З першай хвіліны размовы з Віктарам Уладзіміравічам Сучком адчуваецца, што ён вельмі добры, душэўны і сціплы чалавек.
Гэта пацвердзіла і маленькая казусная сітуацыя, калі рэдакцыйны фотаапарат «не захацеў» аддаваць фотаздымкі Віктара Уладзіміравіча, і мне зноў давялося назаляць чалавеку, каб зрабіць фотаздымак. «Нічога-нічога, прыязджайце, трэба, дык трэба, я разумею, у вас – свая работа, – сказаў Віктар Уладзіміравіч па тэлефоне. – Столькі ўвагі да мяне, аж няёмка».
Усё сваё жыццё гэты чалавек працуе ў ААТ «Аграфірма «Лучнікі», а дакладней, з 1980 года. Быў вадзіцелем грузавых машын, а ў 2000 годзе перасеў на трактар. Так што сёлета своеасаблівы прафесійны юбілей – 20 гадоў, як Віктар Уладзіміравіч працуе трактарыстам. Прызнаецца, у маладосці спрабаваў працаваць у Слуцку, уладкаваўся на мэблевую фабрыку, але «гарадская» работа не прыйшлася па душы.
– Я працу на зямлі люблю, зірніце, якія прасторы, якое хараство, – усміхаецца Віктар Уладзіміравіч. – Відаць, у генах гэта закладзена, я ж сельскі жыхар, ураджэнец Лучнікоў.
Пах скошанай травы плыў над палеткам каля вёскі Паўлаўка, дзе працаваў Віктар Уладзіміравіч: на комплексе «Палессе» УЭС 2-250 скошваў траву. Ён расказаў, што ў аграфірме «Лучнікі» гэта ўжо чацвёрты ўкос шматгадовых траў, заняты пераважна на гэтай рабоце. Як я даведалася ў гаспадарцы, гэты чалавек універсальны трактарыст, спраўна спраўляецца і з іншымі агратэхнічнымі аперацыямі, у тым ліку працуе на сяўбе, заняты на работах па ворыве, па доглядзе за пасевамі. Акрамя кормаўборачнага комплексу «Палесся» за Віктарам Уладзіміравічам замацаваны таксама трактар МТЗ-3022. Абедзвюм машынам па 10 гадоў, але яны ў добрым стане, за іх «здароўем» уважліва сочыць, даглядае механізатар.
У ААТ «Аграфірма «Лучнікі» пра Віктара Сучка самыя станоўчыя водгукі, кіраўніцтва, калегі гавораць, што ён выдатны работнік, грунтоўна ведае тэхніку, працуе, не лічачыся з часам, адказны чалавек. За сваю працу мае граматы, іншыя заахвочванні.
Дарэчы, двое яго сыноў таксама выбралі сельскагаспадарчую сферу (працуюць у іншых рэгіёнах), адзін з сыноў, як і бацька, трактарыст. Усяго ў сям’і Сучок трое дзяцей (дачка жыве і працуе ў Слуцку), дзевяць унукаў. У наступным годзе споўніцца 40 гадоў, як Віктар Уладзіміравіч і яго жонка Тамара разам крочаць па сямейнай дарозе. Жывуць яны ў аграгарадку Лучнікі, трымаюць хатнюю гаспадарку, па-ранейшаму з задавальненнем працуюць на зямлі.
– Зямля – карміцелька, без яе сельскаму чалавеку нельга, ды любому іншаму таксама, асабліва нам, жыхарам Беларусі. Зямля – наша галоўная каштоўнасць. З любоўю, з клопатам трэба ставіцца да яе, і яна заўсёды аддзячыць, – перакананы Віктар Сучок.
 
								 
																											 
												 
												 
												 
             
             
					 
					 
					