У вёсцы Уланава жывуць актыўныя і ініцыятыўныя людзі. Чаму? Усё проста: у мінулую суботу яны ўласнымі сіламі навялі парадак на мясцовых могілках.

Ініцыіравалі правядзенне суботніка актыўныя жыхаркі Валянціна Мікалаеўна Усціновіч, Галіна Уладзіміраўна Ілюкевіч і стараста вёскі Святлана Уладзіміраўна Любецкая, яна ж – і дэпутат Бокшыцкага сельскага Савета дэпутатаў. 

У добраўпарадкаванні прынялі ўдзел 26 чалавек. І не толькі мясцовыя жыхары. Прыехалі людзі з Салігорска, Слуцка, Мінска, некаторых іншых вёсак раёна, чые родныя пахаваны там на могілках. У вёсцы ж – 27 двароў, там жывуць 36 чалавек і амаль усе пенсіённага ўзросту. Ды большасць з іх ужо не можа выконваць цяжкую фізічную работу.  

Зладжанная праца на працягу пяці гадзін – і на могілках парадак. Там высеклі хмызняк, спілілі старыя дрэвы, убралі галлё, смецце, абкасілі тэрыторыю. А яшчэ прывялі ў парадак закінутыя пахаванні. 
Як адзначыў старшыня Бокшыцкага сельвыканкама Уладзімір Віктаравіч Гарбенка, дзякуючы нераўнадушным людзям зараз на могілках парадак, усё зроблена без прыцягнення якой-небудзь дапамогі.



Згадзіцеся, добрая ініцыятыва. І вельмі добра, што яе падтрымалі, дружна ўзяліся за справу. 
Ірына КАВАЛЕНКА
Фота Уладзіміра ГАРБЕНКА.

Похожие записи