Новости Слуцка и Слуцкого района
Главная / Экономика / Сельское хозяйство

Лепшы вынік у вобласці

26.08.2021
Аб атрыманым ураджаі і планах на будучы год расказала начальнік аддзела вытворчасці прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Слуцкага райвыканкама Марына ПРАКАПОВІЧ:

– Нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы надвор’я ў чэрвені – ліпені, сёлета атрыманы добры ўраджай збожжавых і зернебабовых культур. Валавы намалот зерня – больш за 149 тысяч тон (гэта першы паказчык ў вобласці і другі ў краіне) пры ўраджайнасці больш за 43 цэнтнеры з гектара.

Наш раён лідзіруе і па валавым намалоце насення рапсу (намалочана 29 900 тон) – лепшы вынік у краіне. Ураджайнасць культуры – на пяць цэнтнераў вышэй мінулагодняй, а намалот – «плюс» 4 000 тон да ўзроўню мінулага года. Прычым атрыманы вынік ніяк не звязаны з пашырэннем пасяўных плошчаў, мы працавалі толькі над павелічэннем ураджайнасці. Каля 60 працэнтаў плошчаў было засеяна імпартным насеннем. Але галоўнае – вытрымаць тэхналогію вырошчвання культуры.

Так, добры ўраджай рапсу атрыманы ў ААТ «Гольчыцкае» (49 ц/га), «Падлессе-2003» (43,2 ц/га), «Аграфірма «Лучнікі» (40,2 ц/га), у сельскагаспадарчым філіяле сыраробнага камбіната (больш за 40 ц/га), і нават на менш ураджайных землях, такіх як у «Вясейскім Пакрове», аргарыі здолелі атрымаць больш за 30 цэнтнераў з гектара – таксама добры вынік.
«Падлессе-2003» – лідар па ўраджайнасці збожжавых і зернебабовых культур – 68 цэнтнераў з гектара. Высокай ураджайнасці дасягнулі і ў сельскагаспадарчым філіяле сыраробнага камбіната, ААТ «Вітка-Агра», «Аграфірма «Лучнікі», у саўгасе «Рачкавічы» Беларускай чыгункі.

Добры вынік – больш 50 цэнтнераў з гектара, калі ўлічыць умовы надвор’я і нізкую балагектарнасць глебы, атрыманы і ў ААТ «Слуцкая Ніва», хоць  гэта крыху менш мінулагодняга.

Халодная вясна і засушлівае лета значна паўплывалі на ўраджайнасць збожжавых і зернебабовых культур у тых сельгасарганізацыях, дзе тарфянікі, пясчаная глеба. Аднак ужо той факт, што ўбрана ўсё ў тэрмін і без страт  – таксама добра.

Аграрыі Случчыны завяршаюць сяўбу азімага рапсу. Сёлета павялічылі пасяўныя плошчы пад гібрыды, якія даюць большы ўраджай. Сярод прыярытэтных задач – сортаабнаўленне.
У гэтым годзе плануем удвая павялічыць плошчы пад азімы ячмень (да трох тысяч гектараў). Гэта дасць магчымасць сельгасарганізацыям раней атрымаць першае збожжа як на корм жывёле, так і на рэалізацыю дзяржаве. Плошчы пад азімы ячмень павялічым за кошт змяншэння пасеваў яравога. Але карэнным чынам мяняць структуру пасяўных плошчаў не будзем.

У раёне ўбіраюць травы, лён і кукурузу на зялёны корм. У першую чаргу тыя ўчасткі, дзе не сфарміраваліся пачаткі па прычыне спякотнага надвор’я.
Хутка прыступім да ўборкі бульбы, проса і грэчкі.

Пасля невялікіх дажджоў яшчэ добра растуць цукровыя буракі, таму не выключана, што да іх  уборкі прыступім крыху пазней, чым летась.

Наталля ГРАМЫКА.

К списку записей раздела
Имя *
Заполните поле!!!
Текст комментария *
Заполните поле!!!
Введите код с картинки *
Заполните поле!!!
* - поля, обязательные для заполнения