Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / Патриотизм

Дзень прызыўніка прайшоў на базе 30-й асобнай чыгуначнай брыгады 5 лістапада. Дапоўнена

05.11.2018
У традыцыйным мерапрыемстве ўдзельнічалі прызыўнікі, старшыня Слуцкага раённага Савета дэпутатаў Наталля Аляксандраўна Аўсяннікава, ваенны камісар Слуцкага і Старадарожскага раёнаў Аляксандр Міхайлавіч Петравец, ветэраны Узброеных Сіл, члены раённай арганізацыі Беларускага саюза афіцэраў, работнікі райкама БРСМ, ваеннаслужачыя брыгады, навучэнцы.

На пачатку ўшанавалі памяць Героя Савецкага Саюза Пятра Купрыянава. Пра яго жыццё і подзвіг расказаў моладзі ветэран Узброеных Сіл дырэктар музея 29-й танкавай дывізіі Анатолій Іванавіч Букін, вітаў прызыўнікоў старшыня раённай арганізацыі імя Маршала Савецкага Саюза Г.К. Жукава Беларускага саюза афіцэраў Сяргей Аляксандравіч Макараў.

Пазнавальнай і вельмі карыснай была для юнакоў экскурсія па часці: наведалі казармы, убачылі, якая тэхніка на ўзбраенні ваеннаслужачых брыгады. У музеі транспартных войскаў Рэспублікі Беларусь папоўнілі свае веды па гісторыі.

На пляцы працягвалася ўрачыстасць. Да юнакоў звярнулася старшыня Слуцкага раённага Савета дэпутатаў Наталля Аляксандраўна Аўсяннікава:

– Ва ўсе часы абарона Айчыны была і застаецца адной з самых пачэсных задач, якую Радзіма давярае лепшым сваім сынам. Ад імя Слуцкага райвыканкама, раённага Савета дэпутатаў віншую з прызывам. Час службы праляціць хутка. Жадаю вам поспехаў у баявой падрыхтоўцы, верных сяброў. Упэўнена, вы добрасумленна выканаеце свой абавязак. Міру вам і дабра.

Ваенны камісар Слуцкага і Старадарожскага раёнаў А.М. Петравец адзначыў, што служба ва Узброеных Сілах – гэта пачэсная місія, школа ўзмужання, станаўлення юнакоў, фарміравання і выхавання якасцей сапраўднага мужчыны. Ад таго, як будуць юнакі адносіцца да сваіх воінскіх абавязкаў, як будуць служыць, залежыць абараназдольнасць нашай дзяржавы, спакой жыхароў краіны, падкрэсліў ён.

Да памятнага знака вязням лагера савецкіх ваеннапалонных і мірных грамадзян, які знаходзіцца на тэрыторыі 30-й асобнай чыгуначнай брыгады, усклалі кветкі.

Павіншаваў юнакоў, якія вось-вось адправяцца на тэрміновую службу, дэпутат Слуцкага раённага Савета дэпутатаў, ветэран Узброеных Сіл падпалкоўнік у адстаўцы Генадзій Уладзіміравіч Паніч. Мама прызыўніка Алена Іванаўна Цось звярнулася да юнакоў з наказам: служыць годна, быць дастойнымі лепшых традыцый старэйшых пакаленняў ваеннаслужачых, горда несці званне абаронца Айчыны.

Уладзіслаў Кісель ад імя прызыўнікоў запэўніў бацькоў, ветэранаў Узброеных Сіл, жыхароў Случчыны, што маладое пакаленне гатова да абароны Радзімы, з гонарам прыме гераічную эстафету старэйшых пакаленняў і годна выканае свой абавязак.

Настаяцель храма Аляксандра Неўскага іерэй Сергій благаславіў прызыўнікоў. Павесткі і пісьмовы наказ будучым воінам уручылі Н.А. Аўсяннікава, А.М. Петравец, ветэраны Узброеных Сіл. Ад райкама БРСМ – сувеніры. Невялікі пляц-канцэрт ваеннага аркестра 30-й асобнай чыгуначнай брыгады завяршыў мерапрыемства. А юнакоў пачаставалі салдацкім абедам.

Случчанін Уладзіслаў Кісель лічыць падобнае мерапрыемства вельмі карысным, патрэбным:

– Цікава было паглядзець на абмундзіраванне і ўзбраенне, пазнаёміцца з салдацкім побытам, даведацца пра некаторыя факты з гісторыі транспартных войскаў. А расказ пра подзвіг Пятра Купрыянава прымусіў задумацца, ці здольны на такое мы. З пачуццём доўгу, вялікай адказнасці іду на службу. Спадзяюся, не падвяду.

Як паведаміў ваенны камісар Слуцкага і Старадарожскага раёнаў палкоўнік А.М. Петравец, мерапрыемствы па прызыве на тэрміновую ваенную службу і службу ў рэзерве завяршаюцца. Каля 500 юнакоў былі вызваны на прызыўную камісію і праходзілі медыцынскі агляд. Па выніках медагляду годнымі да службы прызнаны 125 чалавек. 140 юнакоў камісаваны па стане здароўя, астатнія атрымалі адтэрміноўку па розных прычынах: для атрымання далейшай адукацыі, ваенна-ўліковай спецыяльнасці, па сямейным становішчы і іншых. Адпраўка прызыўнікоў ва Узброеныя Сілы пачнецца 15 лістапада. У асноўным прызыўнікі накіраваны на службу ў сілы спецыяльных аперацый, пагранічныя і ўнутраныя войскі, войскі проціпаветранай абароны, 30-ю асобную чыгуначную брыгаду і іншыя.

Ваенны камісарыят Слуцкага і Старадарожскага раёнаў дзякуе кіраўнікам слуцкіх мясакамбіната, хлебазавода і камбіната хлебапрадуктаў за дапамогу ў арганізацыі мерапрыемства.

Ірына ШЧАРБОВІЧ.
На пачатку ўшанавалі памяць Героя Савецкага Саюза Пятра Купрыянава. Для прызыўнікоў правялі экскурсію па часці і ў музеі транспартных войскаў Рэспублікі Беларусь. На пляцы ўрачыста ўручылі павесткі прызыўнікам. Смачнай салдацкай кашай частавалі будучых салдат. 







К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения