У Слуцкай цэнтральнай раённай бальніцы вялікую ўвагу надаюць умацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы, у тым ліку праводзяць рамонтныя работы.
Нядаўна новы выгляд набыў Прошчыцкі фельчарска-акушэрскі пункт (на верхнім здымку). Будынак ФАПа абшылі сайдынгам, зрабілі касметычны рамонт памяшкання, замянілі вокны і ўваходныя дзверы, уладкавалі пандус.
Фельчарска-акушэрскі пункт, гэта свайго рода хуткая дапамога ў вёсцы. Загадчык Прошчыцкага ФАПа Яўгеній Аляксандравіч Шчалкун гаварыў, што ў зоне абслугоўвання 802 вяскоўцы з Прошчыц, Малой Падзеры, Міхеек, Новай Нівы, большасць з якіх людзі сталага ўзросту, і 102 дзіцяці. Сярод асноўных задач – правядзенне прафілактычных мерапрыемстваў (падворныя абходы, патранажы). Ёсць там і аптэчны пункт.
Галоўны ўрач Слуцкай цэнтральнай раённай бальніцы Алег Рыгоравіч Леснікаў:
– Сёлета правялі рамонт у Лядненскай бальніцы сястрынскага догляду, пэўныя работы выкананы ў Вясейскай урачэбнай амбулаторыі. Паэтапна праводзіцца рамонт гастраэнтэралагічнага аддзялення, на чарзе – траўматалагічнае. У дарослай паліклініцы праведзены работы па ўладкаванні кабінетаў для работы ўрачоў агульнай практыкі. Рамонтныя работы будуць працягнуты. На жаль, не ўсё адразу магчыма зрабіць, усё залежыць ад фінансавання. З абласнога бюджету выдзелены сродкі на правядзенне работ па аснашчэнні сістэмай проціпажарнай бяспекі і замене ліфтавога абсталяваня ў Слуцкай цэнтральнай раённай бальніцы. Ужо набылі пяць ліфтаў, заказалі яшчэ восем, каб ў 2020 годзе гэта праблема была вырашана.

У Лядненскай бальніцы сястрынскага догляду.

У гастраэнтэралагічным аддзяленні.
У радзільным аддзяленні.
У радзільным аддзяленні.