Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Экономика / Сельское хозяйство

Завяршыць пасяўную як мага хутчэй імкнуцца хлебаробы Слуцкага раёна

14.04.2022
 Надвор ’е гэтай вясной непрадказальнае. Аднак час сеяць надышоў! Хлебаробы Случчыны з ранку і да позняга вечара шчыруюць у полі, каб у тэрмін і якасна правесці пасяўныя работы. Стаіць задача пасеяць яравыя збожжавыя і зернебабовыя культуры да 17 красавіка.

Па стане на 14 красавіка ў раёне пасеяна яравых збожжавых 73% ад неабходнага, што вышэй сярэднеабласнога паказчыка (54%). Толькі за мінулы дзень аграрыі раёна засеялі 887 гектараў адведзеных плошчаў. Лідзіруюць па тэмпах работ ААТ «Аграфірма «Лучнікі» (93%), ААТ «Ісерна» (96%). А вось у саўгасе «Рачкавічы» і адкрытым акцыянерным таварыстве «Гольчыцкае» з сяўбой яравых збожжавых культур ужо справіліся. На гэтым тыдні ў ААТ «Гольчыцкае» прыступілі да сяўбы аднагадовых культур на зялёны корм.

Галоўны аграном ААТ «Гольчыцкае» Алег Булгак зазначае:

– Разумеем, што сёлета, як ніколі, важна правесці пасяўную кампанію на высокім узроўні, за гэтым стаіць харчовая бяспека краіны.

Нягледзячы на капрызы надвор’я, пасеяць неабходна своечасова. Калі быў снег, работы крыху спынілі, таму зараз імкнёмся працаваць па максімуму. Падрыхтоўваем глебу, сеем. Ёсць, безумоўна, больш вільготныя ўчасткі, але пасля культывавання праз гадзіну-другую ўжо можна сеяць. Глеба вільготная, таму разлічваем на добры ўраджай. Галоўнае, каб зараз не было начных замаразкаў.

Стаўку ў сельгасарганізацыі ў гэтым годзе зрабілі на ўласнае насенне, пасеялі і 10 тон элітнага збожжа беларускай селекцыі.

Адзін з механізатараў сельгасарганізацыі Уладзімір Шмак расказвае, што ўмовы створаны нядрэнныя: у поле прывозяць гарачае харчаванне, тэхніка добрая.

Уладзімір Шмак працуе на энерганасычаным трактары Беларус-3522, да якога прычэплены пасяўны калібраваны агрэгат HORSCH з васьмімятровым захопам. Агрэгат і дыскуе, і выраўноўвае глебу, і сее.  Працуюць да 9 – 10 гадзін вечара.

У сельгасарганізацыі Уладзімір – 13 гадоў і амаль столькі ж задзейнічаны на сяўбе. Адзначае, што любоў да зямлі, да тэхнікі – ад бацькі, які таксама доўгі час працаваў тут механізатарам. Штодня на «рахунку» Уладзіміра каля 70 гектараў засееных плошчаў. Усяго ў гэтым годзе ён засеяў каля 800 га.

Дарэчы, расказвае галоўны аграном, 70% ад кошту абедаў аплачвае сельгасарганізацыя. Дастаўляюць іх своечасова са сталовай з Вясеі.

Наталля ГРАМЫКА.
К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения