Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / Медицина

Высакародная справа

20.06.2020
Маладыя спецыялісты Слуцкай цэнтральнай раённай бальніцы хірург Дзмітрый Тамко і ўрач агульнай практыкі Вікторыя Лісавец працуюць другі год. Урачом з дзяцінства стаць не марыў ні адзін з іх, але аб выбары сваім не шкадуюць, кажуць, ужо зразумелі, што на правільным прафесійным шляху. Кіраўніцтва адзначае адказнасць, стараннасць маладых спецыялістаў, імкненне да самаўдасканалення і прафесійнага росту. Абое працуюць цяпер у інфекцыйным аддзяленні ў сувязі з эпідсітуацыяй, як кажуць, на перадавой, і героямі сябе не лічаць – проста выконваюць свой абавязак. Знаёмімся.

Дзмітрый Тамко ў медінстытут паступіў за кампанію.

– Я не скажу, што вось быў такім з дзяцінства маленькім хірургам, – расказвае ён. – У школе любіў геаграфію, гісторыю, літаратуру, гэта быў мой канёк. А аднакласнікі здавалі хімію і біялогію, і я з імі. Так стаў студэнтам медінстытута. Вучыцца падабалася, уцягнуўся. Сёння магу сказаць, што задаволены выбарам,  разумею, што нічога іншага не ўмею, не будаўнік я і не камп’ютаршчык, не аўтамабіліст ці яшчэ хто.

– Як прыйшло разуменне таго, што гэта ваш шлях?

– Штодзённая праца, лакальны поспех. Калі нешта атрымалася – цудоўна, не – імкнуся зрабіць лепш, даказаць што магу. У такой, здавалася б, руціннай працы і зразумеў. Мне заўсёды важна быць карысным.

– Якія былі цяжкасці?

– Перанесці веды з падручніка на практыку. І навыкі, іх было недастаткова. Калі пастаўлены задачы і іх трэба выконваць адразу – складана. Даводзілася старанна праходзіць своеасаблівы курс маладога байца, і гэта дапамагло. Ну вядома ж, пад кіраўніцтвам дасведчаных спецыялістаў, усё аддзяленне мне дапамагала. І загадчык Дзмітрый Вячаслававіч Царыкаў, і Сяргей Мікалаевіч Місоўскі, Юрый Ільіч Міхайлоўскі, Дзмітрый Юр’евіч Жакенаў, Сяргей Пятровіч Чайкоўскі, усе калегі. Я гатовы прыслухацца і зрабіць так, як трэба.

Такая падтрымка дадае ўпэўненасці, пашырае практычныя веды. Вядома, не на ўсе 100%, гаворыць Дзмітрый, яшчэ вучыцца і вучыцца, набірацца вопыту, работы многа.

– Ці трымаў ужо ў руках скальпель? Страшна было?

– Так, давяралі, інакш не адчуць сябе сапраўды хірургам. Страшна – не страшна, пра гэта не думаю, трэба – значыць трэба. Хваляванне, зразумела, ёсць, але з часам, спадзяюся, з’явяцца і вопыт, і ўпэўненасць, як у маіх старэйшых калег.

Цяпер Дзмітрый Тамко працуе ў інфекцыйным аддзяленні. Калі яму прапанавалі перапрафілявацца на некаторы час, пагадзіўся адразу. Хочацца дапамагчы, гаворыць малады хірург, каб каронавірус хутчэй адступіў. Дзмітрый праводзіць дыягностыку, вызначае аптымальную тактыку лячэння пацыентаў, назірае дынаміку.

Асвоіцца ў новай ролі было нескладана, у загадах Міністэрства аховы здароўя дакладна распісана, як і што рабіць. Ну і заўсёды побач вопытныя калегі, якія падкажуць. Дома, на Клеччыне, урач не быў ужо тры месяцы, не бачыўся з бацькамі і сябрамі. Ды не скардзіцца і запэўнівае, што сілы ў маладых заўсёды ёсць, знаходзіцца і вольны час.

Дарэчы, інтарэсы ў Дзмітрыя розныя, любіць і пачытаць, і ў футбол паганяць, яшчэ адно з захапленняў – гітара. Ён удзельнік каманды «Кансіліум», якая прадстаўляе слуцкіх медыкаў у закрытым чэмпіянаце раёна па гульні «Што? Дзе? Калі?». Каманда выдатная, вопытная, таму стараецца малады гулец адпавядаць узроўню.

Зноў вяртаемся да абавязкаў урача. Пытаю, ці ўдаецца не думаць пра работу дома.

– Калі ўпэўнены, што зрабіў усё правільна і добра, так, – адказвае Дзмітрый.

– А ўвогуле ёсць такое, увесь жа час імкнешся, каб быў максімальны эфект ад дзеянняў, таму пракручваю ў думках і супакойваюся, толькі калі бачу, што ў пацыента ўсё ў парадку. Так, мяркую, у любой рабоце, хочацца дасягнуць прагрэса, прафесійнай павагі, сумненні штурхаюць да развіцця. Мне, бывае, не хапае спакою, калі бачу, што не паспяваю ўсіх прыняць, і нейкіх тэхнічных навыкаў, і ўпэўненасці таксама – ёсць куды расці. А сапраўдны хірург, лічу, нараджаецца ў нестандартнай сітуацыі, калі трэба хутка прыняць рашэнне, дзейнічаць дакладна і акуратна і не панікаваць. Мне ёсць за кім цягнуцца, ёсць у каго вучыцца. У Слуцкай бальніцы моцная база і хірургічная служба. Я ўпэўнены, што правільна выбраў месца адпрацоўкі, ведаў, што тут мяне добра падрыхтуюць. Мне тут падабаецца, і я не збіраюся кудысьці ехаць.


* * *

Вікторыя Лісавец загадчыца амбулаторыі ў Лучніках. Калі прыйшоў час размеркавання, расказвае Вікторыя, былі ў яе амбіцыі выратаваць раён, уяўляла сябе такім урачом-супергероем, таму ў Мінску не засталася, выбрала Слуцк. Падчас інтэрнатуры паспела папрацаваць у розных аддзяленнях, у паліклініцы, на станцыі хуткай дапамогі і нават выкладала ў медыцынскім каледжы, з 4-га курса ўніверсітэта была і медсястрой – вопыт ужо ёсць. Яна працавітая, не магла проста сядзець, калі было многа вольнага часу.

На ўчастку доктара Лісавец 3 200 чалавек на абслугоўванні, у калектыве 13 супрацоўнікаў. Вядома, былі свае складанасці: справаздачы, розныя паперы. У наладжванні стасункаў з калектывам, які складваўся не адзін год, дапамагло ў тым ліку і ўменне своечасова змяніць свой погляд на сітуацыю. Гэта працуе і ў адносінах з пацыентамі.

– Хворага трэба падтрымаць, паспачуваць яму, нават калі ён недобразычлівы і бурклівы. Такімі сваімі паводзінамі ён, хутчэй за ўсё, проста прыцягвае ўвагу, калі яе не хапае дома. Разумееш гэта, і ўжо па-іншаму ўсё ўспрымаеш. Праўда, некаторых ніякімі добрымі словамі не проймеш, ніякім разуменнем, да слёз могуць давесці. Тады думаеш: ён адзін такі, а тысячы добрых чакаюць тваёй дапамогі, а можа і я для кагосьці не вельмі... Ну і працуеш спакойна, непрыязь адыходзіць.

Выкананне абавязкаў загадчыка невялікая частка работы, у асноўным гэта прыём і візіты, зазначае Вікторыя, акрамя хворых медыкі наведваюць дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Вельмі дапамагае маладому спецыялісту ўрач амбулаторыі Валянціна Мікалаеўна Горная, ды і ўвесь калектыў, адзначае Вікторыя, падтрымлівае.

– Рыхтавала сябе да большых цяжкасцей, – усміхаецца дзяўчына. – А з часам здаецца, што і зусім яно не складана. Па-рознаму складваецца дзень. Бывае, у дзяжурства больш стамляешся, а іншы раз на прыёме ў амбулаторыі. Такая работа.
У Вікторыі мама працуе медсястрой, можа выбар прафесіі ў нейкай ступені і яе жаданне. Але хутчэй, гаворыць дзяўчына, рацыянальны падыход, пайшла па тым кірунку, у якім больш разбіралася: хіміяй і біялогіяй захапілася ў старэйшых класах. Яшчэ замежнай мовай, але ж медыцына не перашкаджае займацца мовамі. І цяпер, сцвярджае Вікторыя, яна ні ў чым іншым сябе не бачыць. Так, бываюць цяжкія дні, калі хочацца ўсё кінуць, тады проста даеш выхад эмоцыям і мабілізуешся, дзеліцца думкамі малады доктар, разумееш у такія хвіліны, што рухаешся ў правільным накірунку. Горш, калі сумненняў няма, калі не спатыкаешся.

Цяпер Вікторыя працуе часова ў інфекцыйным аддзяленні, гаворыць, што тут  нават лягчэй, чым у амбулаторыі: усе з аднолькавым захворваннем, толькі ў сродках індывідуальнай аховы не вельмі зручна. У далейшым нават думае паступіць у ардынатуру на інфекцыяніста: ёй падабаецца бачыць эфект ад лячэння, яго вынік, калі чалавек выздаравеў, гэта вельмі радуе, матывуе. А яе спецыяльнасць дазваляе развівацца ў розных кірунках.

Вікторыя лічыць, што маладым не трэба баяцца звяртацца па дапамогу да дасведчаных калег, здацца нявопытным, лепш спытаць, чым быць самаўпэўненым. І ў той жа час неабходна быць кампетэнтным, імкнуцца павышаць свой узровень.

– Усё мяняецца сёння вельмі хутка, і трэба паспяваць. Новыя прэпараты, метады, спосабы лячэння, – гаворыць Вікторыя. –  Доктар павінен увесь час развівацца.

І пра якасці, якія абавязковыя для медыка, на яе думку:

– Трэба размяжоўваць сябе і пацыента, прытрымлівацца такой дыстанцыі, калі пацыент разумее, што ўрач – не сябар, і яго трэба слухаць і выконваць дакладна прызначэнні. І я стараюся, праўда, пакуль не вельмі атрымліваецца. Трэба быць больш вытрыманым, чым добрым, у некаторыя моманты нават і не пашкадаваць хворага, калі гэта для яго ж карысці. Дабрыні павінна быць у меру. Каб не здарылася прафесійнага выгарання.

Вікторыя расказвае, што ў моманты пікавай стомленасці ёй сніцца работа, пацыенты. Значыць, патрэбна пауза, тады добра паехаць да бацькоў на Століншчыну, правеці выхадныя ў агародзе, напрыклад. Можна цэлы дзень штось смачнае гатаваць ці проста паспаць, хаця, заўважае Вікторыя, яна не любіць губляць час на сон. Дапамагае ўзнавіць сілы шопінг, сустрэчы з сябрамі, кнігі. У мінулым годзе пабывала ў туры па Еўропе, паездка вельмі ўразіла. Сёлета планавала адправіцца ў Грузію, але ці атрымаецца. Падарожжы – сапраўдная аддушына для яе.

Са святам! Няхай ўсё удаецца.

Ірына МІРГАРАДАВА.


К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения