Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / Патриотизм

Мужчыну цяжкасці не палохаюць

01.06.2018
Яўгеній Бялькевіч дэмабілізаваўся з Узброеных Сіл 19 мая. Ён служыў на беларуска-літоўскай граніцы, пагранічны пост Камелішкі. За паўтара года, праведзеных у арміі, многаму, гаворыць, навучыўся. Бацькі салдата атрымалі падзячны ліст ад камандзіра часці за годнае выхаванне сына. Юнак таксама мае падзяку і іншыя заахвочванні.

Яўгеній скончыў СШ №10 імя С.Ф. Рубанава, Слуцкі дзяржаўны каледж. Працаваў у ААТ «Савушкін-прадукт» і мог атрымаць адтэрміноўку ад службы ва Узброеных Сілах. Але нават не думаў пра гэта, гаворыць Яўгеній, на мерапрыемствы прызыву паехаў адразу. Прадстаўнікі пагранічных войскаў прапанавалі субяседаванне – па яго выніках служыць Яўгеній  адправіўся ў Смаргонь.

– Калі мужчына сябе паважае, ніякіх цяжкасцей не пабаіцца, – разважае юнак. – Вядома, спачатку ў непрывычнай абстаноўцы цяжка, да армейскага быту, да пэўных абмежаванняў трэба прывыкнуць. Але калі ўваходзіш у рытм армейскага жыцця, усё наладжваецца. У вольны час я займаўся фізічнай падрыхтоўкай. Нас запрашалі на сустрэчы  са школьнікамі, з імі мы таксама гулялі ў футбол, валейбол, баскетбол. Жыццё армейскае было насычаным рознымі мерапрыемствамі.

Яўгеній падчас службы быў інспектарам (прайшоў навучанне, здаў залік), у пагранічнай зоне назіраў за мясцовым насельніцтвам і за тымі, хто прыбываў у гэтую зону (інспектары тут могуць выконваць і функцыі органаў унутраных спраў: аддзяленне міліцыі няблізка ад населенага пукта, таму мясцовыя жыхары пры неабходнасці звяртаюцца). Ну і, вядома, Дзяржаўную граніцу ахоўваў, участак прыкладна 22 кіламетры. Яўгеній – кулямётчык (праходзіў некалькі разоў зборы), на пасту заўсёды быў з баявой зброяй (7,5 кг!), сам жа выконваў і абавязкі памочніка кулямётчыка (станок, боепрыпасы, запасныя ствалы – усю камплектацыю насіў сам). Зразумела, якая павінна быць фізічная форма пагранічніка.

– Служба на граніцы – вялікая адказнасць, патрабуе высокай пільнасці, – гаворыць Яўгеній. – Добра, калі бывае пагранічная ўдача: перапыніць парушэнне Дзяржаўнай граніцы без папярэдняга інфармавання. За час маёй службы і мне пашанцавала папярэдзіць пераход граніцы двума расіянамі. Яны шукалі, у якім месцы можна будзе арганізаваць пераход мяжы мігрантамі. Цяпер тэхнічныя ўмовы і магчымасці па ахове граніцы значна ўзраслі. Да таго ж мясцовыя жыхары памежнікам дапамагаюць: калі бачаць падазроных невядомых асоб, тэлефануюць на заставу. Так што наша Дзяржаўная граніца надзейна абаронена.

Яўгеній вельмі задаволены, што служыў менавіта ў ваеннай часці 2044. Ён набыў многа сяброў. 28 мая, у Дзень пагранічніка,  яны сустракаліся ў Мінску.

– У нас было сапраўднае баявое братэрства, адзін за аднаго. А як па-іншаму на граніцы? Я тут многаму навучыўся, і ў бытавых пытаннях, і ў тэхнічных. У нас нават свой агародзік быў, цяпліца, – усміхаецца Жэня і працягвае сур’ёзна: – Служба ў арміі – час для загартоўкі характару, развіцця валявых якасцей. Тут можна прайсці прафесіянальную падрыхтоўку. Я, напрыклад, атрыманыя падчас інспектарскага навучання веды і навыкі і далей выкарыстаю: мяркую пайсці на службу ў Дэпартамент аховы, а пасля паступіць у Акадэмію МУС. Меркаванне, што служба ў арміі – дарэмна страчаны час, няправільнае. Калі ты адказны, моцны духам, то нічога не трэба баяцца. Як выкарыстаць магчымасці для самаўдасканалення, якія прадастаўляюцца падчас службы, кожны вырашае сам. 

Ірына ВЕЧАР.
К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения