Паважаныя жыхары Случчыны! Дарагія сябры!
Прыміце шчырыя, сардэчныя віншаванні са светлымі святамі – Новым годам і Нараджэннем Хрыстовым.
Да іх мы заўсёды рыхтуемся загадзя і, нягледзячы на мноства спраў, галоўным лічым цеплыню чалавечых адносін. Напярэдадні навагодніх урачыстасцей мы імкнёмся паспець зрабіць для іншых нешта важнае, карыснае, дапамагчы тым, хто мае патрэбу ў клопаце і ўвазе. У гэтых шчырых парывах, у бескарыслівай шчодрасці і праяўляецца чароўная сіла ўсімі любімых святаў.
Адыходзячы 2020-ы стаў для раёна, як і для ўсёй краіны, годам выпрабаванняў і цяжкіх рашэнняў, ён змяніў прыярытэты, прымусіў нас мабілізавацца перад пагрозай каронавіруснай інфекцыі COVID-19, праявіць свае лепшыя чалавечыя якасці. Многія неабыякавыя случчане ўнеслі свой пасільны ўклад у выратаванне жыцця хворых, у аказанне дапамогі тым, хто застаўся з каронавірусам адзін на адзін. У гэты цяжкі час мы з новай сілай усвядомілі, як шмат для нас значаць блізкія і родныя людзі, што самай галоўнай каштоўнасцю на зямлі з’яўляецца жыццё і здароўе. Гэта прымусіла нас па-новаму зірнуць на працу медыкаў, ацаніць іх самаадданасць, прафесіяналізм і бескарыслівае служэнне людзям.
Напярэдадні новага года мы ацэньваем зробленае і думаем, што неабходна зрабіць, каб 2021 год апраўдаў нашы надзеі і даў новы імпульс для развіцця рэгіёну.
У 2020 годзе, дзякуючы нястомнай працы жыхароў Случчыны, іх адказнасці і высокаму прафесіяналізму, мы будавалі жыллё, расцілі хлеб і рэалізоўвалі важныя праекты.
Добрасумленная праца случчан была высока адзначана Кіраўніком дзяржавы: ордэны Пашаны атрымалі Наталля Уладзіміраўна Беразоўская, аператар машыннага даення ААТ «Вясейскі Пакроў», і Дзмітрый Дзям’янавіч Чырэц, дырэктар ААТ «Слуцкі хлебазавод». Галіне Аляксандраўне Касымакунавай, жывёлаводу філіяла «Падсобная сельская гаспадарка» ААТ «Слуцкі мясакамбінат», прысвоена званне «Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь». Мікалай Рыгоравіч Красуцкі, дырэктар ДП «Саўгас «Рачкавічы» Беларускай чыгункі, узнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі».
У 2020 годзе Слуцкі раён здзейсніў сапраўдны прарыў на нарыхтоўцы насення рапсу і кармоў. Нашы аграрыі занялі першае месца ў вобласці і трэцяе ў рэспубліцы па валавой вытворчасці збожжавых і зернебабовых культур. Ужо шмат гадоў па валавой вытворчасці малака мы займаем першае месца ў вобласці, гэты год прынёс нам трэці вынік у рэспубліцы.
Істотны ўклад у развіццё эканомікі раёна ўнесены прамысловымі прадпрыемствамі, якія забяспечылі прырост аб’ёму вытворчасці на 7,9%. Прадпрыемствы Слуцкага раёна ў 2020 годзе рэалізавалі праз сферу знешняга гандлю 45% вырабленай прадукцыі, пастаўляючы яе ў 44 краіны свету.
Прадукцыя нашых заводаў, фабрык і камбінатаў вядома на рынку і карыстаецца попытам у спажыўцоў, неаднаразова адзначана дыпломамі і ўзнагародамі прэстыжных рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. Сярод лепшых прадпрыемстваў краіны – ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат», уладальнік Рэспубліканскай прэміі «Лідар спажывецкага рынку – 2020».
У 2020 годзе палепшылі жыллёвыя ўмовы 276 мнагадзетных сем’яў, завершана будаўніцтва чатырох шматкватэрных жылых дамоў.
Працягнута работа па ўвядзенні важных сацыяльных аб’ектаў, якія напрамую ўплываюць на здароўе людзей, – да работы сямі станцый па абезжалезванні вады падключыліся яшчэ пяць.
Усе гэтыя вынікі дасягнуты дзякуючы зладжанай і напружанай працы старэйшага пакалення, крэатыўнай і энергічнай моладзі, ад прафесіяналізму і працавітасці якой будзе залежаць дабрабыт нашага рэгіёну ў будучыні.
Заслужаную славу Слуцкаму раёну прынеслі перамогі навучэнцаў устаноў адукацыі на прэстыжных рэспубліканскіх і міжнародных алімпіядах, канферэнцыях і конкурсах. Мы высока цэнім працу тых, хто вядзе дзяцей па дарозе ведаў, і дзякуючы якім дасягненні юных случчан займаюць значнае месца ў агульнай скарбонцы поспехаў.
Заканамерна, што ў 2020 годзе пераможцам рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь» у намінацыі «Выхавальнік дашкольнай адукацыі» стала выхавальнік дашкольнай адукацыі ДУА «Дзіцячы цэнтр развіцця дзіцяці «Сонейка» Вікторыя Пятроўна Гяч, а ганаровае званне «Вучань года Мінскай вобласці-2020» у намінацыі «Праектная дзейнасць» прысуджана вучаніцы XI класа ДУА «Сярэдняя школа № 11 г.Слуцка» Лізавеце Грынюк.
Моладзь сёння – надзейны партнёр у развіцці важных ініцыятыў і рэалізацыі прыярытэтных праектаў. Актыўная і выніковая дзейнасць маладзёжных арганізацый Случчыны адзначана на высокім узроўні: Валерыя Паўлюкевіч, навучэнка ДУА «Сярэдняя школа №5 г. Слуцка», стала пераможцам абласнога конкурсу «Валанцёр года-2020»; Яўген Жук, майстар аддзела КІПіА ААТ «Слуцкі цукроварафінадны камбінат», і Дзмітрый Чарноў, настаўнік фізікі і астраноміі ДУА «Сярэдняя школа №11 г. Слуцка», сталі лепшымі ў абласным конкурсе «Малады лідар Міншчыны».
Мы ганарымся вынікамі сумеснай працы ў такім няпростым 2020 годзе і будуем планы на новы год, таму што верым у случчан, якія любяць гэтую зямлю і зробяць усё, каб іх малая радзіма квітнела. Мы паспяхова справімся з уплывам каронавіруса на эканамічнае і сацыяльнае развіццё рэгіёну, таму што наш галоўны патэнцыял – гэта вы – працавітыя і адданыя абранай справе людзі. Разам мы ажыццявім усё вызначанае і, галоўнае, зробім так, каб надыходзячы год стаў годам міру і згоды.
Дарагія сябры! Няхай 2021-ы будзе кропкай адліку для добрых пачынанняў, часам добрых надзей і жаданых перамен. І яны абавязкова прыйдуць у наша жыццё, калі кожны з нас заўсёды будзе памятаць пра блізкіх і родных людзей, падтрымліваць тых, хто побач, хто мае патрэбу ў дапамозе і душэўнай шчодрасці.
Няхай гэты год стане чарадой шчаслівых і радасных дзён, напоўненых любоўю, дабром і верай у лепшае! Шчыра жадаю вам моцнага здароўя, поспехаў, дабрабыту, няхай шчасце і згода назаўжды паселяцца ў вашым доме і дапамогуць пераадолець усе цяжкасці. Са святам!
Старшыня Слуцкага раённага
выканаўчага камітэта А.У. Янчэўскі.