Івана Васільевіча і Анастасію Георгіеўну аб’ядноўвае многае. Яны – ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, ваявалі ў артылерыйскіх палках, іх часці ўдзельнічалі ў вызваленні Беларусі ад ворага, узнагароджаны медалямі «За баявыя заслугі». Вайна для іх скончылася ва Усходняй Прусіі, а сустрэліся яны ў Слуцку. Сустрэліся, каб ісці па жыцці разам.
Іван Васільевіч Несцярэнка родам з Палтаўшчыны. Пасля школы скончыў педінстытут, працаваў настаўнікам. Калі пачалася вайна, ён знаходзіўся на тэрміновай службе, быў малодшым камандзірам. У складзе 330-га артылерыйскага палка ўдзельнічаў у баях пад Харкавам і Масквою, Варонежам і Курскам, у аперацыі «Баграціён», у вызваленні Польшчы… Іван Васільевіч быў паранены і кантужаны. А як ён ваяваў, гавораць узнагароды – ордэны Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны, медалі. А потым было ваеннае вучылішча і да 1964 года – служба ў артылерыйскім палку ў Слуцку. Пасля звальнення ў запас I.В. Несцярэнка яшчэ доўгі час працаваў у будаўнічай арганізацыі горада.
Анастасія Георгіеўна нарадзілася ў Іванаўскай вобласці. У 1943 годзе патрапіла ў 392-і артылерыйскі полк, які быў у складзе 3-га Беларускага фронту. Па дарогах Беларусі, Прыбалтыкі, Польшчы, Усходняй Прусіі прайшоў баявы шлях дзяўчыны…
Пасля вайны названыя артылерыйскія палкі былі пераведзены ў наш горад. Тут Іван Васільевіч і Анастасія Георгіеўна пазнаёміліся, пакахалі адзін аднаго. І з таго часу – разам. Яны выгадавалі траіх сыноў, двое з іх падпалкоўнікі запасу. Ветэраны-франтавікі Несцярэнкі дзякуюць лёсу за магчымасць жыць у мірнай і спакойнай краіне. Яны гэта заслужылі.
З архіва «Слуцкага краю», 7 мая 2005 года.
Фота ілюстрацыйнае.