Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / Патриотизм

Удасканальваюць прафесіяналізм

20.12.2017
 15 снежня 71-ы асобны пуцявы чыгуначны батальён адзначыў 81-ю гадавіну з дня заснавання (камандзір Сяргей Рыгоравіч Алейнік).

У 1936 годзе на базе 13-га будаўнічага чыгуначнага палка на станцыі Смалянінава на Дальнім Усходзе быў сфарміраваны пуцявы батальён (з гадамі яго назва неаднаразова мянялася), асабовы састаў якога выконваў задачы па будаўніцтве і рэканструкцыі чыгункі. За час існавання батальёна ім кіравалі кваліфікаваныя спецыялісты, у іх ліку Юрый Мікалаевіч Шаплаўскі, начальнік Дэпартамента транспартнага забеспячэння Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь.

Гісторыя батальёна налічвае многа яркіх старонак, якія сведчаць аб самаахвярнай адданасці ваеннаслужачых Радзіме, воінскаму абавязку. Працягваючы слаўныя традыцыі старэйшых пакаленняў, вайскоўцы 71-га асобнага пуцявога чыгуначнага батальёна падтрымліваюць высокую баявую і мабілізацыйную гатоўнасць, паспяхова выконваюць пастаўленыя задачы.

Па выніках работы батальён неаднаразова быў у ліку лепшых у транспартных войсках Рэспублікі Беларусь. Немалы ўклад у эканоміку краіны ўнесены вайскоўцамі падраздзялення ў рамках дзяржаўных праграм «Торф» і «Дарогі Беларусі». Асабовы састаў выконваў вучэбна-практычныя задачы на шэрагу дзяржаўных і ваенных аб’ектаў, сярод якіх рэканструкцыя чыгуначных пуцей Беларускага газаперапрацоўчага завода ў Рэчыцы, рамонт пад’язных пуцей да завода «Керамін», пракладка кабельных ліній на МКАД, рэканструкцыя ўчастка чыгункі заходне-еўрапейскай каляі на ўчастку станцыі Свіслач – Дзяржаўная граніца Рэспублікі Беларусь і многае іншае. Зараз вайскоўцы батальёна паспяхова выконваюць задачы па ўдасканаленні сістэмы транспартнага забеспячэння краіны, рэканструкцыі і развіцці матэрыяльнай базы воінскіх часцей Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. 

Камандаванне батальёна высока ацэньвае работу ваеннаслужачых. Яны працягваюць слаўныя традыцыі папярэднікаў, раўняюцца на лепшых і ўдасканальваюць прафесійнае майстэрства.

Паспяхова служыць у 71-м асобным пуцявым чыгуначным батальёне намеснік камандзіра 1-га пуцявога ўзвода – камандзір 1-га пуцявога аддзялення Уладзімір Паўленка (на здымку). Родам ён з Гомельскай вобласці. Працаваў на чыгунцы саставіцелем цягнікоў. На службу прызвалі восенню мінулага года.

– Зразумела, адразу было цяжка прывыкнуць да распарадку дня, дысцыпліны, а потым адаптаваўся, – расказвае Уладзімір. –  Хутка бяжыць час… Наша аддзяленне займаецца аднаўленнем чыгункі. Сёлета мы паспяхова справіліся з задачамі падчас вучэбна-практычных заняткаў у Добрушскім і Баранавіцкім раёнах. 

У вольны час вайскоўцы глядзяць тэлевізар, чытаюць газеты, кнігі і нават пішуць пісьмы. Таксама займаюцца спортам, ёсць ў казарме трэнажорная зала.

– Служба навучыла адказваць не толькі за сябе. Менавіта я стаў больш самастойным, маральна, фізічна памацнеў. 

Уладзімір адзначыў, што камандаванне батальёна заўсёды прыслухоўваецца да салдат, іх прапаноў, дапамагае ў вырашэнні праблем.

Падчас службы Уладзімір Паўленка не толькі пашырыў веды, у яго з’явілася жаданне звязаць сваю далейшую прафесійную дзейнасць са службай ва Узброеных Сілах краіны.

Ірына КАВАЛЕНКА.
К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения