Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Экономика / Сельское хозяйство

З клопатам пра будучы ўраджай вядуць работы працаўнікі ААТ «Падлессе-2003»

02.11.2023
Золата прыдарожнага лісця змяняецца яркай зелянінай азімай пшаніцы, што расце ў тым лiку i на палетках адкрытага акцыянернага таварыства «Падлессе-2003». А па другi бок дарогi лапушное лісце распусціў азімы рапс.

Надвор’е спрыяльнае, для азімых культур самы час добра ўзяцца за зямлю, умацавацца карэннем, адзначаюць спецыялісты. Дарэчы, азімым у сельгасарганізацыі, як і ў цэлым у раёне,  надаюць усе больш увагі, пад іх кожны год адводзяць усё больш плошчаў.

Сёлета на Случчыне пад азімыя культуры адвялі на 2 000 гектараў больш, чым летась.

– Хоць яравы ячмень і дае нядрэнны ўраджай,  аднак усе плошчы, адведзеныя пад збожжавыя, сёлета засеялі азімымі пшаніцай, ячменем і рапсам, ад якіх і ўраджай, і, вядома ж, эканамічны эфект большыя, – гаворыць галоўны аграном сельгасарганізацыі Мікалай Кананок. – Дарэчы, у гэтым годзе больш за ўсё выгады атрымалі ад вырошчвання азімага рапсу. 

Такі падыход да вырошчвання збожжавых мае шмат плюсаў. Напрыклад, вясной нам  застанецца пасеяць толькі гарох і, магчыма, на асобных палях, дзе прападуць азімыя, – яравыя, што апошнія гады рэдкасць, паколькі  зімы досыць цёплыя. А потым спакойна прыступім да сяўбы цукровых буракоў і цеплалюбівай кукурузы. Ёй у гаспадарцы адводзім прыкладна столькі ж месца, як і азімым – больш за 1 400 гектараў. А чаму б і не: гэта высокаэнергетычны корм.

Пакуль гутарым, па дарозе  праязджае грузавы аўтамабіль з поўным прычэпам цукровых буракоў. Яны таксама тут добра ўрадзілі.

 – Больш за 700 цэнтнераў з гектара, – кажа Мікалай Іванавіч. – І справа не толькі ва ўнясенні ўгнаенняў, а і ва ўдалым падборы раслін-папярэднікаў, для салодкіх караняплодаў гэта азімая пшаніца. 

На некаторых іншых палетках сельгасарганізацыі ўбіраюць травы. У гэтым годзе тут плануюць атрымаць шосты ўкос люцэрны і трэці злакавых. Па словах галоўнага агранома, карыстаецца попытам і насенне траў, на вытворчасці ў тым ліку якіх спецыялізуецца ААТ «Падлессе -2003».

Кіпіць работа і на палетках, якія рыхтуюць пад вясеннюю сяўбу. Тут уносяць арганічныя ўгнаенні, вядуць ворыва глебы. Сярод аратых Аляксандр Пушко. Працуе ў гаспадарцы Аляксандр 15 гадоў. За гэты час кіраваў рознымі трактарамі. Зараз у яго руках магутны «Беларус-3522».

– Цудоўная тэхніка, наша, айчынная! – з гонарам заўважае механізатар. – За дзень па 25 гектараў і больш заворваю. А яшчэ добра, што ў нашай сельгасарганізацыі цяпер ёсць свая сталовая, адкуль у поле прывозяць смачныя, цёплыя абеды.

Пасля дажджу з ворывам крыху цяжэй. Бывае, трэба лішні раз спыніцца, ачысціць тэхніку. І усё ж,  калі любіш працаваць на зямлі, то хіба можа быць па- іншаму, – кажа механізатар.

Наталля ГРАМЫКА.
К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения