Імя механізатара ДП «Саўгас «Рачкавічы» Беларускай чыгункі Аляксандра Аляксандравіча Анціпцава вядомае не толькі на Случчыне, штогод з’яўляецца на старонках друку.

Падчас гарачай уборачнай пары ён паспяхова працуе сямейным экіпажам разам з братам Уладзімірам. У мінулым сезоне яны перамаглі на дыстанцыі ў дзве і тры тысячы тон збожжа. І сёлета Анціпцавы сталі першымі тысячнікамі ў вобласці. Аляксандр Аляксандравіч чатыры разы быў пераможцам абласнога спаборніцтва і двойчы рэспубліканскага. Цяпер ён заняў трэцяе месца ў абласным спаборніцтве сярод старшых камбайнераў. Пэўна, толькі ўлюбёны ў родную зямлю чалавек будзе так аддана шчыраваць на палетках.

А любоў гэта, можна сказаць, з дзяцінства. Бацькі Аляксандра Аляксандравіча таксама былі перадавікамі сельскага-спадарчай галіны. Так што змалку Аляксандр ведаў, як трэба працаваць і адкуль з’яўляюцца жыццёвыя даброты. Ён вучыўся ва ўніверсітэце на гісторыка, але пакінуў горад, вярнуўся ў родную вёску. І не шкадуе. Тут бацькі, тут выраслі дзеці…

Пасля жніва для механізатараў гарачая пара працягваецца. Аляксандр Аляксандравіч цяпер заняты на закладцы сянажных ям. Сціпла ўсміхаецца і не вельмі хоча расказваць пра сябе, свае за-слугі, маўляў, і так многа пра яго напісана.

Звяртаю ўвагу на чысценькі Амкадор, на якім зараз працуе Аляксандр Аляксандравіч. Мясцовы вадзіцель адзначае, што тэхніка Анціпцава  заўсёды дагледжана, у поўным парадку. Некалі яму аднаму з першых даверылі новы сучасны камбайн, разабраўся як працаваць на ім ці не за ноч. Вядома, вопыт. Расказваюць, што і ў дамашняй гаспадарцы механізатар Аляксандр Анціпцаў таксама на ўсе рукі майстар.

З надыходам халадоў пачынаюццца работы па падрыхтоўцы тэхнікі да новага сезону, гаворыць А.А. Анціпцаў, а калі ўсё спраўнае, працуе, то ён заняты  на адвозцы арганічных угнаенняў і іншых работах.

– Вядома ж, я люблю сваю працу, а інакш чаму ў горад не ўцякаю, – усмі-хаецца Аляксандр Аляксандравіч. – Людзі ў нас цудоўныя, кіраўніцтва добра адносіцца. Ды і работа на працягу года розная. Так што нікуды і не збіраўся ніколі.

Сумленны, шчыры чалавек, выдатны спецыяліст, адказны работнік. На такіх, як Аляксандр Аляксандравіч, і трымаецца гаспадарка, не перабольшу, калі скажу, што і краіна.

Ірына ВЕЧАР.

Похожие записи