У сельскагаспадарчых арганізацыях раёна прайшлі мерапрыемствы  да Дня работнікаў сельскай   гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці. Лепшых механізатараў, вадзіцеляў, жывёлаводаў, спецыялістаў віншавалі і ў Падлессі.

Свята ладзілі ў Падлескім сельскім доме культуры. Яно прайшло душэўна, шчыра, ярка, а яшчэ, я б сказала, па-сямейнаму ўтульна. І не дзіва, калектыў ААТ «Падлессе-2003» згуртаваны часам і справамі, нямала сямейных дынастый. Зала поўнілася людзьмі: былі ветэраны, працаўнікі гаспадаркі, некаторыя завіталі на ўрачыстасць з дзеткамі.  

З упэўненасцю можна сказаць, што адкрытае акцыянернае таварыства «Падлессе-2003» з году ў год адна з самых стабільных, паспяховых сельскагаспадарчых арганізацый Случчыны. Як адзначыў падчас выступлення на ўрачыстасці дырэктар  ААТ «Падлессе-2003» Іван Іванавіч Барысавец,  сёлета гаспадарка ў ліку пераможцаў раённага спаборніцтва на ўборцы збожжавых, на ўборцы кукурузы (ураджайнасць кукурузы 142 цэнтнеры з гектара, атрымана зерня на бала-гектар 308,7 кілаграма).

Радуюць поспехі сельгасарганізацыі і па іншых напрамках вытворчай дзейнасці. Па выніках дзевяці месяцаў у «Падлессі-2003» атрымалі малака да аналагічнага перыяду мінулага года 100,5%, у цэлым  валавай прадукцыі ў супастаўных цэнах – 100,1%.

– Сельская гаспадарка заўсёды была і застаецца найважнейшай галіной эканомікі нашай краіны. Толькі шчырая любоў людзей да роднай зямлі і нацэленасць у штодзённай працы, часта без выхадных і адпачынкаў,  забяспечваюць дасягненне высокіх вынікаў, – падкрэсліў Іван Іванавіч Барысавец. – Гэта праца патрабуе пастаяннага напружання і каласальнай самааддачы, вытрымкі і стойкасці, гаспадарлівых адносін да зямлі, тэхнікі і абсталявання.

Старанных, руплівых, адданых справе працаўнікоў у «Падлессі-2003» нямала. Пацвярджэннем з’яўляецца і той факт, што работнікі гэтай сельскагаспадарчай арганізацыі ў ліку сёлетніх пераможцаў  раённага працоўнага спаборніцтва: трактарысты-машыністы  на нарыхтоўцы кармоў Сяргей Мікалаевіч Чаранкевіч (першае месца; на кормаўборачным камбайне УЭС 2-250 нарыхтаваў 33 285 тон зялёнай масы),  Яўген Мікалаевіч Уласавец (другое месца; на кормаўборачным камбайне КГ-6 «Палессе» нарыхтаваў 32 675 тон зялёнай масы); на трамбоўцы зялёнай масы – Аляксандр Аляксандравіч Кейлер (другое месца, на ТО-352 затрамбаваў 39 444 тоны); на касьбе траў – Анатолій Анатольевіч Кунцэвіч (першае месца; на УЭС 2-250 скасіў травы на плошчы 4 445 га).

У ліку пераможцаў раённага спаборніцтва працаўнікі жывёлагадоўчай сферы гаспадаркі: заатэхнік-селекцыянер Святлана Канстанцінаўна Рудак (першае месца; выхад цялят на 100 кароў і цялушак 79 галоў), слесар па рамонце і абслугоўванні абсталявання жывёлагадоўчых фермаў Юрый Мікалаевіч Турко (другое месца). Выдатна працуюць аператары па штучным асемяненні кароў Кацярына Мікалаеўна Ерш (выхад цялят на 100 кароў і цялушак 82 галавы), Таццяна Пятроўна Паўлюкевіч (выхад цялят на 100 кароў і цялушак 94 галавы) і многія, многія  іншыя.


– У гэты ўрачысты дзень гаворым словы шчырай удзячнасці нашым дарагім ветэранам, якія на заслужаным адпачынку, а таксама якія працуюць у гаспадарцы, перадаюць свае вопыт, веды і майстэрства маладым, – звярнуўся да прадстаўнікоў старэйшага пакалення Іван Іванавіч. –  На працягу многіх гадоў вы адданай працай, ініцыятывай, наватарствам умацоўвалі і развівалі вытворчасць, матэрыяльна-тэхнічную базу нашай сельгасарганізацыі. Вялікі вам дзякуй і нізкі паклон. Хочацца адзначыць, што наш калектыў папаўняюць маладыя кадры, энергічныя спецыялісты, якія годна працягваюць працоўныя традыцыі, прымнажаюць дасягненні гаспадаркі.

Несумненная заслуга ў поспехах ААТ «Падлессе-2003» Івана Іванавіча Барысаўца, які на працягу ўжо многіх гадоў удала кіруе калектывам, мудрага арганізатара, кампетэнтнага дырэктара і ўважлівага чалавека. Так пра яго на свяце гаварылі многія вяскоўцы.  

Цырымонія ўзнагароджання праходзіла ўрачыста і хвалююча: граматамі сельгасарганізацыі былі адзначаны многія механізатары, вадзіцелі, жывёлаводы, спецыялісты, ветэраны. Іх запрашалі на сцэну, віталі апладысментамі, урачалі кветкі.

З віншаваннямі, падзякай за плённую працу, пажаданнямі новых працоўных поспехаў, здароўя, шчасця, дабрабыту да прысутных звярнуліся галоўны бухгалтар упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Слуцкага райвыканкама Іна Фёдараўна Прыбытак, старшыня Знаменскага сельвыканкама Вольга Мікалаеўна Долбік. Грамату Слуцкага райвыканкама на свяце ўручылі трактарысту-машыністу Юрыю Аляксеевічу Ермаковічу, падзякамі Слуцкага райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу адзначаны: загадчыцы малочнатаварных комплексаў Валянціна Іванаўна Дайлід, Ларыса Фёдараўна Яўстрат, дыспетчар Таццяна Іванаўна Басалыга,  галоўны аграном Мікалай Іванавіч Кананок, галоўны заатэхнік Вячаслаў Міхайлавіч Кракасевіч, галоўны энергетык Эдуард Міхайлавіч Барчук.

Ну і якое ж свята без песень і танцаў! Шмат цудоўных канцэртных нумароў падарылі гледачам работнікі, удзельнікі мастацкай самадзейнасці Падлескага СДК, выхаванцы Падлескага вучэбна-педагагічнага комплексу яслі-сад – сярэдняя школа. А ўжо колькі прыемных эмоцый выклікала ў публікі выступленне Мікалая Галадка, кожная песня ў яго выкананні суправаджалася авацыямі гледачоў. За цудоўныя канцэртныя нумары  артыстам дзякавала намеснік дырэктара ААТ «Падлессе-2003» па  ідэалагічнай рабоце Алена Сяргееўна Харытончык.

…Так склалася спрадвеку, гістарычна: беларуская зямля трымаецца на вясковай працы. Відавочна, что і сёння сельгасвытворцы ў кагорце людзей самых важных, вядучых прафесій краіны: менавіта яны забяспечваюць харчовую бяспеку нашай Беларусі, аснову эканомікі, а значыць, і дабрабыту. За нястомную працу, за клопат пра зямлю родную, за адданасць сялянскаму абавязку вялікі дзякуй гэтым людзям!







Наталля СЕЛЯЗНЁВА.

About Author
СК
View All Articles
Посмотрите последние записи этого автора!
Алексей Кушнаренко поздравил с Днем библиотек
С книгой по жизни

С книгой по жизни

15 сентября, 2026
Кому и когда слутчане могут задать вопросы

Похожие записи