Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Экономика / Сельское хозяйство

Пасяўная набірае абароты

20.04.2018
Механізатар ААТ «Казловічы-Агра» Андрэй Канстанцінавіч Казляк


Актыўна вядуць сяўбу працаўнікі ўсіх сельгасарганізацый раёна. На жаль, яшчэ не ўсе палеткі гатовыя прыняць урадлівае зерне. Многія палі пераўвільготненыя, і таму сяўбу аграрыі вядуць там, дзе гэта магчыма.

Пасеяць у аптымальныя агратэхнічныя тэрміны, своечасова апрацаваць ад захворванняў, падкарміць культуры – адны са складальнікаў добрага ўраджаю, упэўнена галоўны аграном адкрытага акцыянернага таварыства «Казловічы-Агра» Таццяна Уладзіміраўна Качановіч.

– Азімыя культуры перазімавалі нядрэнна, але ёсць вымачкі, будзем выпраўляць сітуацыю – падсяваць аднагадовымі культурамі, яравымі збожжавымі. Цяжкавата было пачынаць сяўбу: многа вільгаці, зараз усталявалася добрае надвор’е, працуем. На палетках задзейнічана ўся тэхніка. Ужо завяршылі сяўбу зернебабовых культур, ячменю пасеялі больш за палову неабходнай плошчы, – расказвае Таццяна Уладзіміраўна. – Агульны план яравой сяўбы ў сельгасарганізацыі – 3 478 гектараў, з іх ужо засеяны 759 гектараў, ці 22 працэнты. Уносім арганічныя і мінеральныя ўгнаенні, закрываем вільгаць, рыхтуем глебу да сяўбы. Ужо правялі першую падкормку азімага рапсу на плошчы 840 гектараў і азімых збожжавых (1 850 гектараў на зерне і 347 гектараў на зялёны корм). У структуры пасяўных плошчаў сёлета невялікія змяненні: зменшылі плошчу пад кукурузу на зялёную масу і дабавілі на бабовыя культуры. Мінеральнымі ўгнаеннямі забяспечаны напалову ад неабходнага, але працягваем назапашваць.

У панядзелак у ААТ «Казловічы-Агра» распачалі сяўбу цукровых буракоў. Каб тэхніка без збояў працавала на палетках, работа інжынернай службы гаспадаркі арганізавана ў дзве змены, створана мабільная брыгада. Няма праблем з запчасткамі.

Збожжавыя культуры, кукурузу на зерне і цукровыя буракі неабходна пасеяць да першага мая. 

Каб завяршыць увесь комплекс агратэхнічных работ у аптымальныя тэрміны, хлебаробы ААТ «Казловічы-Агра» загадзя падрыхтавалі энерганасычаныя трактары, пасяўныя агрэгаты. Аднак не толькі стан тэхнікі ўплывае на якасць сяўбы – многае залежыць і ад прафесіяналізму механізатараў. У гаспадарцы шчыруюць сапраўдныя майстры сваёй справы, і Андрэй Канстанцінавіч Казляк адзін з іх.

Для Андрэя Канстанцінавіча сёлетняя пасяўная ўжо сямнаццатая, сем апошніх гадоў працуе непасрэдна ў полі, раней быў інжынерам. Вопытны, спрактыкаваны механізатар справу сваю ведае на выдатна, тэхнікай валодае па-майстэрску і даглядае яе па-гаспадарску. За дзень  засявае па 40 – 50 гектараў.

– Сёлета складаная пасяўная кампанія: позняя вясна, палеткі нераўнамерна падсыхаюць. Але чакаць няма чаго, сеем выбарачна, – гаворыць Андрэй Канстанцінавіч. – Працуем з самага ранку і да позняга вечара. Двойчы ў дзень нас забяспечваюць гарачым харчаваннем.

Старанна працуюць на сяўбе яравых культур механізатары Андрэй Канстанцінавіч Казляк і Віктар Мікалаевіч Жабчыц, на ўнясенні арганічных угнаенняў – Фёдар Віктаравіч Шчарбачэня, Мікалай Міхайлавіч Філіпенка, Ігар Альбертавіч Раманенкаў, Міхаіл Сцяпанавіч Васілевіч,  на закрыцці вільгаці – Яўгеній Аляксандравіч Патапаў, Сяргей Аляксандравіч Белан, Дзмітрый Анатольевіч Муратаў, Сяргей Уладзіміравіч Карнееў, на ворыве глебы – Віктар Васільевіч Лагун, Аляксей Робертавіч Гаеўскі, на падкормцы азімых культур – Сяргей Міхайлавіч Кулявец, Барыс Віктаравіч Жук, Аляксандр Анатольевіч Грачак, Юрый Фёдаравіч Таболіч, Аляксандр Аляксандравіч Лятчэня і многія іншыя.

Таццяна Уладзіміраўна адзначае, што кожны работнік разумее, што цяпер у гаспадарцы самы адказны перыяд, і ад кожнага дня залежыць вынік усяго сельскагаспадарчага года.

Па стане на 18 красавіка збожжавыя і зернебабовыя культуры ў раёне пасеяны на плошчы 8 104 гектары (18%), з іх збожжавыя і зернебабовыя – на 6 499 гектарах (46%), аднагадовыя травы – на 169 гектарах (3%). Лідзіруюць на сяўбе СГФ ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат» (848 га), ААТ «Вясейскі Пакроў» (823 га), «Казловічы-Агра» (759 га), філіял «Падсобная сельская гаспадарка» ААТ «Слуцкі Аграсэрвіс» (739 га). Шэраг сельгасарганізацый распачалі сяўбу цукровых буракоў. Сёлета яны зоймуць 5 742 гектары, засеяна 11% неабходнай плошчы.

Закрыццё вільгаці праведзена на 20 236 гектарах (45%), ворыва глебы – на 4 844 гектарах (34%), да яравой сяўбы падрыхтавана 9 687 гектараў (22%). Пад сяўбу ўнесена ў глебу 407 403 тоны арганічных угнаенняў.

У гаспадарках раёна завяршылі першую падкормку азімых збожжавых і азімага рапсу, шматгадовыя травы падкормлены на 34% неабходных плошчаў, сенакосы і пашы – на 16%. Шэраг гаспадарак падсяваюць шматгадовыя травы, распачалі хімпраполку азімых культур.

Ірына КАВАЛЕНКА.
К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения