На мінулым тыдні адбылося пасяджэнне клуба аператараў машыннага даення – сямітысячніц

За добрасумленнасць і плённую працу дзякавалі аператарам машыннага даення кароў Случчыны на традыцыйным мерапрыемстве, якое прайшло напярэдадні прыгожага вясновага свята – Дня жанчын у гарадскім маладзёжным цэнтры.

Працавітыя, адказныя, актыўныя, неабыякавыя – менавіта такія аператары машыннага даення ў Слуцкім раёне. Дзякуючы ў тым ліку і іх намаганням наш раён упэўнена трымае лідзіруючую пазіцыю ў вобласці і другое месца ў краіне па валавой вытворчасці малака. Старшыня Слуцкага раённага выканаўчага камітэта Андрэй Уладзіслававіч Янчэўскі падчас пасяджэння адзначыў, што наш раён забяспечвае 10 працэнтаў у структуры валавой вытворчасці малака ў вобласці. Па выніках мінулага года 22 малочнатаварныя фермы, комплексы ў сярэднім ад кожнай каровы атрымалі больш за сем тысяч кілаграмаў малака, у тым ліку на дзвюх фермах – больш за дзевяць тысяч кілаграмаў і на дзвюх – больш за восем тысяч кілаграмаў малака. 84 аператары машыннага даення надаілі больш за сем тысяч кілаграмаў малака ад каровы. 

Андрэй Уладзіслававіч падзякаваў за высокія вытворчыя вынікі ў малочнай галіне і пажадаў моцнага здароўя, душэўнай цеплыні, дабрабыту,  каб радавалі блізкія, у сем’ях панаваў лад і спакой.

Пераможцам працоўнага спаборніцтва ўручаны дыпломы і грашовыя прэміі. Лепшых вынікаў сярод сельгасарганізацый па ўдоі малака ад каровы за 2017 год дасягнулі працоўныя калектывы адкрытага акцыянернага таварыства «Вітка-Агра» (дырэктар Вадзім Аляксандравіч Давідовіч;  удой ад каровы 8 312 кг (+320 кг да 2016 г.); філіяла «Падсобная сельская гаспадарка» ААТ «Слуцкі мясакамбінат» (дырэктар Дзмітрый Сяргеевіч Каралёў; удой ад каровы 7 448 кг (+ 485 кг да 2016 г.); сельскагаспадарчага філіяла «Агра-Замосце» ААТ «Слуцкі камбінат хлебапрадуктаў» (начальнік Мікалай Анатольевіч Хмялёў; удой ад каровы 7 348 кг (+ 245 кг да 2016 г.);  сельскагаспадарчага філіяла «Крывая Града» ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат» (начальнік Уладзімір Анатольевіч Крыжаноўскі; удой ад каровы 7 341 кг (+ 456 кг да 2016 г.); раённага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства «Саўгас «Слуцк» (дырэктар Аляксей Сяргеевіч Родзік; удой ад каровы 7 001 кг (+ 229 кг да 2016 г.).

Сярод малочнатаварных ферм і комплексаў вылучыліся калектывы: малочнатаварнага комплексу аг. Акцябр ААТ «Вітка-Агра» (загадчыца Таццяна Віктараўна Хадаровіч; удой ад каровы 9 448 кг (+ 1 214 кг да 2016 г.); малочнатаварнай фермы аг. Вясея ААТ «Вясейскі Пакроў» (загадчыца Святлана Мікалаеўна Ганчарэвіч; удой ад каровы 9 014 кг (+ 108 кг да 2016 г.); малочнатаварнага комплексу вёскі Сярагі 4/3 ААТ «Аграфірма «Лучнікі»  (загадчыца Вольга Іванаўна Кавалёнак; удой ад каровы 8 969 кг); малочнатаварнага комплексу вёскі Цалевічы ААТ «Вітка-Агра» (начальнік Алена Дзмітрыеўна Шнэк; удой ад каровы 8 614 кг).

Падчас мерапрыемства ўшанавалі працоўную дынастыю Філютаў з ААТ «Вясейскі Пакроў». Зоя Іванаўна Філюта 37 гадоў працуе аператарам машыннага даення на малочнатаварнай ферме №1 аг. Вясея. У роднай гаспадарцы працуюць аператарамі машыннага даення і дочкі жанчыны  Святлана і Наталля, сыны Сяргей і Віталій – трактарысты-машыністы, заняты  таксама ў жывёлагадоўчай галіне. У гаспадарцы працуюць і іх жонкі  Кацярына і Таццяна. Муж Зоі Іванаўны Іван Іванавіч зараз на заслужаным адпачынку, але заўсёды побач. Агульны працоўны стаж Філютаў – 107 гадоў.

Памятным прызам «За вернасць прафесіі» ўзнагародзілі аператара машыннага даення КСУП «Эксперыментальная база «Танежыцы» Таццяну Міхайлаўну Волкаву. З 1979 года працуе ў жывёлагадоўчай галіне Таццяна Міхайлаўна. Добры, спагадлівы, працавіты чалавек, вось ужо пяць гадоў, як яна можа знаходзіцца на заслужаным адпачынку, але працягвае працаваць. Таццяна Міхайлаўна гаворыць, што любіць сваю прафесію і, пакуль ёсць сілы, будзе працаваць.

Па выніках 2017 года ў лідарах па ўдоі малака ад каровы – аператары адкрытага акцыянернага таварыства «Вясейскі Пакроў» Лілія Фёдараўна Трафімовіч (10 303 кг) і Любоў Іванаўна Цімафіевіч (10 276 кг). Больш за дзевяць тысяч кілаграмаў малака надаілі працаўніцы ААТ «Аграфірма «Лучнікі», «Вітка-Агра», «Вясейскі Пакроў», філіяла «Падсобная сельская гаспадарка» ААТ «Слуцкі мясакамбінат».

Падзякавалі аператарам машыннага даення за добрасумленную працу першы намеснік старшыні Слуцкага райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Дзмітрый Сяргеевіч Каралёў, старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Таццяна Ігараўна Гурбо.
Ушанавалі і ганаровага члена клуба сямітысячніц – былога кіраўніка ААТ «Вясейскі Пакроў» Лілію Міхайлаўну Савановіч – кавалера ордэнаў Леніна і Працоўнага Чырвонага Сцяга. 

А свята ўдалося на славу. Віншаванні, песні, танцы і проста сустрэча з калегамі… Парадаваў і той факт, што акрамя сямітысячніц – тых, хто дасягнуў рубяжу не толькі ў сем, але і ў восем, дзевяць і нават дзесяць тысяч кілаграмаў малака, – на пасяджэнні прысутнічалі і іншыя лепшыя прадстаўнікі гаспадарак у жывёлагадоўчай галіне. І няхай не ва ўсіх паказчыкі пакуль што даходзяць да сямі тысяч, можна быць упэўненым: выдатныя прыклады калег матывуюць, а жаданне ўдасканальваць свае прафесійныя навыкі і плённа працаваць абавязкова прывядзе да поспеху.
Творчыя калектывы Случчыны парадавалі працаўнікоў жывёлагадоўчай галіны цудоўнымі песнямі, а адкрытыя акцыянерныя таварыствы «Слуцкі сыраробны камбінат», «Слуцкі мясакамбінат», «Слуцкі камбінат хлебапрадуктаў» прапанавалі прадэгуставаць сваю прадукцыю.

Ірына КАВАЛЕНКА.












Похожие записи