Суботняй раніцай да нашай  школы пад’ехаў вялікі прыгожы аўтобус, і вучні старшых класаў адправіліся ў паездку.  Шлях ляжаў у суседні раён, да ўстановы адукацыі «Мар’інагорскі дзяржаўны ордэна «Знак Пашаны» аграрна-тэхнічны каледж імя У.Е. Лабанка». Пра гэту ўстанову шмат чулі, ведалі, што многія выпускнікі школы, спецыялісты сельгасарганізацый яе закончылі, але пабываць асабіста яшчэ не даводзілася.    

Ужо на ўваходзе нас вітаў намеснік дырэктара ўстановы па вучэбнай рабоце.

Прыемна было апынуцца ва ўтульнай аўдыторыі, дзе нас чакаў гарачы чай і выпечка. Тут мы паглядзелі відэафільм, паслухалі выступленне намесніка дырэктара ўстановы аб правілах паступлення, умовах вучобы і пражывання, задалі пытанні, якія цікавілі. Далей мы адправіліся ў падарожжа па каледжы. Здзіўляцца не пераставалі з багатай матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы, добразычлівасці і зацікаўленасці выкладчыкаў, колькасці грамат, падзяк, кубкаў, заваяваных у розных спаборніцтвах навучэнцамі і выкладчыкамі каледжа.

У хуткім часе нашы вучні ўключыліся ў гульні і майстар-класы, што праводзілі навучэнцы каледжа. У класе па агранаміі ўдзельнічалі ў розных доследах і вызначалі ўрадлівасць зямлі, даведаліся пра шкоднікаў аграрных культур, разбіраліся з насеннем і нават атрымалі пахвалу ад выкладчыка каледжа. Прыемна ўразілі нас квітнеючыя ландышы на падаконніку, якія навучэнцы каледжа змаглі вырасціць у лютым.

А далей было яшчэ больш цікава, калі мы наведалі гараж, дзе нам расказалі і паказалі тую тэхніку, на якой навучэнцы вучацца і атрымліваюць  вадзіцельскія правы. Гасцям далі магчымасць паглядзець на новенькі трактар «Беларусь» і грузавік МАЗ, легкавушку, можна было пакруціць руль, уявіць сябе сапраўдным вадзіцелем ці трактарыстам.

З асаблівай цікавасцю назіралі нашы старшакласнікі за майстар-класам па зборцы аўтамабільнага матора, які праводзілі студэнты. Цікава было паназіраць, ці змогуць хлопцы паўтарыць свой рэкорд па зборцы матора, які яны паказалі на рэспубліканскіх спаборніцтвах, заняўшы 3-е месца сярод сярэдніх спецыяльных устаноў у мінулым годзе.

У ходзе экскурсіі школьнікі не толькі даведаліся, што ў аграрна-тэхнічным каледжы можна стаць дыпламаваным механікам, электрыкам, аграномам, атрымаць вадзіцельскае пасведчанне па катэгорыі «А», «В», «D», але і развівацца асабіста і рознабакова. Вучні з захапленнем апладзіравалі музыкантам, танцорам і вакалістам падчас невялічкага канцэрта, падрыхтаванага для гасцей навучэнцамі і выкладчыкамі каледжа.

Экскурсія атрымалася працяглай па часе, але ніхто не засумаваў, наадварот, усё прайшло на адным дыханні, засталіся прыемныя ўспаміны. І напэўна, многія задумаліся, чаму б і не звязаць свой лёс з гэтай навучальнай установай. Тым больш, што 7 мэтавых накіраванняў ужо заключаны з нашай мясцовай гаспадаркай (4 – пасля 11-га, 3 – пасля 9-га класа). Дарэчы, дырэктар СГФ «Крывая Града» ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат» Уладзімір Анатольевіч Крыжаноўскі таксама выпускнік Мар’інагорскага каледжа. Дзякуючы яму і адбылася гэта паездка.

Школьнікі і настаўнікі Гацукоўскай СШ удзячныя У.А. Крыжаноўскаму за спонсарскую падтрымку, зацікаўленасць і нераўнадушша да жыцця роднай школы. Бо сапраўднаму гаспадару на зямлі да ўсяго ёсць справа.


Ірына КАСЦЕЦКАЯ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры.

Похожие записи