Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / Медицина

Перамагчы каранавірус можна толькі разам

20.01.2022
У Слуцкай цэнтральнай раённай бальніцы функцыянуюць чатыры інфекцыйныя аддзяленні для прыёму хворых COVID-19. Два аддзяленні «закансерваваны» на выпадак росту захворвання. Па словах медыкаў, сітуацыя на тэрыторыі раёна дастаткова стабільная, значнага росту або спаду захворвання няма. Аднак слуцкія ўрачы не дазваляюць сабе адпачыць і пастаянна знаходзяцца ў «баявой» гатоўнасці.

Адзін з іх – загадчык чацвёртага інфекцыйнага аддзялення Слуцкай цэнтральнай раённай бальніцы Дзяніс Кісель (на здымку).

Дзяніс Аляксандравіч у медыцыне 3,5 гады, па размеркаванні працаваў у Першамайскай участковай бальніцы ў вёсцы Гольчычы, але прыйшоў каранавірус, і маладому чалавеку прапанавалі часова перайсці ў стацыянар у Слуцк. Ужо больш за год разам з іншымі медыкамі змагаецца з COVID-19.

– Стомленасці ўжо няма, – адзначае Дзяніс Аляксандравіч, – мы прывыклі да такой інтэнсіўнасці работы. Усе ўрачы добра ведаюць сваю справу, як паступіць у той, ці іншай сітуацыі. Сістэма добра наладжана.

Па словах урача, у курыруемым ім аддзяленні свабодных месцаў на дадзены момант амаль няма. Але гэта звязана, і ў тым ліку з тым, што Слуцкая бальніца прымае хворых з Капыльскага, Нясвіжскага, Клецкага, Старадарожскага раёнаў, бываюць пацыенты нават з Вілейкі.

Калі браць у працэнтных адносінах шпіталізаваных случчан і іншагародніх, то гэта дзесьці 50/50.

Гаворачы аб узроставай катэгорыі, Дзяніс Кісель адзначыў, што часцей за ўсё ў бальніцу трапляюць людзі ад 50 да 65 гадоў. Нямала цяжкіх і кіслародазалежных пацыентаў.

– Галоўная бяда ў тым, што людзі занадта давяраюць інтэрнэту, дзе сваё «кампетэнтнае» меркаванне можа пакінуць кожны і прадставіцца хоць вядучым інфекцыяністам, хоць знакамітым прафесарам, – адзначае Дзяніс Аляксандравіч. – Як вынік, мы маем мноства «замбіраваных» людзей, якія вераць ва ўсе небыліцы, альбо наогул адмаўляюць саму наяўнасць каранавіруснай інфекцыі. Нямала і тых, хто ўжо стаміўся баяцца і жыве па прынцыпе: чаму быць, таго не абмінуць. Такія разумнікі часцей за ўсё і аказваюцца ў рэанімацыі.

Захворванне, па словах урача, у людзей праходзіць па-рознаму, ёсць тыя, хто ўжо на ранняй стадыі мае патрэбу ў кіслародатэрапіі, а ёсць людзі з іншымі спадарожнымі хранічнымі захворваннямі і пераносяць хваробу ў досыць лёгкай форме.

– Пакуль нам з гэтым вірусам жыць, – адзначае Дзяніс Кісель. – У будучыні, хочацца верыць, сусветныя навукоўцы распрацуюць вакцыну, якая раз і назаўжды знішчыць вірус або дапаможа выпрацаваць неўспрымальнасць да яго. Пакуль жа самае дзейснае, чым можна сябе абараніць, – гэта вакцынацыя. Як ужо неаднаразова гаварылася, вакцына не дае гарантыі, што чалавек не заразіцца, але вельмі высокая верагоднасць, што ён не паступіць у рэанімацыйнае аддзяленне. Гэта на самай справе так. Калі прышчэпленыя і трапляюць у рэанімацыю, то гэта адзінкавыя выпадкі, нават не ўзгадаю, калі такое было. Калі б прышчэпленасць насельніцтва склала 100%, магчыма, у нас працавала б усяго адно «кавіднае» аддзяленне.

На тэрыторыі раёна прышчэплена 54% насельніцтва, больш за 100 дзяцей ва ўзросце ад 12 да 17 гадоў. Па словах урача, у тым ліку і дзякуючы гэтаму, няма лавінападобнага патоку пацыентаў, які назіраўся падчас другой і трэцяй хваль.

– На жаль, пакуль цалкам перамагчы вірус мы не можам, але агульнымі намаганнямі можна скараціць яго цыркуляцыю, – упэўнены Дзяніс Кісель.

– Для гэтага шмат не трэба, усяго толькі выконваць рэспіраторны этыкет, пазбягаць месцаў з вялікай колькасцю людзей, насіць ахоўную маску ў грамадскіх месцах і, вядома ж, вакцынавацца.

Ірына МАЛЯЎКА.

К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения