Чарговы футбольны сезон завяршыўся. Для слуцкай каманды ў вышэйшай лізе ён быў лепшым. Што ўдалося, а чаго не хапіла, разважае галоўны трэнер СФК «Слуцк» Віталій Генадзьевіч ПАЎЛАЎ.
Пра паспяховасць сезона
– Не сказаў бы, што сезон скончылі добра. Ёсць дваякае адчуванне, адчуванне незавершанай работы. Пачалі мы даволі ўдачна, але другі круг прайшлі няроўна. Гэта, дарэчы, уласціва многім у чэмпіянаце Беларусі ў гэтым годзе, а ён у нас даволі шчыльны, 10 каманд прыкладна аднаго ўзроўню, ні адна не набрала максімальную колькасць ачкоў. Вядома, для нас адчувальным стаў сыход Себаі. У гэтым сезоне ён раскрыўся, зайграў, і цяпер у Расіі ў лідарах. Не атрымалася закрыць гэту пазіцыю. Новыя гульцы добра ўвайшлі ў каманду, але ў іх, на жаль, не атрымлівалася ўзяць на сябе завяршэнне галявых момантаў. Канэ, тэхнічны, хуткі, выконваў вялікі аб’ём работы, а выніковай канцоўкі не было.
Да гульцоў у мяне прэтэнзій няма. Яны стараліся, адказна ставіліся да сваёй справы. Даволі эфектыўна прайшлі зборы ў Турцыі і тут, на трэніроўках футбалісты многа працавалі. На жаль, не абышлося без траўм. Дзмітрый Юсаў не змог вярнуцца на той узровень, на якім пачынаў у нас, якога чакалі. Зразумела, што пасля пералому пазванка ў яго спрацоўваў інстынкт самазахоўвання. Дзмітрый стараўся, выкладваўся ў гульні, працаваў, але не хапіла ўпэўненасці на завяршаючых стадыях атакі. Усё гэта паўплывала на вынік.
Пра якасць гульні
– Мы добра пачалі сезон, разумелі, што трэба якасна выконваць сваю работу. У нас атрымалася цэласная каманда, такі моцны серадняк. У першым крузе мы вымусілі паважаць нас, супраць «Слуцка» сталі гуляць па-іншаму, больш закрывацца. Мы стараліся атакаваць, гуляць хутчэй больш пераводзіць мяч на палову саперніка. Пэўна, гульня не была такой ужо прыгожай, відовішчнай, але патрэбен быў вынік. Цяпер каманды гуляюць шчыльна, многа тактыкі ў дзеяннях, цяжка «ўскрыць» абарону, патрэбны моцныя выканаўцы. І няхай у нас няма Марадоны ці Месі, у нас цэльная каманда. Добрая, дружная, як сям’я. І трэнеры, і рабяты падтрымлівалі адзін аднаго, пастараліся стварыць атмасферу даверу. І некаторыя з гульцоў па-іншаму заігралі, раскрыліся. Саша Яцкевіч, напрыклад, можа і не такі тэхнічны, але вельмі працалюбівы і працаздольны, самаадданы. З Себаі яны дапаўнялі адзін аднаго.
З салігорскім «Шахцёрам», лічу, мы змагаліся добра, не саступілі па якасці ні ў адной гульні. У другім крузе былі матчы, у якіх па статыстыцы наш клуб быў лепшым, але прайграваў у выніку. Здараліся і дзіцячыя памылкі, тут не запраграмуеш, цяжка прадбачыць – чалавечы фактар, нават «зоркі» памыляюцца. Гублялі ачкі ў нядрэнных з нашага боку гульнях. Гэта футбол, ён непрадказальны. За гэта яго і любяць.
Стварыць каманду, моцную, як сям’я
– Я сам футбаліст, прайшоў гэтую школу. Назіраў за трэнерамі, аналізаваў, сам быў у калектыве, таму пэўныя вывады зрабіў. Я заўсёды падбіраю гульцоў не толькі па прафесійных якасцях, а і па чалавечых. У футбол гуляюць адзінаццаць чалавек, і калі адзін выпадае, пачынаецца бардак. Перад падпісаннем кантрактаў я з кожным размаўляю, прыглядваюся, назіраю пэўны час. Калі людзі ў калектыве супадаюць, камфортная атмасфера, гэта дапамагае дасягнуць выніку. Я стараўся пазбавіць хлопцаў некаторых бытавых пытанняў, нейкіх знешніх праблем, каб яны былі сканцэнтраваны на сваёй рабоце. Ніякіх канфліктаў у нас не было.
Якія змены чакаюць каманду
– Балельшчыкам, а яны ў нас цудоўныя, вядома, хочацца кожны раз станоўчага выніку. Але трэба разумець, што мы не можам запрасіць «зорак», якія будуць вырашаць, выцягваць гульню. Пакуль запланаваны прагляд чатырох легіянераў з далёкага замежжа: два форварды, паўабаронца і абаронца. Будзем шукаць і такіх гульцоў, якім важна праявіць сябе, а не фінансавыя ўмовы, канечне, адпаведнага ўзроўню. Я стараюся сам падбіраць кадры, праўда, цяпер крыху больш даводзіцца працаваць з агентамі. Калі ў футбаліста ёсць хуткасць, ён тэхнічны і думае на полі – цудоўна. Мы паставілі сабе планку і цяпер будзем старацца працаваць, каб толькі прагрэсіраваць. Зыходзячы з узроўня футбалістаў будзем прымяняць і тую ці іншую схему гульні, можа, паспрабуем з трыма абаронцамі. У футболе няма дробязей, нюансы таксама маюць вырашальнае значэнне. На кожным участку поля гулец павінен зрабіць максімум.
Бліжэйшыя планы
У нас стабільная сітуацыя, Мікалай Паўлавіч Пруднік – добры кіраўнік. Работа і клуба, і стадыёна добра наладжана – усё здорава. Нам застаецца толькі працаваць.
Цяпер мы зоймемся камплектаваннем каманды, я працягваю трэнерскую вучобу. Падчас невялікага адпачынку адпраўлюся да бацькоў, ва Украіну, хачу наведаць родных. Кантракт мой дзейнічае да 20 студзеня. Пакуль я застаюся.
Запісала Ірына ВЕЧАР.
- СФК «Слуцк» пакінулі Арцём Гурэнка, Дзмітрый Юсаў, Аляксандр Сафонаў, Ібрагім Канэ, Дзмітрый Шчагрыковіч, Аляксандр Быліна. Працягнулі кантракты з клубам Ігар Бабко, Барыс Панкратаў, Віталій Кібук, Сяргей Шчагрыковіч, Аляксандр Яцкевіч, Дзяніс Образаў. Па словах галоўнага трэнера Віталія Паўлава, у камандзе застаюцца Арцём Бобух, Яўгеній Шыкаўка.