Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Общество / Патриотизм

8 красавіка – Дзень войск супрацьпаветранай абароны

07.04.2018
Начальнік 3-га радыёлакацыйнага вузла Яўгеній Станіслававіч Крэмпульс, намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце Сяргей Васільевіч Смірноў.

Вайскоўцы 3-га радыёлакацыйнага вузла 2287-га асобнага радыётэхнічнага батальёна 8-й радыётэхнічнай брыгады войск супрацьпаветранай абароны штодзень выконваюць задачы баявога дзяжурства, ахоўваюць дзяржаўныя межы ў паветранай прасторы. 

Начальнік 3-га радыёлакацыйнага вузла Яўгеній Станіслававіч Крэмпульс адзначыў, што на ўзбраенні падраздзялення – мадэрнізаваная радыёэлектронная тэхніка, якая дазваляе адпавядаць сучасным патрабаванням і павялічваць баяздольнасць Узброеных Сіл краіны. Радыус ахопу радыёлакацыйных станцый даходзіць  да 360 кіламетраў пры вышыні 25 тысяч метраў.
Вайскоўцы радыёлакацыйнага вузла сёлета з 27 лютага па 2 сакавіка прымалі ўдзел у тактычным вучэнні. Падвіжная група пад кіраўніцтвам старшага лейтэнанта Канстанціна Юр’евіча Грабенюка з мадэрнізаванай радыёлакацыйнай станцыяй П-18 БМА выязджала ў новы пазіцыённы раён, рыхтавала тэхніку да нясення баявога дзяжурства.  Падчас вучэнняў былі разгледжаны і вызначаны адзіныя падыходы да прымянення радыётэхнічных падраздзяленняў пры змене пазіцый і выкананні задач па прызначэнні ў новых пазіцыйных раёнах. Такія  вучэнні, па словах Яўгенія Станіслававіча Крэмпульса, дазваляюць удасканальваць навыкі вайскоўцаў у здзяйсненні манеўраў і маршу на ваеннай тэхніцы, замацаваць неабходныя веды. Камандаванне добра ацаніла дзейнасць  падраздзялення па выкананні задач па прызначэнні. Цяпер асабовы састаў 3-га радыёлакацыйнага вузла рыхтуецца да сумесных вучэнняў з падраздзяленнямі Расійскай Федэрацыі. 

– Камандаванне 3-га радыёлакацыйнага вузла віншуе камандаванне Ваенна-паветраных Сіл і войск супрацьпаветранай абароны, асабовы састаў 8-й радыётэхнічнай брыгады з Днём войск супрацьпаветранай абароны, – адзначыў начальнік 3-га радыёлакацыйнага вузла Яўгеній Станіслававіч Крэмпульс. Жадаем вам, вашым родным і блізкім моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту, чыстага мірнага неба над галавой, далейшых поспехаў у ваеннай службе і працы на карысць нашай Айчыны – Рэспублiкi Беларусь! 

З гісторыі 8-й радыётэхнічнай брыгады

Летам 1941 года ў горадзе Сталіна (цяпер – Данецк) быў сфарміраваны 71-ы асобны батальён паветранага назірання, абвяшчэння і сувязі,  які ўвайшоў у падпарадкаванне зоны супрацьпаветранай абароны Харкаўскай ваеннай акругі. Разам з пехацінцамі яго вайскоўцы  ў кастрычніку – лістападзе 1941 года адбівалі  наступ нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у тым ліку абаранялі шэраг наглядальных пастоў у баявых парадках 9-й  і 18-й армій. 

Баявы шлях батальёна праходзіў праз Краснадон, Лісічанск, Старабельск, Варашылаўград, Уральск, Сталінград, Падмаскоўе...

3 ліпеня 1944 года часць перабазіравалася ў Мінск, увайшоўшы ў склад 83-й дывізіі псупрацьпаветранай абароны, і пачала разгортваць баявыя парадкі на тэрыторыі Беларусі для прыкрыцця ваенна-прамысловых аб’ектаў Мінска, Барысава, Маладзечна.  На беларускай зямлі батальён сустрэў Дзень Перамогі.

Пасляваенная гісторыя батальёна звязана з будаўніцтвам і развіццём радыётэхнічных войскаў. Ён неаднаразова быў перафарміраваны. Канчаткова 8-я радыётэхнічная брыгада была сфарміравана восенню 1962 года. Асабовы састаў 8-й радыётэхнічнай брыгады захоўвае і прымнажае слаўныя традыцыі злучэння, паспяхова выконвае баявыя задачы па ахове паветранай прасторы нашай краіны, прымае ўдзел у буйнамаштабных вучэннях Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, забяспечваючы своечасовую і якасную выдачу баявой і разведвальнай радыёлакацыйнай інфармацыі.

Ірына КАВАЛЕНКА.
К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения