Пад ураджай наступнага года
14.09.2018
У сельгасарганізацыях раёна асноўныя намаганні зараз накіраваны на сяўбу азімых збожжавых культур, якія, як правіла, даюць большы ўраджай. Да позняга вечара шчыруюць на палетках аграрыі.
Добрыя тэмпы сяўбы ў ААТ «Вясейскі Пакроў». Галоўны аграном сельгасарганізацыі Яўгеній Анатольевіч Кургановіч адзначыў, што азімыя займаюць 2 399 гектараў, з іх 1 300 гектараў адведзена пад пшаніцу.
– Было б добра, каб дожджык трохі прайшоў. Нам яго так не хапае. Горача ды пыліць, – гаворыць Яўгеній Анатольевіч. – На сяўбе заняты два пасяўныя агрэгаты. Работы арганізаваны ў дзве змены ўвесь светлавы дзень. Тэхніка спраўна працуе, калі здараюцца паломкі, хутка іх устараняем. Рамонтнае звяно працуе. Па магчымасці рамантуем у полі.
Таксама ў ААТ «Вясейскі Пакроў» убіраюць кукурузу на сілас, завяршылі ўборку донніка на насенне. На падыходзе – кукуруза на зерне, цукровыя буракі.
У ліку тых, хто заняты на палявых работах, – інжынер гаспадаркі Уладзімір Адамавіч Корж (на здымку). Ён сее азімыя культуры.
– Я ўжо не першы сезон на сяўбе. Калі добра працуеш, то і зарплата адпаведная. Мне падабаецца, – дзеліцца Уладзімір.
Ён працаўладкаваўся ў гаспадарку пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта. Ужо адпрацаваў устаноўлены тэрмін і плануе працягваць прафесійную дзейнасць у сельгасарганізацыі.
– Галоўнае на сяўбе – акуратнасць, уважлівасць, неабходна ж добра пасеяць. Тэхніка ў нас з камп’ютарным кіраваннем. За дзень, у залежнасці ад поля, засяваю да 50 гектараў.
Хто ўмее працаваць, той умее і адпачываць. Вось і Уладзімір Корж знаходзіць час для наведвання канцэртаў, святаў.
Ірына КАВАЛЕНКА.
К списку записей раздела