Газета выходзіла адзін раз у тыдзень па нядзелях агульным тыражом 250 – 300 экзэмпляраў. Толькі за чэрвень 1943 года было выдадзена 1 900 экз. газеты і 8 700 экз. лістовак. Тэматыка лістовак была разнастайнай: «Весткі з фронту», «Весткі з Caвецкай Радзімы», «Да паліцэйскіх і асоб, што знаходзяцца на службе ў немцаў», «Да моладзі Слуцкага раёна», «Да працоўных Слуцкага раёна», «Да чэхаў і славакаў» і інш.
За непрацяглы час вакол газеты згуртаваўся шырокі аўтарскі калектыў, які налічваў больш за 120 чалавек. Найбольш актыўнымі аўтарамі былі І.С. Канановіч – сакратар Слуцкага падпольнага райкама КП(б)Б, Карнееў, Абухва, Бялько, Скрылёў, Радкевіч, Радзюк, Верамейчык, Шаўцоў, Рыклін, Луцэвіч. Усяго ў тыле ворага выйшла 78 нумароў газеты агульным тыражом 37 300 экзэмпляраў). Апошні нумар газеты ў зоне партызанскіх злучэнняў выйшаў 25 чэрвеня 1944 г. Таксама было выдадзена 72 000 экз. лістовак і адозваў, іншых агітацыйна-прапагандысцкіх матэрыялаў.
Першая старонка «Народнага мсціўца» мела звычайнае для таго часу афармленне: уверсе характэрныя лозунгі: «Смерць нямецкім акупантам!» і «Прачытаў – перадай другому». Побач з загалоўкам газеты, у шпігелі, змяшчаліся заклікі, цытаты, вершы, практычна ўсе нумары пачыналіся з рэдакцыйных артыкулаў. Газета мела пастаянныя рубрыкі: «Весткі з фронту», «За граніцай», «Да савецкага насельніцтва», «Паведамленні Саўінфармбюро» і інш.
Газета і выпушчаныя ў партызанскай друкарні лістоўкі карысталіся сярод жыхароў вялікай папулярнасцю. «У г. Слуцку на рынку за газету «Народны мсцівец» і нашы лістоўкі плацяць па 50 руб. Нямецка-фашысцкую літаратуру насельніцтва ненавідзіць… Пры з’яўленні нашых партызан у вёсках жыхары заўсёды пытаюцца: «Дайце, калі ласка, нам лістоўку ці газету», – адзначалі ў справаздачы кіраўнікі Слуцкага райкама партыі. 3 цягам часу аб’ём газеты павялічыўся, у 1944 г. «Народны мсцівец» выдаваўся ўжо на чатырох старонках замест ранейшых дзвюх.
Больш разнастайным стаў змест. У шматлікіх артыкулах, зваротах, адозвах, паведамленнях «Народны мсцівец» паказваў рэальную карціну народнай барацьбы. Газета пісала гісторыю народнага змагання з ворагам і часам ледзь не па днях і тыднях можна прасачыць, што адбывалася ў зоне дзеяння партызанскіх атрадаў Случчыны. Газетныя старонкі – гэта яшчэ і гісторыя ў дакументах і асобах, а публікацыі, што захаваліся праз многія дзесяцігоддзі пасля вайны, падчас з’яўляюцца адзінай крыніцай інфармацыі пра таго ці іншага чалавека. У нумары за 13 чэрвеня 1943 г. «Народнага мсціўца» змешчаны невялікі допіс у рэдакцыю «Заданне выканалі»: «Я і партызаны Міхаіл Н. і Косця X., атрымаўшы баявое заданне, пайшлі яго выконваць. Перш-наперш мы пашкодзілі тэлефонна-тэлеграфную сувязь па шляху Слуцк – Урэчча на працягу 3-х кіламетраў. Заўважыўшы, што на гэтай дарозе ходзяць нямецкія машыны, мы парашылі яе замініраваць. Міна дарэмна не прапала. Скора сюдой ішла сямітонка. Яна ўзляцела ў паветра. Забіта тры гітлераўцы». Такія матэрыялы займалі значную плошчу на старонках газеты. Спачатку яны падаваліся выпадкова, але паступова рэдакцыя пачала сістэматызаваць інфармацыю. Напрыклад, газета-партызанка рэгулярна друкавала матэрыялы, у якіх заклікала сялян хаваць сабраны хлеб і не аддаваць нямецкім акупантам.
У суботнім нумары «Народнага мсціўца» за 1 студзеня 1944 г. з’явілася інфармацыя «Зборнік вершаў «Слуцкі пояс». Пад гэтай назвай партызанская друкарня выпусціла зборнік вершаў А. Астрэйкі. Выданне аформілі мастакі С. Залаты і С. Бяляеў. Гэта быў унікальны для паэзіі ваеннага часу зборнік. Самыя лепшыя вершы (іх налічвалася 22) былі сабраны ў асобную кніжку. Пасля баявой сутычкі з ворагам партызаны здабылі паперу, выразалі драўляныя застаўкі-клішэ, фарбай служыла вакса з сажай. Кніжка вершаў, адказным за выпуск якой з’яўляўся М.Е. Дастанка, пачыналася словамі аўтара: «Прысвячаю слуцкім партызанам брыгады імені Чкалава». Прадмову да зборніка напісаў сакратар Слуцкага падпольнага раённага камітэта КП(б)Б І.С. Канановіч.
У газеце быў надрукаваны рэдакцыйны артыкул «Новы манеўр гітлераўцаў». «Гітлераўцы пусціліся на новую правакацыю, – гаварылася ў артыкуле. – Генеральны камісар Беларусі Вільгельм Кубэ, або як проста яго называюць, бандыт у кубе, па загаду сваіх гаспадароў рашыў арганізаваць арганізацыю для беларускай моладзі. Для моладзі, уступіўшай у фашысцкі саюз, нават прыдумана кпяймо-ромб, на ім чалавечы чэрап, два крыжы, рыдлёўка і кінжал – напэўна, «смерць беларускай моладзі». У матэрыяле не толькі выкрывалася каварная задума гітлераўцаў, але і гучаў заклік да барацьбы.
У гэтым жа нумары быў змешчаны верш супрацоўніка рэдакцыі I. Хатэнкі «He ідзі ў нямецкую няволю»:
Не паддавайся злой прыманцы,
Прадбач абман заўчасна ты,
Глядзі, каб сілаю паганцы
He завязлі цябе туды,
Туды, дзе церпяць здзекі, мукі,
Дзе з паднявольных кроў і пот
П’юць фашысцкія гадзюкі,
Дзе правіць Гітлер-ідыёт.
He ідзі ў няволю на чужыну:
Загінеш марна, памятай.
Лепш змагайся за Радзіму,
За свой народ, за вольны край.
Хутчэй бяры ты зброю ў рукі,
Нямецкі зброд даві, калі,
Пакуль фашысцкія гадзюкі
Па нашай поўзаюць зямлі.
Матэрыялы Дастанкі-публіцыста на старонках «Народнага мсціўца» вызначаюцца трапнасцю, паказваюць падзеі ў дынаміцы, глыбока раскрываюць вобразы народных мсціўцаў. У замалёўцы «На Урэччы» аўтар шляхам простага параўнання таго, як жылі людзі да прыходу немцаў і як жывецца ім пры «крывавым парадку», дабіваецца высокага публіцыстычнага гучання публікацыі: «Нядаўна фашысцкія прыхвасні згвалтавалі цяжарную жанчыну Сцёпу X. У дом Івана В. уварваліся два п’яныя фашысты. Яны выгналі з дому дзяцей і самога Івана. Пакінуўшы ў кватэры жонку, пад пагрозай напалі на яе і згвалтавалі. Нянавісцю поўняцца сэрцы ўрэчцаў за крывавыя справы гітлераўцаў… Штoдзённа дзесяткі ўрэчцаў уходзяць у рады народных мсціўцаў, каб са зброяй у руках хутчэй ачысціць родную зямлю ад нямецкай погані». У другой публікацыі-падборцы «Дапамога народа», куды ўвайшлі тры невялікія інфармацыі, аўтар на канкрэтных прыкладах паказаў, як сяляне дапамаглі народным мсціўцам – дзе трафейную зброю зберагалі, дзесьці нямецкую засаду заўважылі і папярэдзілі разведчыкаў, а дзе з дапамогай партызан нават мост спалілі – каб не было магчымасці немцам-рабаўнікам трапіць у вёску. У 1944 г. газета змясціла тры замалёўкі галоўнага рэдактара пад агульнай назвай «Слуцкія людзі», у якіх расказвалася пра камбрыга брыгады імя Фрунзэ, камандзіра і камісара партызанскага атрада імя 14 Слуцкіх партызан. «Такіх слуцкіх людзей – важакоў партызанскіх атрадаў – многа. Случчане занялі ганаровае месца ў радах барацьбітоў за вызваленне сваёй краіны», – падводзіў вынікі дзейнасці патрыётаў краю аўтар.
Многія рэдакцыйныя матэрыялы рыхтаваліся з мэтай выкрыцця намераў захопнікаў па стварэнні ў Беларусі розных прафашысцкіх калабаранцкіх арганізацый, у прыватнасці «Беларускай краёвай абароны». Рэдакцыя праз газету і лістоўкі вяла контрпрапагандысцкую работу сярод насельніцтва з мэтай недапушчэння мабілізацыі мужчын у гэта варожае фарміраванне, тлумачыла сутнасць каварных планаў гітлераўцаў. Нават пасля вайны былы галоўны рэдактар «Народнага мсціўца» працягваў пісаць пра тых людзей, якія дапамагалі партызанам, рэдакцыі газеты.
Дастанка шмат рабіў, каб «Народны мсцівец» стаў змястоўным, цікавым выданнем, даваў сваім чытачам інфармацыю, здольную абудзіць лепшыя патрыятычныя пачуцці. Дзякуючы яму выданне стала рознабаковым, імкнулася ахапіць усе сферы тагачаснага жыцця, нягледзячы на складаныя ваенныя ўмовы. Газета друкавала не толькі палымяныя публіцыстычныя артыкулы-заклікі, але і пісала пра звычайных людзей, што кавалі перамогу над фашызмам. Як адзначаюць навукоўцы, дзейнасць газеты «Народны мсцівец» – адметная старонка ў гісторыі падпольных выданняў Беларусі часоў Вялікай Айчыннай вайны.
Па публікацыях Наталлі ЗУБЧОНАК,
кандыдата філалагічных навук,
дацэнта кафедры гісторыі журналістыкі
і літаратуры факультэта журналістыкі БДУ.