У рамках мерапрыемстваў, прысвечаных Году малой радзімы, у галерэі мастацтваў імя У.С. Садзіна прадстаўлены аўтарскі праект «Ад натуры да вобраза» мастака-жывапісца, графіка Аляксандра Міхайлавіча Рубца.
Мастак цяпер жыве ў Пяцігорску. Яго дзяцінства прайшло на Случчыне. Ён закончыў сярэднюю школу №9 у Слуцку, займаўся ў студыі выяўленчага мастацтва пры Доме піянераў і школьнікаў у вядомага мастака Уладзіміра Сцяпанавіча Садзіна. Аляксандр Міхайлавіч адзначыў, што менавіта дзякуючы У.С. Садзіну ён стаў мастаком.
– Я з вялікім задавальненнем прыехаў у Слуцк – родны для мяне горад. Тут я вырас, атрымаў аснову, якая дапамагла мне сфарміравацца як асобе, вызначыцца з прафесіяй, – гаварыў падчас адкрыцця выстаўкі мастак.
Аляксандр Міхайлавіч Рубец – віцэ-прэзідэнт творчага саюза мастакоў Расіі, ганаровы акадэмік Расійскай акадэміі мастацтваў. Любімыя матывы мастака – пейзаж, нацюрморт. Ён пастаянна ўдзельнічае ў пленэрах, якія арганізуюцца на поўдні Расіі.
На палотнах майстра – вуліцы і рэкі Пяцігорска, Эльбрус, гара Бештау, Паўночная Асеція, Аланія, гарадскія пейзажы, нацюрморты. Падчас працы з гэтымі вобразамі жывапісцу ўдаецца адчуць нацыянальны характар мясцовых жыхароў і шматгранную прыроду Каўказа. А.М. Рубец выкарыстоўвае буйныя грубаватыя мазкі і складаную каляровую гаму, у якой пераважае аліўкавы колер.
У экспазіцыі ў галерэі мастацтваў прадстаўлены творы мастака 2015 – 2018 гадоў. Створаны яны на аснове пленэраў у гарах Каўказа. Аляксандр Міхайлавіч падарыў дзве свае работы галерэі мастацтваў, яшчэ адну карціну – сярэдняй школе №9.
– Работы Аляксандра Рубца ўпершыню прадстаўлены на Случчыне. Асабліва прыемна, што ў Год малой радзімы землякі не забываюць родны край і знаёмяць са сваёй творчасцю случчан, – адзначыла дырэктар Слуцкага краязнаўчага музея Наталля Георгіеўна Серык.
Пазнаёміцца з творчасцю Аляксандра Рубца можна ў галерэі мастацтваў да 1 кастрычніка.
Ірына КАВАЛЕНКА.