У сельгасарганізацыях раёна хутка пачнецца пасяўная кампанія
14.03.2019
У сельгасарганізацыях раёна хутка пачнецца гарачая пара – пасяўная кампанія. Як паказвае вопыт мінулых гадоў, на сяўбу яравых адводзіцца ўсяго 10 дзён, і, каб укласціся ў аптымальныя агратэхнічныя тэрміны, стаўка робіцца на магутную энерганасычаную тэхніку.
Як адзначылі ва ўпраўленні па сельскай гаспадарцы і харчаванні Слуцкага райвыканкама, гатоўнасць сельскагаспадарчай тэхнікі да веснавых палявых работ складае больш за 90 працэнтаў. Першымі паставілі тэхніку на лінейку гатоўнасці ў ДП «Саўгас «Рачкавічы» (дырэктар Мікалай Рыгоравіч Красуцкі), ААТ «Казловічы-Агра» (дырэктар Сяргей Уладзіміравіч Пенязь), «Аграфірма «Лучнікі» (дырэктар Васілій Пятровіч Статкевіч). Сёлета да падрыхтоўкі тэхнікі да сяўбы шэрагу сельгасарганізацый з абласнога бюджэту былі выдзелены субсідыі для набыцця запасных частак, рамонт тэхнікі праводзілі і за ўласныя сродкі гаспадарак. Таксама за кошт абласнога бюджэту з канца мінулага года і сёлета машынна-трактарныя паркі сельгасарганізацый папоўнілі пасяўныя і глебаапрацоўчыя агрэгаты, кормаўборачная тэхніка, раскідвальнікі мінеральных угнаенняў. Плануецца набыццё чатырох трактараў, два з іх – энерганасычаныя.
У сельгасарганізацыях Случчыны назапашана насення збожжавых і зернебабовых 127% да неабходнага. Для сортаабнаўлення гаспадаркі ўжо набылі 232 тоны элітнага насення.
У ААТ «Вясейскі Пакроў», «Сорагі-Агра», філіяле «Падсобная сельская гаспадарка» ААТ «Слуцкі мясакамбінат», СГФ «Крывая Града» ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат», СГФ сыркамбіната вядуць падкормку шматгадовых траў каліем. Увогуле, у гаспадарках назапашана мінеральных угнаенняў 9 815 тон дзеючага рэчыва (41%). На палеткі сельгасарганізацый вывезена 952 442 тоны арганічных угнаенняў, 87% да неабходнага. У некаторых гаспадарках ужо распачалі ўносіць у глебу арганічныя ўгнаенні.
У сельгасарганізацыях раёна праведзена значная работа па падрыхтоўцы да веснавой пасяўной. Добры настрой працаўнікоў, згуртаванасць, зладжаная работа механізатараў і спецыялістаў гаспадарак будуць садзейнічаць правядзенню пасяўной кампаніі ў аптымальныя тэрміны. Толькі агульнымі намаганнямі дасягаюцца станоўчыя вынікі ў рабоце.
Ірына КАВАЛЕНКА.
К списку записей раздела