Новости Слуцка и Слуцкого района

Больш чым 10 вёсак за адзін рэйс абслугоўвае аўтамагазін №184 Слуцкай базы аблспажыўсаюза

04.07.2020
 Прадавец аўтамагазіна №184 Слуцкай базы аблспажыўсаюза Валянціна Валер’еўна Нураліева (на здымку) сустрэла мяне ў мінулую суботу дома: цяпер гарачая пара, працоўныя будні заканчваюцца далёка за звычайныя для большасці 17.00, ды і ў дзень сустрэчы яна таксама толькі прыйшла з базы. 

Утульны двор упрыгожаны рознымі раслінамі, тут і надзіманы басейн, і альтанка, і печ-барбекю, а крыху далей – агарод, павольна ходзяць курачкі, хатнія гадаванцы – летняя ідылія, адным словам. Як жа з усім паспець справіцца пры такім напружаным графіку, напрошваецца пытанне.

– Дачка з зяцем адказваюць за ўсё гэта, – усміхаецца гаспадыня, – пакуль з унучкам жывуць у мяне. А я ім дапамагаю.

Валянціна Валер’еўна скончыла Слуцкае ПТВ-209 (цяпер сельскагаспадарчы ліцэй) і Мінскі кааператыўны тэхнікум (прадавец і таваравед), працуе ў сферы гандлю больш за 30 гадоў, прадавец 6 разраду, з 2016 – у аўтамагазіне. Пачала з замены водпуску ды так і засталася: падабаецца ўвесь час рухацца, пастаянныя зносіны з пакупнікамі, увесь час занята. За дзесяцігоддзі працы ад прафесіі сваёй не стамілася, не наракае.

Для паспяховай работы ў гандлі, лічыць, трэба мець цярпенне, умець наладзіць зносіны з людзьмі, быць у пэўнай ступені псіхолагам і проста любіць людзей.
– Трэба глядзець на іх іншымі вачамі. На бабулю, напрыклад, як на сваю маму, і гаварыць з ёй, аднесціся так, як хацелася б, каб адносіліся і размаўлялі з маёй мамай, – гаворыць Валянціна Нураліева. – Трэба зразумець, умець стаць на іх месца. Я ўяўляю, што гэта чыясьці мама, бабуля, дзіця ці ўнучак.

– Працаваць не цяжка?

– Не, сама работа нескладаная, усё ж напрацавана ўжо. Толькі што цяпер спякота, ды і да яе прыстасоўваемся. Я па гараскопе Вагі, схільнасць да гандлю маю, – адказвае Валянціна Валер’еўна.

Раён абслугоўвання аўтамагазіна немалы, мінімум 10 вёсак за адзін круг, панядзелак і чацвер адзін маршрут, аўторак і пятніца – іншы. Бывае, у адной вёсцы 11 – 12 прыпынкаў робіць аўталаўка: больш сталыя людзі просяць, не ўсе могуць падысці да адведзенага месца.

– А «моладзь», ад 50-ці прыкладна, ужо падыходзіць, я іх так і вітаю: прывітанне, моладзь, – усміхаецца мая субяседніца, – ім падабаецца. Учора нас канцэртам сустракалі ў Еўлічах. Якія жанчыны галасістыя, так прыгожа спявалі. Працаваць адно задавальненне было. А ў Вясеі мне адзін дзядуля арыі дорыць, ідзе да нашай аўталаўкі і спявае. Ну дзе і калі яшчэ я гэта пачую? Так, няма калі доўга затрымлівацца, людзі чакаюць у іншых вёсках, таму імкнуся дапамагаць, бывае, падказваю сама, з чаго выбіраць, а некаторых ніяк нельга прыспешваць. Да кожнага – свой падыход.

– Вы для іх як глыток паветра. Пэўна, ёсць ужо і сябры?

– Так, у кожнай вёсцы. Калі выязджаю, званю ім, каб збіралі сваіх. Мы паспяваем абмеркаваць і надвор’е, і рэцэпты, і агародныя справы, пра дзяцей пагаварыць. Часта прыносяць штось з агародаў сваіх мяне пачаставаць. Вельмі перажываю, калі нехта з маіх пакупнікоў памірае, прывыкаеш жа... Многія дзякуюць нам, што прыязджаем, асабліва цяпер. Вядома, працую ў масцы, усе меры перасцярогі ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй выконваем. А ўласнікі, якія таксама возяць розную прадукцыю, нам ніколькі не перашкаджаюць, мае пакупнікі – са мной, значыць, набываць нешта ў маёй аўталаўцы ім лепш.

– Чым радуеце іх?

– Асартымент у аўталаўцы шырокі. Хлебабулачных вырабаў вялікі выбар, хлебазавод навінкі свае заўсёды прапануе. Малочную прадукцыю вязём, і самае запатрабаванае, і марожанае таксама, мясныя вырабы. Вядома, усё не закладзеш, што хацелася б, але попыт стараемся задаволіць. Увесь час сачу за прадуктамі, запісваю, колькі каму чаго, стараюся сваіх пакупнікоў забяспечыць. Кожны раз трэба ўсё разлічыць, калі гэтага не рабіць, то тады і лішкі, і сапсаваная прадукцыя. Я і дома яшчэ падлічваю, планую, што на заўтра трэба. І па дарозе ўжо прадумваю, што заказаць, што падкарэкціраваць. У нашай справе трэба ўсё кантраляваць, лічыць.

Вельмі энергічная, жыццялюбівая, шчырая мая субяседніца. Адчуваецца, што ў яе руках любая справа, як кажуць, гарыць, з усім яна спраўляецца. Паважаны і аўтарытэтны чалавек сярод калег і пакупнікоў, адзначае кіраўніцтва базы аблспажыўсаюза, ініцыятыўная, адказная, дасведчаны спецыяліст, з асартыментам працуе ўмела, што дазваляе выконваць заданне і забяспечваць попыт.

У Валянціны Валер’еўны дзве дачкі і ўнучак, старэйшая дачка таксама звязана са сферай гандлю, хоць мае зусім іншую спецыяльнасць. Малодшая атрымала дыплом ветурача, сёлета пачынае прафесійную дзейнасць. Любяць працаваць, як і мама, усміхаецца Валянціна Валер’еўна. Ва ўтульным, камфортна абсталяваным двары Нураліевых часта збіраюцца госці, прыходзяць пагуляць дзеці.

– Мы вельмі рады ім, нам гэта падабаецца. Уся стомленасць праходзіць і працаваць магу хоць ноч яшчэ, калі ўсе вакол задаволеныя. Убачу ўнучка, дачушка патэлефануе – вось і сілы аднаўляюцца, – шчыра дзеліцца Валянціна Валер’еўна. – Ды і калектыў у нас добры, дружныя, дапамагаем адзін аднаму. Ёсць цудоўны сямейны экіпаж Балошкаў, тры вадзіцелі працуюць самі, такія ўжо спрактыкаваныя, ды і іншыя некаторыя могуць замяніць прадаўца. І кіраўніцтва пра нас клапоціцца.

Дарэчы, грамат і падзяк у Валянціны Валер’еўны, такой працавітай, не злічыць.

Кіраўніцтва Слуцкай базы аблспажыўсаюза адзначае сваіх старанных работнікаў: Мікалая Мікалаевіча Міхневіча (магазін №125 у в. Сорагі), Надзею Уладзіміраўну Брытаву (магазін №170 аг. Танежыцы), Жанну Міхайлаўну Пальчык (маг. №74 аг. Леткаўшчына), Таццяну Сяргееўну Таўпека (маг. №47 в. Шышчыцы), Любоў Мікалаеўну Лабковіч (сталовая ў аг. Казловічы), Людмілу Віктараўну Мазго (кандытарскі цэх у аг. Лучнікі) і многіх іншых. 300 чалавек працуюць у рознічным гандлі, грамадскім харчаванні, таксама ў аўташколе і на транспарце, займаюцца нарыхтоўкамі прадукцыі, вытворчасцю спажывецкіх тавараў. Усе яны стараюцца забяспечыць патрэбы насельніцтва ў таварах і паслугах.

Віншаванні работнікам спажывецкай кааперацыі!
Ірына ВЕЧАР.
К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения