Адкрытаму акцыянернаму таварыству «Слуцкі камбінат хлебапрадуктаў» у наступным годзе споўніцца 110 гадоў з дня заснавання. Прадпрыемства актыўна развіваецца, павышае магутнасці, асвойвае і выпуск новых відаў прадукцыі. Усё гэта дапамагае ісці ў нагу з часам, выпускаць канкурэнтаздольную прадукцыю, якая карыстаецца попытам як на айчынным, так і на замежным рынках.
Так, сёлета на прадпрыемстве запусцілі ў работу новую лінію ўкраінскай вытворчасці. Гэта дазволіла вырабляць чатыры віды крупы.
– Гэта вялікі плюс, што мы не проста закупляем і фасуем прадукцыю, а вырабляем яе, самі фасуем і прадаём, – адзначае начальнік вытворчасці Аляксей Цішкевіч. – Зараз нашы спецыялісты прыкладаюць намаганні, каб лінія працавала на поўную магутнасць. Тым больш, што крупы – прадукцыя запатрабаваная. На перспектыву плануем даабсталяваць лінію для выпуску гароху, тым больш, што гэта культура вырошчваецца на Міншчыне.
Дарэчы, прадукцыйнасць новай лініі ў параўнанні з былой – вышэйшая больш, чым у два разы, а абслугоўваюць яе два работнікі.
Прадпрыемства закупляе і фасуе пад сваёй гандлёвай маркай проса, рыс, гарох.
За апошні час на камбінаце значна пашырылі асартымент мукамольнай прадукцыі. На прадпрыемстве выпускаюць 11 яе відаў, больш 25 найменняў камбікорму. У тым ліку камбікармы для буйной і дробнай рагатай жывёлы, свіней, птушкі, рыб і трусоў.
– Камбікармы для рыб актыўна набываюць рыбгасы, можна набыць і ў гандлёвых аб’ектах. Не так даўно наша прадпрыемства выйграла тэндар для пастаўкі камбікармоў рыбгасам краіны, – расказвае начальнік аддзела продажу і маркетынгу Аляксей Барцэвіч. – Дарэчы, вытворчасць камбікармоў у агульнай структуры вытворчасці прадукцыі складае больш за 70 працэнтаў.
На камбінаце выпускаюць рапсавае масла, якое выкарыстоўваюць у вытворчасці камбікармоў, частку яго экспартуюць у краіны Еўрасаюза, макуха ж – высокабялковая сыравіна – запатрабаваная ў краіне. Рапсавае масла ў структуры экспарту прадукцыі камбіната за мінулы год склала 60 працэнтаў.
Камбінат закупіў і пачаў перапрацоўваць насенне сланечніка. Каля 70 працэнтаў атрыманага масла і макуху з яго плануюць выкарыстаць для вытворчасці камбікармоў, астатняе паставіць на ўнутраны рынак. Спецыялісты аналізуюць эканамічную мэтазгоднасць паставак такога масла на знешні рынак.
Прадукцыя камбіната карыстаецца попытам у Расіі, Украіне, Кітаі, Узбекістане, Малдовы і краінах Еўрасаюза.
У філіяле камбіната СУП «Племгас Слуцк» вырошчваюць буйную рагатую жывёлу, мяса якой экспартуем ва Узбекістан. Абмяркоўваем пастаўкі гавядзіны ў Кітай, Кіргізію, Казахстан і Расію.
Прадукцыя камбіната штогод высока ацэньваецца падчас выставак-дэгустацый. Так, у гэтым годзе мука пшанічная вышэйшага сорту ў чарговы раз прызнана лепшым таварам ў намінацыі «За стабільна высокую якасць». З улікам патрабаванняў часу спецыялісты плануюць перайсці ад поліпрапіленавай упакоўкі мукі і камбікорму да папяровай.
Улічваючы запыты спажыўцоў
– У гэтым годзе ўзнавілі вытворчасць бялкова-вітамінных дабавак, як асобнага прадукту, паколькі некаторыя арганізацыі з мэтай эканоміі вырабляюць камбікорм самастойна. Тым не менш, многія зацікаўлены і ў камбікармах, – адзначае Аляксей Цішкевіч. – Па жаданні пакупнікоў распрацоўваем персанальную рэцэптуру вытворчасці камбікармоў.
Актыўна працуем па давальніцкай схеме: перапрацоўваем зерне, якое нам дастаўляюць на камбінат, на тыя віды прадукцыі, якія неабходны пастаўшчыкам сыравіны.
Да нарыхтоўчага сезона
Самая адказная пара для камбіната – сезон нарыхтовак. Па словах спецыялістаў, падрыхтоўчыя работы да сезону, па сутнасці, вядуцца круглы год. Гэта рамонтна-наладачныя работы, рэвізія транспарту для перавозкі зерня і іншае.
– Нарошчваць магутнасць прадпрыемства нельга без будаўніцтва аб’ектаў. Каб не карыстацца паслугамі старонніх арганізацый, штогод уводзім у эксплуатацыю склады падлогавага захоўвання зерня. Вось і ў гэтым годзе плануем увесці яшчэ адзін на чатыры тысячы тон зерня, – расказвае Аляксей Мікалаевіч. – Для выкання пагрузачных работ на складах набылі новы «Амкадор» і МАЗ для перавозкі зерня. Плануем задзейнічаць для гэтых мэт і транспарт іншых арганізацый.
Іншы раз за суткі на прадпрыемства паступае да 5 – 6 тысяч тон зерня. Яго трэба своечасова прыняць і размясціць. Тым больш, што асноўны прыток зерня для перапрацоўкі паступае, зразумела, у летні перыяд, праўда, працу з набыццём сыравіны вядзём на працягу года. Для захоўвання зерня ў нас маюцца два ўчасткі ў межах горада Слуцка, адзін у Старых Дарогах.
Праводзім мадэрнізацыю аднаго з трох зернеачышчальна-сушыльных комплексаў, які размяшчаецца на тэрыторыі прадпрыемства, што павялічыць яго магутнасць з 30 да 100 тон зерня за гадзіну. Набылі новы з такой жа магутнасцю, ён будзе працаваць у філіяле «Агра-Замосце», некаторае іншае тэхналагічнае абсталяванне, расказаў галоўны інжынер Сяргей Галоцік.
У хуткім часе на камбінаце рыхтуюцца прыняць масланасенне рапсу. На прадпрыемстве адзначаюць, што гатовы прыняць для перапрацоўкі ўсю сыравіну, якая паступіць.
Наталля ГРАМЫКА.