А вы канфліктуеце з суседзямі?
10.11.2022
Ці часта вы канфліктуеце з суседзямі? І як пазбягаеце канфліктных сітуацый? З гэтымі пытаннямі карэспандэнт «Слуцкага краю» звярнулася да случчан:
Ігар:
– У канфлікце з суседзямі не былі. Усё трэба старацца вырашаць мірам. Бо суседзі – застаюцца суседзямі, і жыць з імі – нам!
Уладзімір Іванавіч і Яўгенія Мікалаеўна Сучок:
– Мы пражываем у вёсцы Працавічы, каля нас – з двух бакоў дачнікі. Ёсць і іншыя людзі ў вёсцы. Мы стараемся не канфліктаваць. Бо хто выручыць нас, пажылых людзей, як ні суседзі, ці то дачнікі яны, ці то аднавяскоўцы. Трэба – і дапамогуць па гаспадарцы, і да горада на машыне, не адкажуць, падвязуць. Дачка жыве ў Салігорску, кожныя выхадныя наведваецца, але і без людзей жыць не будзеш. Таму лепш усё іншы раз узважыць, сцярпець, не псаваць адносіны.
Ала Аляксандраўна:
– Бываюць розныя жыццёвыя сітуацыі, варта з разуменнем іншы раз ставіцца, не канфліктаваць. Першай я стараюся не ўступаць у спрэчкі, але калі людзі не правы, гавораць на цябе дарэмна, то маўчаць, лічу, не трэба. Трэба паставіць іх на месца.
Людміла Канстанцінаўна Славашэвіч:
– Я чалавек не канфліктны. Жыла як у прыватным сектары, так і ў кватэры. Калі мяне штосьці не задавальняе, то перш гляджу на людзей, што жывуць побач. Да адных можна падысці і яны з разуменнем аднясуцца, да іншых можа і не варта. Лепш неяк падладкавацца пад сітуацыю. Я чалавек безадказны, калі да мяне звяртаюцца, стараюся ісці насустрач. Цаню, калі такія людзі і вакол мяне. З суседзямі трэба жыць у згодзе.
Валерыя Кузміцкая:
– Жыву ў вёсцы Замосце, у сваім доме. Канфліктныя сітуацыі з суседзямі бывалі. То мы, а то і на нас скардзіліся, што шумім, да цямна іграе музыка ці робім рамонт. Да нас прыслухоўваліся, і мы – таксама. Цяжэй бывае знайсці мову з нецвярозымі, але ў такім выпадку лепш пачакаць і пагутарыць потым.
Уладзіслаў:
– Усё залежыць ад людзей. Лічу, па судам хадзіць не варта, асабліва, калі можна дамовіцца. І да гэтага трэба імкнуцца. Калі жыць, дык па-суседску, дружна.
Наталля і Міхаіл:
– Не так даўно мы атрымалі кватэру. Пакуль з суседзямі адносіны не выяснялі. Лічым, што ўсе залежыць ад сітуацыі. Бывае, можна прамаўчаць, а бывае – трэба людзям і сказаць, што так нельга. Раней, калі жылі ў інтэрнаце, выпадкі былі, калі хацелася камусьці і заўвагу даць. У асноўным знаходзілі паразуменне. Тут многае залежыць ад людзей, ад іх характараў, хто, як успрымае заўвагі на свой кошт.
Наталля ГРАМЫКА.
К списку записей раздела