Зямля любіць гаспадароў
12.04.2019
Чалавечы фактар будзе галоўным, нават пры самых высокіх тэхналогіях, таму што ўсё на зямлі, ды і сама зямля адчувае, як адносяцца да яе: беражліва і з любоўю ці неахайна і абыякава, перакананы адзін з лепшых механізатараў саўгаса «Рачкавічы» Аляксандр Іванавіч Лабкоўскі (на здымку).
Сёлетняя пасяўная ў яго дваццаць трэцяя. І ён у поўнай меры мае права вынесці такі вердыкт, бо неаднаразова бачыў, як адно і тое ж поле, засеянае адным і тым жа насеннем, дае розныя ўсходы, таму што засявалі яго розныя людзі: адзін – старанна, а другі – абыякава.
Почырк пасеваў Аляксандра Іванавіча адметны, заўважаюць і спецыялісты гаспадаркі. Яго радочкі нібы па спадарожнікавай сувязі выведзены.
Вясковы хлопец, ён змалку быў прывучаны да сялянскай працы. І з дзяцінства зразумеў, што зямля абавязкова аддзячыць добрым ураджаем, калі будзеш на ёй руплівым гаспадаром.
Жыццём у вёсцы задаволены спаўна. Цяжкавата, аднак і радасна, бо ты бачыш вынікі сваёй працы: і на саўгасных палетках, і на ўласным падворку.
Любімая пара года ў Аляксандра Іванавіча – вясна, а любімая работа – сяўба. У мінулым годзе ён пасеяў амаль дзве з паловай тысячы гектараў яравых і азімых культур.
– Уяўляеце, колькі было усходаў! – жартуе Аляксандр Іванавіч і філасофскі заўважае, што цяжкасцей у вёсцы баяцца не варта, яны даюць чалавеку магчымасць адчуць сябе моцным, упэўненым і шчаслівым. – Мы з жонкай не шкадуем, што засталіся ў вёсцы, тут працуем і жывём. Зямля многа сіл патрабуе ад чалавека, а яшчэ больш іх – дае.
Галіна ЛЕМЕШ.
К списку записей раздела