Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / Патриотизм

Случчанін расказаў пра армейскія будні, і як там збываюцца мары

04.12.2019
Случчанін Уладзіслаў Лясун толькі пару тыдняў таму вярнуўся са службы ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь. Малады чалавек  расказаў, якая яго дзіцячая мара збылася ў арміі.

Уладзіслаў закончыў СШ №12, быў старшынёй Маладзёжнага парламента Слуцка, актыўным удзельнікам творчых і спартыўных падзей школы і раёна. Падчас вучобы ў Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры  акрамя валейбола, які абраў спецыяльнасцю, займаўся змешанымі адзінаборствамі, паспяхова выступаў у спаборніцтвах. Па размеркаванні трапіў у Ліду, працаваў у спорткомплексе. А ў лістападзе 2018 года Уладзіслава прызвалі ў армію. Ён выбраў паветрана-дэсантныя войскі. 

Я з дзяцінства марыў быць дэсантнікам, ажыццявіць скачок з парашутам. Мне хацелася насіць блакітны берэт, цяльняшку. Вядома, кінафільмы і кнігі паўплывалі, былі і знаёмыя юнакі, якія служылі, – расказвае Уладзіслаў. – У армію ішоў свядома, ніякіх думак не было, каб, як кажуць, адкасіць. Навошта? Мне хацелася хутчэй прайсці гэты этап, можа, нешта даведацца, чамусь новаму навучыцца. І мае чаканні спраўдзіліся. Ад гэтага года ў арміі хацелася ўзяць усё, служыць дык служыць. Таму папрасіўся ў дэсантнікі. А трапіўшы ў 103-ю асобную гвардзейскую паветрана-дэсантную брыгаду прайшоў адбор у разведроту. Туды вырашыў пайсці, каб больш для сябе ўзяць нейкіх ведаў, навыкаў, у разведчыках больш магчымасцей для самаўдасканалення. 

Адаптацыя да новых умоў жыцця прайшла для Уладзіслава даволі хутка. Але ва ўсіх гэта бывае па-рознаму. Цяжка першыя паўгода, а потым усё наладжваецца, расказвае юнак. У разведроце строгі распарадак. Кожны дзень была фізчная падрыхтоўка, таксама агнявая, інжынерная, паветрана-дэсантная, розныя мерапрыемствы. Вольнага часу амаль не заставалася. Калі выпадала хвілінка пачытаць, то без спецыяльнай літаратуры, напрыклад, па тапаграфіі, не абыходзіўся. Разведчык павінен ведаць і ўмець усё, усміхаецца яфрэйтар Лясун. І мастацкія кнігі чытаў больш пра разведчыкаў і падобныя. 

Уладзіслаў служыў старшым разведчыкам-снайперам, пасля быў разведчыкам-тэлефаністам, а гэта зноў жа новыя веды. Год службы быў вельмі насычаным, гаворыць ён, разведрота сярод дэсантнікаў лічыцца элітным падраздзяленнем, таму калі трапіў сюды  – трымай марку, як бы ні было цяжка. І майму субяседніку гэта ўдавалася. 

Армія навучыла мяне пунктуальнасці, стрыманасці, валоданню сабой, сваімі эмоцыямі. Вядома, за час службы мяняешся. Становішся дзесьці спакайнейшым, а дзесьці больш рашучым, прывучаешся да парадку, пачынаеш цаніць час, асабліва праведзены з дарагімі табе людзьмі, – дзеліцца думкамі Уладзіслаў. – Арміі не трэба баяцца, там усё нармальна. Падчас службы засвойваеш карысныя веды, набываеш вопыт, які па жыцці спатрэбіцца, хоць, можа, адразу і не разумееш гэтага. Большая адказнасць з’яўляецца за сябе, за сваю будучыню, пачынаеш разумець, што табе трэба. І армія дапамагае стаць такім, якім хочаш. 

Цяпер няпростая задача стаіць перад Уладзіславам: вызначыцца з далейшым прафесійным шляхам, будзе гэта спорт ці служба ў сілавых структурах.  Малады чалавек згодны з выказванем, што лепшая работа – хобі, якое прыносіць добры заробак. 

Дарэчы, пра дзіцячую мару. Яна збылася, скачок з парашутам Уладзіслаў ажыццявіў. 

Ірына ВЕЧАР.

Матэрыялы па тэме – чытайте тут
К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения