Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / Медицина

Як перанеслі каронавірус – расказваюць случчане

26.11.2020
Фота з адкрытых інтэрнэт-рэсурсаў.

Штодзень у краіне фіксуюць новыя выпадкі захворвання каронавірусам. Каб справіцца з патокам хворых, у бальніцах створаны  ковідныя шпіталі, дзе аказваюць дапамогу людзям. Як адчуваюць сябе тыя, хто перанёс каронавірус, ці ўдалося ім вярнуцца ў звыклы рытм жыцця, што думаюць з нагоды хваробы – расказваюць случчане.

Уладзімір (45 гадоў) працуе вадзіцелем. 19 кастрычніка ў яго паднялася тэмпература да 38 градусаў. Мужчына выпіў таблетку жарапаніжаючага і назаўтра пайшоў на работу. Праз тры дні Уладзімір вымушаны быў звярнуцца да ўрача.

– Урач выпісаў мне таблеткі і пяць дзён я лячыўся дома. На чарговым прыёме мяне накіравалі на камп’ютарную тамаграфію лёгкіх. У той дзень ледзь дайшоў да бальніцы – цяжка было дыхаць, здаўлівала ў грудзях, наогул была слабасць. Вынік – пашкоджана 60 працэнтаў лёгкіх. Мяне палажылі ў 3-е інфекцыйнае аддзяленне. Адразу ж паставілі кропельніцу і далі кіслародную маску. Тэмпература нармалізавалася, – дзеліцца Уладзімір. – Мне рабілі ўколы, ставілі кропельніцы. Есці зусім не хацелася. Праз чатыры дні знаходжання ў аддзяленні ў мяне з’явіўся апетыт. На шосты дзень я ўжо прасіўся дадому – адчуваў сябе значна лягчэй, а на 11-ты дзень мяне выпісалі з бальніцы, але яшчэ тыдзень далечваўся дома. Зараз адчуваю сябе добра, за што дзякуй медыцынскаму персаналу 3-га інфекцыйнага аддзялення.

Праўду кажучы, маску раней на надзяваў, а зараз разумею, што дарма. Ды і ізаляцыя патрэбна, каб не справацыраваць далейшае распаўсюджванне інфекцыі. Зразумела, што нязвыкла сядзець дома, але гэта проста неабходна.

Разам са мной захварэла і жонка. Яна перанесла хваробу ў лёгкай форме. У яе была тэмпература, перастала адчуваць пахі.

Ведаеце, неабходна выконваць усе парады ўрачоў. А тое, што чэргі да іх – дык мы самі вінаватыя ў гэтым. Хіба ж мы каго слухаем? Толькі калі захварэем, пачынаем меры прафілактыкі прымяняць. Я раней таксама трохі скептычна адносіўся да гэтага захворвання, пакуль не захварэлі родныя ды сам.

Вікторыя (40 гадоў) працуе ў адным з магазінаў горада. Каронавірус у іх сям’ю таксама прыйшоў нечакана. У першыя дні хваробы была слабасць, ламала ўсё цела, тэмпература паднялася да 38,5 градусаў і не збівалася, а потым і пахі перастала адчуваць.

– У мяне вельмі балела ў грудзях. Было такое адчуванне, што гарчычнікі паставілі. Пасля камп’ютарнай тамаграфіі высветлілася, што  пашкоджана   30 працэнтаў лёгкіх. Мяне адразу палажылі ў бальніцу. Эфектыўнае лячэнне – і мяне выпісалі, далечвалася дома, – расказвае Вікторыя. – Дарэчы, у мяне таксама хварэлі муж, сын, свякроў. У мужа было пашкоджана 50 працэнтаў лёгкіх, хутка падала сатурацыя, ён тыдзень быў на кіслародзе. Цяжка далося выздараўленне. У яго абвастрыліся іншыя захворванні.

Вікторыя расказвала, што  адразу пасля выздараўлення па лесвіцы цяжка было паднімацца, з’яўлялася адышка. Але з цягам часу арганізм аднаўляецца. Калі ў сям’і закончыўся тэрмін ізаляцыі, яны паехалі ў лес, каб падыхаць свежым паветрам. 

Дарэчы, Вікторыя выказвае шчырыя словы ўдзячнасці загадчыку інфекцыйнага аддзялення Слуцкай цэнтральнай раённай бальніцы Мікалаю Анатольевічу Луцэвічу і тым, хто кожны дзень дапамагае хворым змагацца з каронавіруснай інфекцыяй.


Зразумела, па-іншаму ставішся да хваробы, калі сам яе перанясеш. Але лепей не хварэць. Лепш надзець маску, па магчымасці, вытрымліваць дыстанцыю, мыць рукі з мылам ці апрацоўваць іх антысептыкам. Не хварэйце!

Ірына КАВАЛЕНКА.

К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения