Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Экономика / Сельское хозяйство

На Случчыне актыўна ідзе падрыхтоўка да вясенняй сяўбы

25.02.2022
На Случчыне актыўна ідзе падрыхтоўка да вясенняй сяўбы. Заканчваецца рамонт тэхнікі, у многіх сельгасарганізацыях завяршаюць падрыхтоўку насення яравых культур.

Асаблівую ўвагу насеннаму матэрыялу і яго падрыхтоўцы да сяўбы надаюць у сельгасарганізацыях, дзе вырошчваюць элітныя гатункі зерня збожжавых культур. На тэрыторыі нашага раёна гэтым займаюцца ў адкрытых акцыянерных таварыствах «Аграфірма «Лучнікі» і «Вітка-Агра».

Як наладжана работа і што ўжо зроблена ў гэтым кірунку, даведаліся ў «Вітка-Агра».


Галоўны аграном сельгасарганізацыі Аксана Кананенка.

Пасля ўборачнай кампаніі мінулага года адразу прыступілі да ачысткі зерня, спачатку азімых культур, а потым – і яравых, – расказвае галоўны аграном сельгасарганізацыі Аксана Кананенка. – Зараз усё зерне гатова да вясенняй сяўбы, засталося толькі пратруціць яго. 

Гэты працэс у нас адбываецца на аўтаматызаванай лініі. За дзень пратручваем да 25 – 30 тон зерня. Кіруе ходам работ вопытны механізатар Аляксей Шахрай, дапамагаюць паляводы.

Пасля пратручвання большасць насення эліты яравых збожжавых, а гэта 600 – 700 тон, плануем прадаць, пакінуўшы частку на сяўбу і як страховачны фонд.

Продаж насення элітных гатункаў – добры фінансавы складальнік для сельгасарганізацыі. Найбольшым попытам сярод яравых культур, па словах спецыялістаў, карыстаюцца пшаніца і ячмень, радзей – авёс. Усе гатункі ў сельгасарганізацыі айчыннай селекцыі, іх добра набываюць на Міншчыне, у краіне.


Зерне гароху пратруцiлi i падрыхтавалi да сяўбы.


А вось гарох вырошчваем не адзін год, – расказвае галоўны аграном, – аднак жаданай ураджайнасці для яго рэалізацыі доўгі час не было. У мінулым годзе атрымалі добры ўраджай ад гатунку замежнай селекцыі, частку гароху рэалізавалі. У гэтым годзе плануем прадаць яшчэ каля 60 тон.

Добры даход атрымліваем і ад продажу элітных гатункаў айчыннай селекцыі азімых – ячменю і пшаніцы, жыта і трыцікале.

Праўда, за такім поспехам стаіць немалая праца. Купляем гадавальнікі другога года размнажэння ў невялікай колькасці (часцей па дзве тоны), з разлікам на 10 гектараў кожны. Высяваем, атрымліваем суперэліту. На наступны год яе зноў высяваем і толькі потым атрымліваем элітнае зерне.

Вельмі многа значыць і надвор’е. Таму перад набыццём вывучаем характарыстыкі гатункаў (устойлівасць да палегласці, да засухі), падбіраем плошчы, назіраем за ростам і развіццём культур.


Аператар лiнii па ачыстцы зерня Аляксей Шахрай сочыць за ходам работ.


Штогод набываем хаця б па аднаму гадавальніку размнажэння на кожную культуру. У гэтым годзе таксама плануем набыць яравы ячмень, авёс і гарох.

Рыхтуемся да таго, што вясна можа быць ранняя. Набываем мінеральныя ўгнаенні, вывозім на палеткі арганіку. Усяго вясной трэба будзе засеяць больш за 2 800 гектараў. У першую чаргу – ячмень і авёс. Таксама цукровыя буракі, кукурузу. Дарэчы, яны добрыя папярэднікі для эліты збожжавых культур.

Азімыя перазімоўваюць пакуль што нядрэнна, снежнай цвілі няма, але наперадзе – сакавік… Таму трэба быць гатовымі да перасявання, калі давядзецца, некаторых плошчаў. У нас для такіх патрэб, – адзначае Аксана Леанідаўна, – ёсць магчымасць скарыстацца калі не элітай, то зернем першай рэпрадукцыі.

Наталля ГРАМЫКА.
К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения