Вайна… Яна апаліла маладосць многіх юнакоў і дзяўчат, сярод якіх быў і 17-гадовы Уладзімір Герасімовіч з вёскі Мазалі Чырвонаслабодскага раёна. Цяпер ветэран вайны – на заслужаным адпачынку, гаспадарыць разам з жонкай Антанінай Аляксандраўнай на ўласным падворку ў вёсцы Навабелічы. У наступным годзе Уладзімір Антонавіч адзначыць сваё васьмідзесяцігоддзе. Хутка бягуць гады, але яны не згладжваюць у памяці былога салдата падзеі тых жудасных дзён. Расказ-успамін У.А. Герасімовіча мы прапануем чытачам:

–У нашай вёсцы з першых дзён вайны гаспадарылі фашысты, жорсткія і бязлітасныя. Калі ж у ліпені 1944 года вораг пад націскам Чырвонай Арміі пачаў «драпаць», быў вызвалены раён, я стаў салдатам 2-га Беларускага фронту. І адразу ў бой… Непасрэдна ў баявых дзеяннях давялося асвойваць свой станкавы кулямёт, з якім «пасябраваў» на доўгі час. Без хвалявання не магу ўспамінаць, як цяжка было «неабстраляным» маладым хлопцам.

Давялося глядзець у вочы смерці пры вызваленні Варшавы, Данцыга. Асабліва жудасна было пры фарсіраванні ракі Одэр. Але нянавісць да ворага, жаданне хутчэй разлічыцца з няпрошаным госцем перамаглі страх, штурхалі наперад. Мне са сваім «станкавым» сярод шквалу агню, стогнаў, крыкаў усё ж пашчасціла дабрацца да жаданага берага. А многія не даплылі, іх не дачакаліся маці, нявесты. Ніколі не забуду жудасны бой за ўзяцце Шчэціна, пасля якога не пашчасціла і мне. Побач разарваўся снарад. Мяне ў акопе засыпала зямлёй. Хлопцы мяне адкапалі, але ад цяжкай кантузії з рота пайшла кроў, я нічога не чуў, не мог размаўляць. Санітары даставілі мяне ў медсанбат…

І ўсё ж кулямётчыку яфрэйтару Уладзіміру Герасімовічу было наканавана выжыць. Амаль глухому і нямому салдату разам з медсанбатам давялося рухацца да Балтыйскага мора (каля паўтары тысячы кіламетраў). Туды і даляцела радасная вестка аб капітуляцыі Германіі. І, як успамінае Уладзімір Антонавіч, людзі, нягледзячы на стому, раненні, плакалі і смяяліся, абнімаліся і танцавалі прама на беразе мора. Пазней да У.А. Герасімовіча прыдуць іншыя ўзнагароды (ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені, медаль Жукава і іншыя), а ў той час гімнасцёрку 21-гадовага Валодзі ўпрыгожвалі дзве баявыя салдацкія ўзнагароды за мужнасць – медалі «За адвагу». Да іх пазней далучыцца медаль «За перамогу над Германіяй».


– А потым з медсанбатам давялося пераадольваць доўгі шлях назад ад Балтыкі да Польшчы, працягваў расказ ветэран. – Камісія прызнала мяне непрыгодным да далейшай ваеннай службы і ў лістападзе 1945 года быў у сваіх Мазалях. Крыху падлячыўся, адпачыў, ажаніўся з суседкаю Тоняй і пачалося мірнае жыццё. Працаваў малаказборшчыкам, загадчыкам сепаратарнага аддзялення, майстрам на Чырвонаслабодскім маслазаводзе. Скончыў Пінскі мясамалочны тэхнікум і быў накіраваны ад Слуцкага масласырзавода ў Белічы на сепаратарны пункт. Потым доўгі час працаваў экспедытарам Слуцкага сыраробнага камбіната, з якогa i правялі на пенсію. 34 гады майго жыцця я працаваў у малочнай прамысловасці. Адзначаны імянным гадзіннікам, медалём «За працоўную доблесць», граматамі. Не забывае калектыў камбіната: віншуюць са святамі, запрашаюць на ўрачыстасці. Мясцовы сельвыканкам таксама не абыходзіць увагай. Дзякуй ім за гэта.

Н. СЕЛЯЗНЁВА
(«Слуцкі край», №52 – 53, 8 мая 2003 года).

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие записи