Новости Слуцка и Слуцкого района

Будзем змагацца?

09.11.2018
Дамашні матч «Слуцка» ў 27 туры Белурусбанк – чэмпіянату па футболе з «Тарпеда-Мінск» нічога не змяніў для «цукровай» каманды. Ну хіба толькі статыстыку забітых і прапушчаных мячоў: 4 лістапада слуцкія футбалісты ўрэшце дабавілі адзін гол у свой актыў, першы за шэсць апошніх тураў, праўда, прапусцілі ўтрая больш. Застаёмся на восьмым месцы ў турнірнай табліцы. 

З лікам 1:3 скончылася гульня ў Слуцку. Мурат Хотаў, лідар слуцкай каманды ў гэтым матчы па InStat-індэксе на 30-й хвіліне пераправіў мяч у вароты Сцяпанава. Да гэтага гульцы «Тарпеда-Мінск» ужо двойчы ўзялі наш «апошні бастыён».

З 38-й хвіліны футбалісты «Слуцка» засталіся на полі ў меншасці: чырвоную картку атрымаў Сяргей Шчагрыковіч. І праз 10 хвілін трэці гол у вароты Панкратава забіў Седрык Куаджа, які раней гуляў за дубль «Слуцка».

Лідары «Слуцка» па дадзеных InStat: Мурат Хотаў (239), Секу Думбія (214), Барыс Панкратаў (206), Мілаш Нікаліч (203), Роберт Прымус (201).
Аляксандр Кончыц, старшы трэнер СФК «Слуцк»:

– Не хочам шукаць апраўданняў пасля шостага паражэння запар. Кажуць, што незамянімых няма, аказваецца, што ёсць. Не знайшлося замены на лаўцы запасных тым, хто выбыў. Вельмі складана ў такой сітуацыі нешта растлумачыць. Усе робяць высновы – і футбалісты, і трэнерскі штаб, і кіраўніцтва. Мы вельмі перажываем, хацелася б папрасіць прабачэння ў слуцкіх балельшчыкаў. Прашу, калі ласка, крыху пачакаць, мы пастараемся зрабіць жаданае сапраўдным. Мы ў вялікім абавязку перад балельшчыкамі, нам патрэбна падтрымка, цяпер асабліва. Мы засмучаныя, але рукі апускаць не будзем.

– Якая цяпер атмасфера ў калектыве?

– Напружаная. Усе шукаюць выйсце з гэтай сітуацыі. Але абстаноўка кантралюемая. Так, мы гаварылі з рабятамі на павышаных танах, але самае галоўнае, што гэта быў дыялог. Кожны выказаў сваё меркаванне, я думаю, кожны, разумее сітуацыю. Будзем змагацца. 

9 лістапада «Слуцк» у гасцях гуляе з мінскім «Дынама». Удачы нашым.

Ірына ВЕЧАР.
К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения