Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Экономика / Сельское хозяйство

З арыенцірам на наступны год

27.10.2022
На здымку: механізатар Міхаіл Жогла.


У ААТ «Аграфірма «Лучнікі» справіліся з сяўбой азімых, уборкай цукровых буракоў, бульбы, ужо заканчваюць работы па ўборцы кукурузы. І цяпер галоўны клопат – падрыхтоўка глебы пад веснавую сяўбу.

Падняцце зябліва тут вядуць актыўна. Як адзначае галоўны аграном  сельгасарганізацыі Сяргей Савановіч, правесці ворыва глебы аграрыі плануюць на большай колькасці палеткаў – пакуль  дазваляе надвор'е.

– У падняцці зябліва перад зімой шмат карыснага, – тлумачыць Сяргей Міхайлавіч. – Гэта і магчымасць лепш зберагчы вільгаць у глебе, і «падавіць» пустазелле. Вялікі  «плюс» і ў тым, што вясной на такіх палетках можна будзе раней пачаць сяўбу яравых.

– Ворыва глебы вядзём глыбінёй да 20 сантыметраў, – уключаецца ў размову механізатар Міхаіл Жогла, – справа неабходная, калі хочаш атрымаць добры ўраджай у наступным годзе.

Міхаіла Яўгенавіча з больш чым 20-гадовым стажам працы ў сельгасарганізацыі  ведаюць як стараннага чалавека – і тэхніку да работ у полі падрыхтуе як след, і зробіць  усё бездакорна!

За дзень узворвае па 25 – 30 гектараў. У такой справе, кажа, галоўнае не хуткасць, а якасць, бо як зямельку пашануеш, так з яе і атрымаеш.

Каб атрымаць добры ўраджай у наступным годзе, у сельгасарганізацыі павялічылі пасяўныя плошчы пад азімыя, на 200 гектараў менш мінулагодняга плануюць пасеяць яравых. Кажуць, азімыя больш устойлівыя перад засухай, даюць вышэйшы ўраджай.

Дарэчы, асаблівую ўвагу ў ААТ «Аграфірма «Лучнікі» надаюць вырошчванню азімай пшаніцы. Па словах агранома, штогод тут намалочваюць да 8 тысяч тон зерня гэтай культуры, з якіх прыкладна 2,5 тысячы тон ідзе на выраб мукі розных гатункаў. Яе выпускаюць ва ўласным цэху сельгасарганізацыі.








Пэўную колькасць зерня збожжавых культур рэалізуюць іншым сельгасарганізацыям: аграфірма «Лучнікі» з’яўляецца элітгасам па іх вырошчванні.

Веснавую сяўбу плануюць правесці хутка і на добрым арганізацыйным узроўні. Таму ўжо зараз уносяць мінеральныя ўгнаенні, робяць хімапрацоўкі.

Наталля ГРАМЫКА.

К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения